Цёплыя камяні памяці

За ваколіцай вёскі Старое Пашкава Магілёўскага раёна ля дарогі ляжыць вялізны жоран, пакінуты за непатрэбнасцю. А вось два іншыя “вартуюць памяць”: мясцовы жыхар Пётр Пятроўскі пабудаваў з іх помнік хутару свайго дзеда, Цімафея Іосіфавіча.Да пачатку калектывізацыі многія жыхары вёсак Старое і Новае Пашкава, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, былі хутаранцамі. Пашкаўскія школьнікі, збіраючы звесткі для стварэння летапісу Бацькаўшчыны, запісалі, у прыватнасці, успаміны Надзеі Гайшун. Надзея Гаўрылаўна, якая нарадзілася ў 1906 годзе, распавяла, што ўладальнікам аднаго з першых хутароў быў яе дзядуля Мітрафан Ухналёў, які пераехаў са Шклоўшчыны. Дзед купіў у памешчыка 28 дзесяцін лесу і падзяліў іх на двух сыноў. Аказваецца, могілкі вёскі Пашкава — на паласе зямлі дзеда Мітрафана, бо завяшчаў ён пахаваць яго на ўласным надзеле. Потым там сталі хаваць і іншых.
Пётр Пятроўскі ведае свой радаводЗа ваколіцай вёскі Старое Пашкава Магілёўскага раёна ля дарогі ляжыць вялізны жоран, пакінуты за непатрэбнасцю. А вось два іншыя “вартуюць памяць”: мясцовы жыхар Пётр Пятроўскі пабудаваў з іх помнік хутару свайго дзеда, Цімафея Іосіфавіча.
Да пачатку калектывізацыі многія жыхары вёсак Старое і Новае Пашкава, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, былі хутаранцамі. Пашкаўскія школьнікі, збіраючы звесткі для стварэння летапісу Бацькаўшчыны, запісалі, у прыватнасці, успаміны Надзеі Гайшун. Надзея Гаўрылаўна, якая нарадзілася ў 1906 годзе, распавяла, што ўладальнікам аднаго з першых хутароў быў яе дзядуля Мітрафан Ухналёў, які пераехаў са Шклоўшчыны. Дзед купіў у памешчыка 28 дзесяцін лесу і падзяліў іх на двух сыноў. Аказваецца, могілкі вёскі Пашкава — на паласе зямлі дзеда Мітрафана, бо завяшчаў ён пахаваць яго на ўласным надзеле. Потым там сталі хаваць і іншых.
Тутэйшыя школьнікі, якія пісалі летапіс мясцовага калгаса імя Валадарскага, цікавіліся і ранейшым жыццём продкаў. Яшчэ ў 1964-м запісалі ўспаміны Пятра Язэпавіча Глушакова, які распавёў, што сяляне Старога Пашкава займаліся вырабам пражы з ільну і канапель (пянькі), ткалі палотны. Побач з вёскай — больш за 30 двароў — стаяў маёнтак, дзе ў 1890 годзе заснаваны мукамольны завод. У Старым Пашкаве ля дарогі была Свята-Мікольская царква. А хутары там ўзніклі “пры Сталыпіне”.
Дзед Пятра Пятроўскага, Цімафей Іосіфавіч, быў у Старым Пашкаве паважаным чалавекам. Пры Саветах з хутара яго прымусілі ссяліцца: калектывізацыя... На тым месцы цяпер расце бяроза. Працаваў дзед у калгасе конюхам, а яшчэ быў старастам царквы. Яго драўляны дом згарэў у вайну: немцы ноччу па чарзе падпальвалі вясковыя хаты для “асвятлення” акругі.
Даўно ўсё было… А ўнуку не давалі спакою аповеды дзеда пра тое, што ў таго на хутары пабываў некалі сам Мікалай II з нейкім генералам. Яны прыязджалі ў гады Першай сусветнай вайны правяраць лінію абароны вакол Магілёва. “Дзед прымаў высокіх гасцей, гаварыў з імі, мёдам частаваў, — ганарыцца мінулым Пётр Герасімавіч. — А яшчэ цар са світай заходзіў у нашу царкву, маліліся ...”
Цікава, што задума стварыць помнік прыйшла яму не сама сабою — было “бачанне”. “Быццам каля бярозы, дзе быў хутар, апускаецца воблака, на якім Бог сядзіць, — распавядае вясковец. — І паказвае на зямлю са словамі: “Гэта святое месца. Схадзі туды, дзе быў млын, прыцягні два жораны, пастаў помнік”. Здарылася тое летам, у непагадь, нацягнуў я боты і адправіўся шукаць жорны. Сапраўды, ляжаць...”
Пётр Герасімавіч дамовіўся з трактарыстам, і той прыцягнуў жорны. Потым кранаўшчык паставіў адзін жоран на другі. Зяць змайстраваў крыж, які ўсталяваны зверху. Побач Пётр Пятроўскі збудаваў лаўкі: каб можна было пасядзець ды падумаць пра жыццё і хуткаплыннасць часу. “У мяне праблемы з сэрцам, — дзеліцца Пётр Герасімавіч. — Доўгія гады вельмі дрэнна сябе адчуваў: часта губляў прытомнасць. Трэба было рабіць аперацыю. Прыйшоў да помніка, давай чытаць малітву. Паклаў рукі на жорны: камяні цёплыя, і мне нібы цяпло сваё перадаюць. Аперацыя прайшла як па масле. Лекар казаў, што выцягнуў мяне з таго свету. Цяпер адчуваю сябе выдатна”.

Пятро Лодкін
На здымку:
Пётр Пятроўскі ведае свой радавод
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter