Турыст любіць вачыма

Як ідзе праца над стварэннем брэнда краiны

Рашэнне, ці варта адпраўляцца ў падарожжа ў тую ці іншую краіну, ці трэба наогул разглядаць такі варыянт, узнікае за пару секунд. За гэты час у галаве ўсплываюць асацыяцыі, звязаныя з тым ці іншым імем, і яны шмат у чым вызначаюць выбар турыста. Каб узмацніць успрыманне, многія краіны «падкладаюць» гасцям гатовыя наборы вобразаў у выглядзе турыстычнага брэнда. Такога ў нас пакуль няма. Але вось-вось павінен з'явіцца. Раней у Мінiстэрстве спорту і турызму паабяцалі: да канца года на суд грамадскасці вынесуць варыянты брэнда краіны. Ці будуць яны падобныя на ўжо вядомыя публіцы праекты, даведвалася карэспандэнт «Р».

На гэтым варыянце акцэнтавалi ўвагу эксперты на мiжнароднай канферэнцыi па брэндынгу тэрыторый

Парада збоку

Нагадаем, летам на міжнароднай канферэнцыі па брэндынгу тэрыторый былі прэзентаваныя тры варыянты брэнда краіны. Іх распрацоўкай займаліся спецыялісты, занятыя ў праграме «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі», фінансаванне для якой выдзелiў Еўрасаюз. Што яны прапанавалі? Па-першае, рэдызайн старога лагатыпа, дзе васілёк замянілі на папараць-кветку, пашытую са шматкоў. Асноўны колер, чырвоны, павінен падкрэсліваць дынамічнае развіццё. Прапанаваны слоган — «Натхненне ціхамірнасцю». Ручнікі і слуцкія паясы натхнілі на другі варыянт. Там назву краіны стылізавалi пад нацыянальны арнамент белым шрыфтам на чырвоным фоне. Штрых — зялёная кропка ў правым верхнім рагу. Слоган такi ж самы.

Нацыянальны арнамент узялі і ў трэці варыянт, дадалі сімвалы людзей, флоры і фаўны. Асноўныя колеры ўсё тыя ж. Хіба што зялёная кропка стаiць пасля назвы краіны. А слоган гучыць як «Абуджэнне, натхненне». Па просьбе генсакратара Сусветнай турысцкай арганізацыі Талеба Рыфаi трэці чарнавік дапрацавалі, узбуйнілi слоган і замянілi яго на Bella. Прыгожая — так ахарактарызаваў Рыфаi нашу краіну, параіўшы акцэнтаваць на гэтым увагу: ўжо ў самой назве закладзена падказка. Генсек зрабiў такую заўвагу:

— На дадзеным этапе для Беларусі больш прыярытэтна ўкладваць сродкі ў стварэнне і прасоўванне брэнда. У краіны ёсць рэсурсы, каб прымаць у 2—4 разы больш гасцей.

Брэнд i мадэлi

Прапанаваныя варыянты ў Дэпартаменце па турызме Мінiстэрства спорту і турызму называюць вельмі моцнымі работамi. Але падкрэсліваюць: гэта толькі «пробнікі». Не факт, што нешта з iх стане выніковым. У ідэале хацелася б адысці ад адсылкі да Русі. Таму што ў многіх замежнікаў адразу ж узнікае асацыяцыя з Расіяй. Ды і не хацелася б рабіць завочную рэкламу суседзям. Каб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць час, да стварэння брэнда вырашылі падысці сістэмна і нават падрыхтавалі стратэгію. Абапірацца яна будзе на два дакументы. Адзін з іх — канцэпцыя стварэння другога імя краіны, дзе прапісана, ад чаго і да чаго павінны прыйсці аўтары. Другі дакумент — міжведамасны план па распрацоўцы турбрэнда, дзе прапісаны канкрэтныя крокі на шляху да мэты.

Па сутнасці, пажаданні і пункты гледжання, якія гучалі раней, акумулявалі, дашліфавалi і сабралі разам. Насiць яны будуць рэкамендацыйны характар, але заслугоўваюць увагі, настойваюць у дэпартаменце. Для гэтага трэба вызначыцца, якімі асноўнымі адметнымі характарыстыкамі наша краіна валодае, каб выкарыстаць іх у далейшым для фарміравання пазнавальнасці. Пры гэтым рысы павінны быць адназначнымі, адсылаць менавіта да нашых рэалій. І ўніверсальнымі, каб іх маглі ўспрымаць і блізкія па духу расiяне, i неардынарныя азіяты, i бывалыя грамадзяне Еўрасаюза. Тая яшчэ задачка, не скрывае намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Віталь Грыцэвіч:

— Брэнд павінен адлюстроўваць пэўныя мадэлі: нашу спадчыну, прыроду, менталітэт. Хацелася б, каб гэта знайшло адлюстраванне, за гэта трэба «чапляцца».

Са 195 краін свету амаль 150 маюць уласны турыстычны брэнд

Калi будзем галасаваць

У Нацагенцтве па турызме распавялі, што міжведамасны план уключае некалькі этапаў. Па-першае, гаворка ідзе аб распрацоўцы анкет, з дапамогай якіх спецыялісты вызначаць моцныя бакі краіны, на думку іншаземцаў і нашых грамадзян, «звядуць» іх. Сюды ж адносіцца падрыхтоўка конкурсу па стварэнні брэнда, пошук партнёраў. Далей прамежкавыя вынікі абмяркуюць на пасяджэннях рабочай групы. Затым на падставе выпрацаваных крытэрыяў плануецца аб'явіць конкурс, адабраць заяўкі, вынесці іх на галасаванне. Але канчатковае рашэнне застанецца за экспертамі. Праўда, меркаванне грамадскасці без увагі не застанецца. Верагодна, сістэма заліку будзе падобная на знаёмую нам па «Еўрабачанні». У любым выпадку актуальнае пытанне цяпер у іншым: якія шанцы прадставіць публіцы выніковыя варыянты да новага года? Бо яшчэ нават не абвешчаны конкурс...


ДАРЭЧЫ

Маштабы і разнастайнасць Расіі было вырашана адлюстраваць праз геаметрычныя фігуры. Распрацоўку ўнікальнага турбрэнда суседзі вялі на працягу двух гадоў. Гэты праект праходзіў на конкурснай аснове. 480 лагатыпаў і 600 слоганаў былі выстаўленыя на народнае галасаванне, пасля якога эксперты склалі канчатковы шорт-ліст з дзясятка работ. Наступны этап галасавання (перадапошні) таксама быў народным. Задача была простай — азнаёміцца з кожнай з канцэпцый, выбраных экспертамі, і прагаласаваць за тую, якая найлепшым чынам раскрывае ўнікальныя рысы Расiі як прывабнага кірунку для адпачынку і падарожжаў. Канцэпцыя-пераможца фінальнага народнага галасавання геаметрычная, складаецца з рознага роду фігур, у кожнай з якіх ёсць аналаг на карце краіны. Напрыклад, адна прамая — гэта Уральскія горы, другая, гарызантальная, — Транссібірская магістраль, паўкола — Камчатка, кропкі — Байкал і Калінінград. Далей гэтая канцэпцыя адправіцца на зацвярджэнне намесніку старшыні ўрада Расіi па пытаннях спорту, турызму і маладзёжнай палітыкі Віталю Мутко.


Аўтары апісваюць сваю канцэпцыю наступным чынам: сімвал прадукту — гэта карта Расіі з вядомымі рысамі канструктывізму і супрэматызму, сучасная візітная картка краіны ў свеце візуальнай эстэтыкі. А элементы, з якіх сабрана карта, азначаюць знакавыя кропкі і рэгіёны, перадаючы іх характар проста і даступна. «Расiя — гэта цэлы свет» — так гучыць слоган.

druk@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?