У латышскім горадзе Дагда прайшоў міжнародны фестываль беларускай песні і танца “ФЭСТ”

Цёплыя словы за добрае свята

Прыгожае свята арганізавала Беларускае таварыства “Вербіца”, якім кіруе Таццяна Гогалінская, пры падтрымцы думы Дагдскага краю. Свята і пачалося з канцэрта ля будынка думы: песні звінелі ў цэнтры горада. А другі канцэрт быў на тэрыторыі сацыяльнага цэнтра. Там выступілі ўсе гурты, што сабраліся на фэст. Цёпла іх сустракалі людзі з абмежаванымі магчымасцямі, ветэраны, працаўнікі цэнтра.  

500.jpg
Павел Прозар з Даўгаўпілса

Пасля перапынку фестывальнае шэсце рушыла ад Народнага дома ў гарадскі парк. Там сустракалі ўсіх з  хлебам-соллю. Адкрывалі свята на паркавай эстрадзе старшыня Дагдскай думы С. Вішкурэ, консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Юрый Давыдоўскі, старшыня Беларускага таварыства “Прамень” з Рыгі  Алёна Лазарава. Песняю “Гэта Беларусь мая” пачала канцэрт Ларыса Тукіш, салістка і кіраўніца мясцовага гурта “Вярба”. Потым далучыўся і ансамбль: гучалі песні на словы Станіслава Валодзькі. Ларыса яшчэ вельмі кранальна спявала песню “Рушнік”.

Далей у канцэрце з’явіўся... добры хлопец Янка. Вядучая Е. Пабяржына нагадала: у Латвіі 23-24 чэрвеня святкавалі Ліга, з кастрамі, вянкамі. А беларусы Латвіі святкуюць сваё свята — Купалле. Вось і Янка з Купалінкаю збіраліся пайсці шукаць сваё шчасце, папараць-кветку. Ды хлопец пакуль не можа знайсці сваю каханую. Маці дае сыну чароўную стралу: можа яна даляціць да прыгажуні? Страла трапіла спачатку ў Рэзэкне, потым — у Прэйлі, а яшчэ — у Даўгаўпілс... І штораз песнямі адгукаліся гурты беларускіх таварыстваў з тых месцаў! Песні, здавалася, ляцяць над усім Дагдскім краем. Апладысментамі ўзнагароджвалі гледачы і салістаў Паўла Прозара (Даўгаўпілс), Людмілу Сінкевіч (Рыга), Ларысу Тукіш (Дагда). Эх, многа было прыгожых дзяўчат, ды сумуе Янка: няма яго любай... А страла даляцела аж да Рыгі, у гурт “Надзея”. Прыгожыя, галасістыя спявачкі, а не кранулі хлапечае сэрца. Шукае далей. Суседзі са Сварыней хацелі развесяліць сваімі танцамі і музыкай — дзе там... Упрыгожыла канцэрт яшчэ дагдзінская група “Oluteni”, якой кіруе  Інта Вілюма: гучалі і латгальская, і беларуская народныя песні.

Ларыса Тукіш з Дагды

Прыехалі на фэст і прыгожа спявалі беларусы з Эстоніі (г. Маарду, Беларускае таварыства “Ялінка”) — гэта ансамбль “Купава”, ім кіруе Алёна Калягіна. Цёпла сустрэў фэст і артыстаў з Браслаўскага раёна: народны фальклорны гурт “Вярба”, якім кіруе С. Гламбоцкі, сабраў таленты ў Дрысвяцкім Доме культуры. “Хлеба, солі, шчасця, долі і ўсяго даволі!” — віталі публіку госці з Беларусі. А што ж Янка? Толькі як заспяваў ансамбль “Аколіца”, якім кіруе Т. Старавойтава, убачыў ён сваю адзіную ды моцна абняў: каб навечна з’ядналіся два сэрцы. Так што не трэба, хлопцы і дзяўчаты, шукаць шчасця далёка: яно заўжды побач ідзе, трэба толькі ўмець убачыць... Тым, пад прыгожую музыку, і завяршаўся наш фэст. Усе гурты выйшлі на сцэну, і паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька шчыра дзякаваў гаспадарам за прыгожы, добра арганізаваны фэст. Потым старшыня думы С. Вішкурэ дзякавала ўдзельнікам, уручала граматы. Цёплыя словы гучалі і ў адрас Таццяны Гогалінскай — яна ж і падала ідэю фэсту, і вельмі шмат зрабіла, каб ён адбыўся.

На заканчэнне мы разам спявалі вядомую ўсім беларусам песню “Гуляць, дык гуляць!” — і толькі як заканчвалі ўжо, то пачалі падаць з неба кроплі дажджу: нібы чакалі, каб не сапсаваць нашае свята!

Зофія Іоніна, член таварыства “Вербіца”, Дагдскі край, Латвія
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter