Турыста запрашаюць у кіно

«Аура 50 фiльмаў»: незвычайны турыстычны маршрут распрацавалі ў Гродзенскай вобласці

У галоўнай ролі — Гродна. Для турыстаў ужо падрыхтаваны канцэптуальны маршрут па знакавых месцах, якія памятаюць не толькі старажылы горада. У розны час тут знялі каля 50 фільмаў. Некаторыя з іх сталі сапраўднымі бестселерамі. Ідэю стварэння памятных месцаў агучылі і падтрымалі ў Гродзенскім аблвыканкаме. Сёння на вуліцах горада адна за адной з'яўляюцца шыльды і стэнды. У бліжэйшых планах — устаноўка білбордаў, каваных артаб'ектаў і пано. Аб чым яны нагадаюць турыстам і гараджанам?

Першы стэнд з'явіўся насупраць Фарнага касцёла ў цэнтры Гродна

Мінулым летам у неіснуючай вёсцы Белыя Росы зносілі апошнія дамы. Яны нейкім цудам прастаялі яшчэ 34 гады пасля таго, як сюды прыйшлі кіношнікі здымаць свой знакаміты фільм аб паглынанні вёскі горадам. Атрымліваецца, што толькі ў гэтым годзе гісторыя, якую распавялi ў фільме, амаль аднолькава паўтарылася ў рэальнасці і на месцы прыватных домікаў усё ж такі пабудуюць шматкватэрны дом і гандлёвы цэнтр. Зусім хутка аб месцы здымак карціны будуць нагадваць толькі невялікі стэнд і калодзеж, каля якога дзед Фядос вучыў розуму Мішку Кісяля.

На вулачках старога Гродна да гэтага часу жыве дух даўніны, таму нядзіўна, што рэжысёры з задавальненнем выкарыстоўваюць натуральны антураж для стварэння кінаработ. Сярод вядомых фільмаў савецкія кінастужкі: «Я родам з дзяцінства» з Уладзімірам Высоцкім, «Мяне клічуць Арлекіна», германска-беларускі фільм «Бабін Яр», серыял «Смерш», «Дняпроўскі рубеж». Усяго плануецца ўвекавечыць 15 фільмаў, эпізоды якіх здымаліся ў розныя гады.

Адміністрацыйны будынак на кароткі час ператварыўся ў школу

Першы стэнд-пюпітр з фільмам «Смерш» з’явіўся на Савецкай насупраць знакамітага Фарнага касцёла. Тут можна ўбачыць кадры з фільмаў з анатацыяй да сюжэта на рускай, беларускай і англійскай мовах.

Адзін са стэндаў-плакатаў можна ўбачыць на скрыжаванні вуліц Ажэшка і Савецкай. Міма гэтага месца немагчыма прайсці. Каля скульптуры купідона са стралой прызначаюць спатканнi і адкаркоўваюць шампанскае маладыя. Дарэчы, з надыходам халадоў хтосьці апрануў бронзавае немаўля ў ярка-жоўты шалік. У акне банка можна разгледзець кадры з серыяла «Сляды апосталаў». Фільм здымаўся не так даўно. Многія гараджане прымалі ўдзел у масоўках.

На самай кінематаграфічная вуліцы - Урыцкага - знялі ўрыўкі амаль для 20 кінастужак
Фота БелТА

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Клімовіч дзеліцца далейшымі планамі:

– Пастараемся стварыць такую аўру, каб мясцовыя жыхары і іншаземцы разумелі, што знаходзяцца ў горадзе, у якім здымалі кіно. Нядаўна зноў прайшліся па горадзе са спецыялістамі, каб кропкава вызначыць месцы, якія ўвойдуць у турыстычны маршрут. Трымаючы ў руках спіс фільмаў і фота, зрабіць гэта аказалася нескладана. Усю працу плануем завяршыць да пачатку Фестывалю нацыянальных культур. Напрыклад, у раёне вуліцы Вялікая Траецкая будзе ўстаноўлена тэматычная лаўка з фотазонай. Горадабудаўнічая частка дазваляе гэта зрабіць. На вуліцы Тэльмана здымалі кадры для некалькіх фільмаў. Тут усталююць вялікі вертыкальны стэнд. На самай кінематаграфічнай вуліцы Урыцкага на сцяне аднаго з гісторыка-культурных будынкаў з’явіцца вялікі білборд. У цэнтры Савецкай вокны цырульні «Ландыш» аздобяць вялікімi малюнкамі з прычоскамі розных часоў, зробленымi спецыяльна для кіно.

Такую тэхніку можна было ўбачыць на вуліцах горада

Каля чыгуначнага вакзала ў Гродне можа з’явіцца скульптура па матывах фільма «Міколка-паравоз». Гэты фільм стаў пачаткам кінематаграфічнай кар’еры Гродна. Кінастужка захавала стары будынак чыгуначнага вакзала і знакаміты паваротны круг. Стары корпус універсітэта сыграў ролю гімназіі, а каля фантана ішлі баі. На вуліцы Тэлеграфнай, дзе зараз кафэ, падчас здымак фільма «Гандлярка і паэт» была збудавана шыбеніца, на якой па сюжэце пакаралі смерцю партызан. На Кастрычніцкай вуліцы стаяў драўляны двухпавярховы дом з кватэрай, дзе жыла сям’я гераіні Ніны Ургант з фільма «Я родам з дзяцінства» і куды вярнуўся герой Уладзіміра Высоцкага. Там жа на лесвіцы ён спяваў пад гітару. Пазней на гэтым месцы з’явіўся знакаміты рэстаран «Зубр», а цяпер знаходзіцца корпус універсітэта.

У мінулым годзе насупраць Маладзёжнага цэнтра горада з’явілася Алея кіно. Тады пачатак алеі, прысвечанай кінематаграфічнай кар’еры Гродна, паклалі дзве пліты. На адной з іх увекавечаны знакаміты папулярны фільм «Белыя Росы». Пліты для Алеі кіно выраблены на Гродзенскім каменеапрацоўчым заводзе. Пакуль тут прадстаўлены назвы шасці фільмаў. У найбліжэйшай будучыні іх будзе дванаццаць.

tanula.k@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?