Фоторепортаж “Р”: як звычайны аўтамабіль ператвараецца ў машыну хуткай дапамогі

Цюнінг у белых халатах

Гэта не жарты, але… Сустрэліся ля маршруткі. А дакладней, ля аўто Citroёn Jumper, якое рыхтуюць да пасажырскіх перавозак. Дзмітрый Шагойка, дырэктар ЗАТ «Трансформавто Плюс», паказвае, што робіцца ў цэху тэхнічнага абслугоўвання і рамонту машын на вуліцы Свярдлова, 23:
Дзмітрый ШАГОЙКА: «Машыны для «хуткіх»  заказваюць у дылераў менавіта такой камплектацыі і колеру»

— Мы займаемся вытворчасцю спецаўтамабіляў рознага прызначэння. Гэта перасоўныя майстэрні для суправаджэння спартсменаў-веласіпедыстаў, перасоўныя лабараторыі для газавых службаў, мікрааўтобусы для маршрутных перавозак, турыстычныя мікрааўтобусы, аўто хуткай медыцынскай дапамогі. Усе аўтамабілі маюць сертыфікат ўласнай вытворчасці БелГПП. 


За мінулы год тут зрабілі ўжо больш за 40 «хуткіх», сучасных рэанімабіляў, якія раз'ехаліся на службу ў розныя рэгіёны краіны. Як адбываецца працэс трансфармацыі, вось-вось пакажуць слесары механазборачных работ, электрыкі і майстры-ўніверсалы Віталь Кандрацюк, Аляксей Якімовіч і Павел Кісялёў.

Уцяпляецца салон, пракладваецца электраправодка, абшываецца кузаў, усталёўваецца і падключаецца электраабсталяванне... Што тут толькі не робяць са спецаўтамабілямі на базе Peugeot і Сitroёn.

Белы-белы… снег? Не, гэты транспарт. Так можна сказаць пра новае аўто Peugeot Boxer, якое прыбыла да нас з сонечнай Італіі. Куды, калі будзе гатова, адправіцца потым? У Гродна!

— А да гэтага ўсё адбываецца так: аўтамабіль перш за ўсё паступае на мыйку, дзе з яго выдаляюць усё ахоўныя элементы, якія прадухіляюць пашкоджанні аўтамабіля пры перавозцы, і мыюць спецыяльнымі растворамі, — паказвае на аўто, у якім трэба яшчэ шмат зрабіць для таго, каб яно стала «хуткай», Дзмітрый Шагойка. — Затым праходзіць праверка транспарту ад А да Я.

Гэта самы шырокі салон у аўтамабілях такога класа — 1,87 метра. Яго даўжыня — 3,12 метра

Як толькі машына аказваецца ў гэтым цэху, бяруцца за яе начынку. Прычым усё абсталёўваецца так, як хацелі б медыкі, як ім зручна. Пракладваюцца правады, уцяпляецца салон, устанаўліваецца і падключаецца электраабсталяванне, абшываецца кузаў... Спраў хапае да таго, як машына атрымае свой «белы халат».

— Унутры ўсё абшываецца матэрыяламі, якія лёгка можна падвяргаць дэзінфекцыі і санапрацоўцы, — тлумачыць Дзмітрый. — У выніку медыцынскі адсек павінен стаць суцэльнай капсулай белага колеру.

Летась на ўсю краіну было закуплена 146 адзінак спецтэхнікі для медыкаў. У гэтым годзе плануецца набыць 125 машын.

І толькі пасля можна прыступаць да мантажу абсталявання для ўрачоў і пацыентаў. Паставяць платформы для пагрузкі-выгрузкі калясак-каталак і многае іншае. Мэблю, якую заказалі загадзя пад патрэбныя памеры, установяць пасля. Усё? Не. Машыне трэба будзе прайсці сертыфікацыю на палігоне для выпрабаванняў. А пакуль... Пыл, іскры ад балгаркі, грукат!

— Для «хуткіх», машын класа B, мы звычайна заказваем аўтамабілі з аднымі ссоўваемымі дзвярыма, а тут, глядзіце, іх двое, — звяртае маю ўвагу на тое, што салон магу бачыць наскрозь, Дзмітрый. — Але гэта пакуль так. Унутры салона, за месцам вадзіцеля, зробім тэхналагічны адсек, які будзе ізаляваны ад медсалона, а доступ у яго будзе толькі праз ссоўныя дзверы. Тут будуць стаяць кіслародныя балоны, дадатковы акумулятар, крыніца напружання 220 В і іншае.

Але цяпер мяне цікавіць іншае: як звонку робяць «баявую афарбоўку»? Не, сёння не фарбуюць. Зверху кузава клеіцца спецыяльная плёнка чырвонага і белага колеру.

Слесар механазборачных работ Аляксей ЯКІМОВІЧ робіць усё акуратна. Важна, каб такая машына працавала дакладна і роўна, як гадзіннік. Шмат што тут залежыць ад майстроў

— Часам едзеш па Мінску, бачыш «хуткую», якую сваімі рукамі рабіў, думаеш: «О, гэта мая!» Праўда, у ролі пацыента з ёй сустракацца не хочацца, — смяецца Віталь Кандрацюк, усталёўваючы печку. — Галоўнае, што ўрачам і вадзіцелям спецмашыны заўсёды падабаюцца. Першыя іх словы заўсёды, калі тэхніку ім аддаюць: «Выдатна!»

Каб не адцягваць ад працы майстроў, Дзмітрый паказвае, што яшчэ цяпер у цэху робяць. Вось, зірніце, рыхтуюць машыну для службы газу. Толькі яна выканана не ў звыклым жоўтым колеры, а чагосьці сіняя… Гэта будучая перасоўная лабараторыя для неразбуральнага кантролю зварных швоў і злучэнняў. Яна будзе ўкамплектоўвацца спецыфічным абсталяваннем, таму тут вялікі грузавы адсек «аздоблены» свінцом. 

…«Уіў, уіў, уіў!» — перабівае размову сірэна. Што такое? Гэта майстры ўсталёўваюць і правяраюць працу сігнальна-гукавой устаноўкі для спецтэхнікі. Яшчэ пару дзён, і ў добры шлях, «хуткая»! 

alinakasel@gmail.com 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter