Тут будзе горад-сад

На азеляненне Магілёва пойдзе 1,5 млн штук кветкавай расады

На азеляненне культурнай сталіцы Беларусі і СНД 2013 года пойдзе паўтара мільёна штук кветкавай расады.

Неабходнай колькасцю саджанцаў горад забяспечаць 2 цяплічныя гаспадаркі «Магілёўзелянбуда».

З канца красавіка супрацоўнікі арганізацыі пачнуць высаджваць аднагадовыя і шматгадовыя кветкі розных сартоў. Сярод іх — аксаміткі, петуніі, ільвіны зеў, агератум, вяргіні, бягоніі.

— Створаныя з жывых кветак палотны будуць радаваць жыхароў горада яркімі фарбамі да позняй восені, — кажа намеснік начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела КВУП «Магілёўзелянбуд» Святлана Банкузава. — Зараз распрацоўваюцца эскізы кампазіцый.

У Магілёве каля 150 тэматычна аформленых кветнікаў агульнай плошчай 2,76 га. Усе яны будуць адноўлены. Магіляўчане і госці горада зноў змогуць правяраць час па кветкавым гадзінніку на схіле каля кінатэатра «Кастрычнік» і любавацца сілуэтам Магілёва на схіле Архірэйскага вала Каніскага.

У горадзе з’явяцца і два новыя ўчасткі з кветкавымі палотнамі. Запланавана разбіць кветнікі на вуліцах Каралёва і Касманаўтаў. Апошнюю пляцоўку ўпрыгожаць выявы сцягоў Беларусі, Азербайджана, Арменіі, а на супрацьлеглым баку размесціцца надпіс «Магілёў — культурная сталіца».

— Сцягі гэтых дзяржаў выбраны не выпадкова, — тлумачыць Святлана Мікалаеўна. — На пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Ашхабадзе прынята рашэнне рэалізаваць праграму «Культурныя сталіцы Садружнасці» ў 2013 годзе ў Азербайджане, Арменіі і Беларусі, абвясціўшы гарады Габала, Гюмры і Магілёў культурнымі сталіцамі СНД.

Акрамя кветак, у абласным цэнтры пасадзяць 1200 саджанцаў дрэў вечназялёных і дэкаратыўна-ліставых парод.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter