Старажытны Тураў пачаў прыадчыняць свае таямніцы

Тураў — калыска дзяржаўнасці

Адносна нядаўна гэты старажытны горад пачаў прыадчыняць свае таямніцы


Тураў і Полацк. Няма ім роўных сярод беларускіх гарадоў па ўкладзе ў гісторыю Беларусі. Аднак, калі месца Полацка ў гістарычнай навуцы і грамадскай свядомасці дакладна замацавана, а ў самім горадзе захаваліся і адноўлены ў адзіным комплексе ўнікальныя гістарычныя будынкі і збудаванні, то Тураву пашанцавала менш. Яго гістарычны лёс склаўся так, што пачынаючы з XIII стагоддзя, калі Кіеў­скую Русь напаткала вялікая бяда ў выглядзе княжацкай між­усобіцы, ён перастаў адыгрываць істотную ролю і з часам пераўтварыўся ў пазаштатнае мястэчка Вялікага Княства Літоўскага. Забыццю паспрыялі і ўмовы Палесся. Вільгаць і кісларод, пранікаючы скрозь пясчаныя глебы, знішчылі мноства бясцэнных сведчанняў былой гістарычнай ролі Турава. Мне памятаецца даўняя, сярэдзіны 90-х гадоў, сустрэча з гарадком, які налічваў усяго толькі 4-5 тысяч жыхароў. Мноства аднапавярховых вясковых хат з пацямнелага ад часу бярвення на некалькіх нядобраўпарадкаваных вуліцах, што збягаліся да адзінай плошчы. А крыху далей па цячэнні мнагаводнай Прыпяці — велічны рукатворны узгорак, дзе, паводле падання, стаяў некалі праваслаўны кафедральны сабор.



Тое, што тут літаральна ходзіш па гісторыі, даўно было зразумела многім. І я тады, прайшоўшыся па нечых агародах, з ходу знайшоў некалькі цёмна-шэрых кавалачкаў керамікі з мінулага. А пад нагамі, паведамілі спецыялісты, яшчэ тры метры культурнага пласта, і хто ведае, якія артэфакты ён захоўвае. Але толькі адносна нядаўна старажытны Тураў пачаў прыадкрываць свае таямніцы. Вядомы археолаг, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, доктар гістарычных навук Пётр Лысенка ў выніку шматгадовай работы выявіў тое, што і паставіла Тураў у адзін рад са старажытнымі Полацкам, Кіевам, Чарнігавам.

Буйнейшай знаходкай на вяршыні ўзгорка ля берагоў Прыпяці, там, дзе нядаўна пасвіліся гусі і жывёла мясцовых жыхароў, стаў падмурак згаданага праваслаўнага сабора. Па форме падмурка бачна: будынак быў падобны да Кіеў­скай і Полацкай Сафіі, што гаворыць пра непарыўную повязь Турава з гісторыяй старажытнаславянскай дзяржавы. Сабор залажылі ў 50-70-х гадах XII стагоддзя па блаславенні слыннага праваслаўнага багаслова і першага беларускага пісьменніка епіскапа Кірылы Тураўскага, якога за дзіўнае красамоўства параўноўваюць з Іаанам Залатавустам. 69 яго арыгінальных казанняў ды іншых рукапісных работ вядомыя гісторыкам. Яны сведчаць не толькі аб прамоўніцкім таленце, але і пра палітычную вагу гэтага дзеяча мінулага.



Трэба аддаць належнае нашым сучаснікам, якія па заслугах ацанілі не толькі гістарычную, але і вялікую грамадскую значнасць знаходкі. Тагачасны старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон, да якога па падтрымку звярнуўся Пётр Лысенка, вылучыў неабходныя рэсурсы для будаўніцтва саркафага са шкла і анадзіраванага алюмінію, які ўкрыў ад разбурэння пад уздзеяннем снегу, дажджу, іншых знешніх фактараў падмурак старажытнага сабора. Работа ішла хутка. Пакуль у адным месцы археолагі агалялі ад напластаванняў глебы рэшткі культавага будынка, у іншым куце будаўнікі майстравалі музей-укрыццё. І праз некалькі месяцаў ён быў гатовы. Важкае слова сказала і Праваслаўная Царква. У Тураве ўзве­дзены і 11 мая 2013 года асвечаны новы Кафедральны сабор. Там кожны год праводзіцца боская літургія ў памяць пра Кірылу Тураўскага.

Пакланіцца святыні, гледзячы з вышыні памоста і амаль дзесяці стагоддзяў на старажытны мур з бутавага каменю і цэглы, прыязджаюць тысячы вернікаў. Месца сапраўды намоленае. Адным па гэтай прычыне тут дыхаецца лёгка, свежа. Другім, наадварот, цяжка. Некаторыя пад уражаннем убачанага нават трацілі прытом­насць. Магчыма, таму, што лёс у сабора трагічны. Дзейнічаў ён нядоўга, паколькі быў разбураны ў выніку землятрусу, які здарыўся ў Карпатах у 1230 годзе. Ацалелую цэглу мясцовыя жыхары разабралі на гаспадарчыя патрэбы. Але некалькі пахаванняў ва ўнікальных саркафагах з шыфернага сланцу — нічога падобнага ў Беларусі больш не знойдзена — захаваліся і былі адкапаны ўжо ў наш час.


Археолаг, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, доктар гістарычных навук Пётр Лысенка

Гэтыя пахаванні таксама далі бясцэнны матэрыял для даследаванняў. У прытворы знайшлі рэшткі дзіцяці. Хутчэй за ўсё, гэта быў малалетні княжыч. А непасрэдна за сцяной храма знайшлося пахаванне маладой жанчыны. Яе чэрап добра захаваўся, і мастак Леанід Яшэнка вылепіў па ім партрэт старажытнай тураўчанкі. Яго гіпсавая копія ўпрыгожвае сёння кабінет Пятра Лысенкі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Прывабныя рысы твару — амаль як у нашых сучасніц. Хутчэй за ўсё, гэта была любімая наложніца князя, лічыць навуковец.

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў Пётр Лысенка мэтанакіравана даследуе Тураў і Тураўшчыну. Навуцы і грамадству з мінулага вернута мноства цікавых фактаў. Тут, на поўдні цяперашняй Беларусі, жыло племя дрыгавічоў. Княства ў Тураве сфарміравалася ў канцы X стагоддзя, калі вялікі кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч падзяліў сваё вялікае княства паміж сынамі і выдзеліў Тураў трэцяму сыну Святаполку. З тых часоў Тураўскае княства абавязкова адыгрывала важную ролю ў Кіеўскай Русі. Дастаткова сказаць, што ў XI стагоддзі з шасці вялікіх кіеўскіх князёў трое былі прадстаўнікамі тураўскай дынастыі. Зусім не проста будаваліся тыя дынастычныя адносіны. У барацьбе за княжацкі пасад хітры Уладзімір Манамах пусціўся на інтрыгі, каб насуперак звычаям пасадзіць у Тураве свайго сына. І было за што змагацца. У часы росквіту Тураўскае княства распасціралася ад Прыпяці да сучаснага Мінска, ад Дняпра да земляў за Заходнім Бугам, якія належаць сёння Польшчы.


Гістарычна-археалагічны комплекс “Старажытны Тураў”. Раскопкі

А галоўная выснова навукоўца такая: на тэрыторыі сучаснай Беларусі нараўне з Полацкам існаваў яшчэ адзін магутны цэнтр фарміравання беларускай дзяржаўнасці — Тураўскае княства. Гэта значна пашырае ўяўленні аб узнікненні старажытнарускай дзяржавы. У гэтым святле па-новаму бачыцца і мінулае сучаснай Беларусі. З’явіўся яшчэ адзін важкі аргумент на карысць яе палітычнай, культурнай, этнічнай, тэрытарыяльнай самадастатковасці ў варунках другой паловы новай эры.

Аднак сам старажытны Тураў, можна сказаць, толькі цяпер пачынае аднаўляць сваю гістарычную веліч. На сучасным, зразумела, узроўні. У знакавым месцы горада з’явіўся манументальны помнік Кірылу Тураўскаму работы мастака Міхаіла Інькова. На думку многіх, ён найбольш адпавядае магчымаму вобразу свяціцеля са знойдзенай Пятром Лысенкам пры раскопках свінцовай пласцінкі. Праваслаўную традыцыю прадаўжае велічны сабор, збудаваны ў цэнтры Турава.


Археалагічны комплекс “Старажытны Тураў”. Шыферны саркафаг


А галоўнае, напэўна, у тым, што мясцовыя жыхары праз стагоддзі пранеслі тое асаблівае, што іх адрознівае. Цёплае пачуццё ў душы засталося ад зносінаў з дырэктарам Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Аленай Паклонскай, карэннай тураўчанкай. У жэстах, гаворцы адчуваліся рысы княжычаў, гарадскіх людзей, часам ганарлівых, часам крыўдлівых, калі іх параўноўвалі з палешукамі з навакольных вёсак. Адрозненні былі ў побыце, вопратцы. Тураўчане аддавалі перавагу строгаму аднатоннаму адзенню ў адрозненне ад навакольных сялян, якія насілі яркія вышываныя фартухі, кофты і спадніцы. Своеасаблівая і тураўская гаворка, слоўнік якой вялікі, на некалькі тамоў.

Сённяшняя тураўская інтэлігенцыя ўсяляк імкнецца захаваць і перадаць моладзі духоўную спадчыну продкаў. Гатовы да выдання слоўнік тураўскай гаворкі. Тураўскае навукова-асветніцкае таварыства, дзе старшынствуе Пётр Лысенка, выдала больш за 20 альманахаў і кніг, прысвечаных гісторыі роднага крю і яго людзям. Выхаванцы Цэнтра дзіцячай творчасці ўвасабляюць мясцовы каларыт у ляльках-абярэгах з тканіны, гліняных фігурках, вывучаюць гісторыю мясцовага княжацкага воінства.


А сам гарадок з надзеяй глядзіць у будучыню. Мясцовы малочны камбінат сваімі сырамі вядомы далёка за межамі Беларусі. Плануецца будаўніцтва яго другой чаргі, што падвоіць выпуск запатрабаванай прадукцыі. Развіваецца турыстычная галіна, якая таксама мае свой каларыт. Агледзеўшы гістарычныя славутасці і дзіўны каменны крыж, які расце з зямлі, можна з камфортам уладкавацца ў плывучай гасцініцы на Прыпяці — такіх у Беларусі больш няма, палавіць рыбку прама з парога. Прыемна змянілася і аблічча самога горада — з’явіліся сучасныя катэджы, цэнтр апрануўся ў тратуарную плітку, з’явіўся гранітны помнік са словамі пра Тураў з летапісу. Горад быццам імкнецца вярнуць сабе годнае месца ў гісторыі, нагадваючы пра моц і сілу старажытнага княства.


Цікавыя факты


Горад Тураў вядомы як радзіма старажытнарускага тэолага і філосафа Кірылы Тураўскага (1130-1182), таксама тут жылі святыя Марцін і Лаўрэнцій Тураўскія. У XII стагоддзі ў Тураўскім княстве дзейнічала 2 манастыры і 85 цэркваў.

Уладзімір Якаўлеў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter