У Мінску прайшоў міжнародны Калядны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі

Цёплы мінскі лёд

У Мінску прайшоў міжнародны Калядны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі. Восем каманд з розных краін сабраліся разам, каб наладзіць спартыўнае свята для балельшчыкаў. І дасягнулі поспехаў.


Зборная Беларусі — пераможца XII Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

На цырымоніі адкрыцця турніру Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адной з адметных рыс спаборніцтваў, якія па сталай традыцыі адкрываюць новы спартыўны год у Беларусі, стала пераемнасць прафесійнага і масавага спорту:

— Гэтыя спаборніцтвы ўжо сталі своеасаблівай візітнай карткай нашай дзяржавы, набылі шырокую папулярнасць у многіх краінах, стаўшы неафіцыйным чэмпіянатам свету па хакеі сярод аматараў.

Пад гэтымі словамі, можна не сумнявацца, падпісаўся б кожны з хакеістаў, якія выходзілі на пляцоўку “Чыжоўка-Арэны”. Пакідаючы лёд, нядаўнія ўдзельнікі матчаў зноў становяцца сябрамі і ахвотна расказваюць балельшчыкам і журналістам, якія акружылі іх, пра былыя прафесійныя будні, пра атмасферу Каляднага турніру, нічуць не бянтэжацца з-за лічбаў на табло. Зборная Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, напрыклад, год назад зусім стала самай абмяркоўваемай камандай турніру як з-за самой сваёй прысутнасці ў ліку ўдзельнікаў, так і з пры­чыны не зусім арабскага складу. Сёння карэнных жыхароў Блізкага Усходу ў складзе гэтай зборнай аказалася куды больш: у Мінск прыехала фактычна нацыянальная каманда гэтай краіны. Аднак ужо першая сустрэча — з сапернікамі з Славакіі (3:14) — наглядна паказала: у заснежаную Беларусь жыхары поўдня прыехалі не столькі за прызы змагацца, колькі досведу набірацца.

Зрэшты, арабскія хакеісты — хутчэй, экзотыка і выключэнне. Нягледзячы на аматарскі статус спаборніцтваў, у складах каманд было нямала тых, хто ў мінулыя гады выступаў на вельмі сур’ёзным прафесійным узроўні. І імкненне да перамогі ў іх у крыві. “Для большасці гульцоў вынік мае вялікае значэнне, і таму я імкнуся гуляць так добра, наколькі магу”, — гаворыць славацкі форвард Міраслаў Шатан. Дарэчы, ужо першы дзень спаборніцтваў паказаў, што найменшая страта канцэнтрацыі на мінскім лёдзе можа каштаваць дорага. Празявалі фіны, якія адчулі сябе занадта ўпэўнена, — і немцы адразу скарацілі адставанне ў ліку. Крыху збавілі ў трэцім перыядзе абароты гаспадары пляцоўкі — і швейцарцы “аформілі” пяць закінутых шайб. Галоўнай жа сенсацыяй спаборніцтваў ужо стала зборная Расіі. Каманда, якая ў ранейшыя гады нязменна трапляла ў фінал, тройчы ў ім перамагала і якая з’яў­ляецца дзею­чым уладальнікам кубка, на гэты раз не самым сур’ёзным чынам падышла да фарміравання складу. У выніку ўжо на старце расіяне пацярпелі вялікае паражэнне ад шведаў — 1:8 — і былі вымушаны сур’ёзна змагацца за права прадоўжыць сваю пераможную традыцыю.

Але сёлета вікторыю святкавала зборная Беларусі, якая ў фінале сустракалася са зборнай Фінляндыі. Фінальная сірэна зафіксавала на табло лік 2:1 на карысць каманды Прэзідэнта.

Дзмітрый Камашка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter