Цёплае святло ў вокнах

На пачатку сустрэчы ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы вядомая літоўская пісьменніца Бірутэ Янушкайтэ спытала ў юных чытачоў, хто з іх кім хоча стаць. Адзін адказаў, што касманаўтам, другі — банкірам, трэці — міліцыянерам… З таго і пачалася прэзентацыя кніжкі “Вусатая гісторыя Левака”, перакладзенай з літоўскай на беларускую мову вільнюскім пісьменнікам Алегам Аблажэем, таленавіта аформленай Вілюсам Шылейкам
На пачатку сустрэчы ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы вядомая літоўская пісьменніца Бірутэ Янушкайтэ спытала ў юных чытачоў, хто з іх кім хоча стаць. Адзін адказаў, што касманаўтам, другі — банкірам, трэці — міліцыянерам… З таго і пачалася прэзентацыя кніжкі “Вусатая гісторыя Левака”, перакладзенай з літоўскай на беларускую мову вільнюскім пісьменнікам Алегам Аблажэем, таленавіта аформленай Вілюсам Шылейкам.

А калі прэзентацыя скончылася і было зноў зададзена ранейшае пытанне, амаль усе прысутныя адказалі: хочам стаць пісьменнікамі, хочам ствараць такія ж займальныя кніжкі! І гэта неяк адпавядала афарыстычнай назве пралога да твора: “Кім ты вылупіўся, тым і будзь”.

Патлумачу, што аповед у аповесці Бірутэ Янушкайтэ вядзецца ад імя… хатняга таракашкі, цікаўнага і дасціпнага. Нечакана з’явіўшыся перад прыкаваным да ложка хлопчыкам Паўлюсам, ён ганарліва абвяшчае, што ног у яго куды больш, чым у “двухногіх”. Праўда, у яго, на жаль, няма імя, каб прадставіцца Паўлюсу. І той па-сяброўску называе яго Леваком. Запомніце, шаноўныя чытачы, гэтае імя. Бо, гаварылася на прэзентацыі, яно ўвойдзе ў свядомасць юных чытачоў, як увайшлі шведскі Карлсан, англійскі Віня-Пых, беларускі Міколка-паравоз.

Пра тое, што сказанае на прэзентацыі — праўда, я пераканаўся, як кажуць, на ўласным вопыце. Вярнуўшыся з літаратурна-мастацкага вечара ў Пасольстве Літвы ў Беларусі, пачаў гартаць “Вусатую гісторыю Левака”, здзіўляцца незвычайнасцю яе малюнкаў. А потым, захапіўшыся гісторыяй дружбы Левака і хворага хлопчыка, дапазна чытаў кнігу! Бо яна — пра вельмі істотнае ў нашым супярэчлівым свеце: пра павагу і разуменне, пра неабходнасць мець мару і дабівацца яе здзяйснення.

Дарэчы, пераклад гэтай дзіцячай кнігі на беларускую мову прысвечаны 15-й гадавіне ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Літвой і Беларуссю, выданне падтрымала Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі.

На вечары ў Пасольстве Літвы ў Беларусі аказалася, што такіх падарункаў, такіх прыкладаў добрасуседства куды больш. Гэта — і кніга вершаў Алеся Разанава, перакладзеная на літоўскую мову доктарам філалогіі Альмай Лапінскене, прэзідэнтам Літоўскай асацыяцыі беларусістаў. Прыгадаю, што ў сааўтарстве менавіта з ёй у свой час я напісаў кнігу “Перазовы сяброўскіх галасоў” — пра дружбу нашых літаратур. Літоўскі пераклад гэтай манаграфіі, сёння ўжо ледзь не антыкварны, мы ўручылі са сваімі аўтографамі гаспадару вечара, Паслу Эдмінасу Багдонасу.

Наступны красамоўны прыклад — манаграфія дацэнта кафедры беларускай філалогіі і міжкультурнай камунікацыі Вільнюскага педуніверсітэта Гендрыка Пяткевіча, прысвечаная праблемам станаўлення і самавызначэння асобы ў беларускай і літоўскай прозе 80-х гадоў ХХ стагоддзя. А яшчэ — трохмоўная, літоўска-беларуска-польская анталогія “Словы і фарбы”, дзе сабраны вынікі сумесных пленэраў паэтаў і мастакоў, якія збіраліся ў Нідзе, на ўзбярэжжы Балтыйскага мора.

Урэшце, ці не самае важнае: анталогія беларускай паэзіі з сімвалічнай назвай “Святло ў вокнах”. Беларускія тэксты 24 аўтараў надрукаваны ў ёй паралельна з літоўскімі перакладамі. Выданне анталогіі, як і названых кніг (за выключэннем манаграфіі Г. Пяткевіча) зноў жа ажыццёўлена пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі.

Назва анталогіі — “Святло ў вокнах” — стала своеасаблівым брэндам усяго вечара. Многія выступоўцы звярталіся да гэтага вобраза, гаворачы, што вокны ў дамах суседніх дзяржаў, нягле-дзячы на ўсе адрозненні, павінны быць адчынены насустрач адны другім, асветлены добразычлівасцю. Калі ж чарга дайшла да мяне, то я не без гордасці падкрэсліў, што ў мяне такіх “вакон” не 24, а 28, таму што да паэтычна-сімвалічных дадаліся рэальныя выявы чатырох мініяцюрных вокнаў, пераказаных у рэдакцыю “Голасу Радзімы” літоўскай мастачкай і ўраджэнкай Беларусі Бірутэ Куцкайтэ. Такім чынам аддзячыла яна мне за “зямляцкі” артыкул аб ёй у газеце. А ў будучым годзе, годзе свайго юбілею, мастачка збіраецца перадаць частку сваіх твораў новаму Астравецкаму музею на зямлі сваіх продкаў. Маленькую галерэю “Поры года” я, вядома ж не мог не прадэманстраваць прысутным на вечары. Пасля гэтага слова “вокны” стала ўжывацца яшчэ часцей — як сімвал нашых адносін.

Душой вечара несумненна быў сам Пасол. Ролі вядучых выконвалі беларуская і літоўскі літаратары. Але Эдмінас Багдонас, свабодна пераходзячы з літоўскай мовы на беларускую і наадварот, з веданнем паэзіі і з гумарам умешваўся ў гаворку, натхнёна чытаў пераклады. А часам рабіў у стыхійным сцэнарыі нечаканыя павароты. Да прыкладу, даючы слова Раісе Баравіковай, чыімі вершамі адкрываецца анталогія, Пасол прыгадаў, што ў Вільнюсе ёсць вуліца Барбары Радзівіл, якой паэтэса прысвяціла п’есу, і гэта, маўляў, таксама здаецца сімвалічным. У адказ жа прагучала прызнанне, што, на жаль, Вільнюса аўтарка не бачыла ніколі. Рэакцыя была хуткай і нечаканай:

— Давядзецца вам прыйсці сюды яшчэ раз, каб атрымаць нашу візу. Бясплатную. Шматразовую. Шэнгенскую.

Зала адказала апладысментамі. А мне падумалася: “Вось такімі “дробязямі”, на такіх вечарах разбураецца размежаванасць. Краін і людзей”.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter