Цёплае полымя ружовых верасоў

Назва дзявятага месяца года паходзіць ад расліны, якая красуе ў гэтую пару года“Полымя ружовых верасоў” — памятаеце светлы радок з песні, якую выконваў Віктар Вуячыч? Яна якраз пра восень, і пра юнацтва, якое не вернецца — таксама. Прысвяткі пачатку месяца — Лупа, Баўтрамей у праваслаўных, Другая Прачыстая ў каталікоў — нагадваюць, што хутка трэба завяршыць сяўбу азімага жыта. На Тураўшчыне і Магілёўшчыне прыкмячалі: калі пасеяць жыта на Калінавіка або Галавасека, гэта значыць 11 верасня, то будзе ўмалотны ўраджай. З раніцы мужчыны нашча сеялі, а жанчыны гатавалі вячэру. Удзень жанчыны збіралі ягады каліны і журавін — лічылася, што яны дапамагаюць пры галаўных болях. Вечарам сям’я збіралася на абрадавую вячэру, а хто ўправіўся пасеяць, спраўляў абрад Жаніцьбы коміна (комін, дарэчы, называлі яшчэ лучнік, светач).
Цвітуць верасыНазва дзявятага месяца года паходзіць ад расліны, якая красуе ў гэтую пару года
“Полымя ружовых верасоў” — памятаеце светлы радок з песні, якую выконваў Віктар Вуячыч? Яна якраз пра восень, і пра юнацтва, якое не вернецца — таксама.
Прысвяткі пачатку месяца — Лупа, Баўтрамей у праваслаўных, Другая Прачыстая ў каталікоў — нагадваюць, што хутка трэба завяршыць сяўбу азімага жыта. На Тураўшчыне і Магілёўшчыне прыкмячалі: калі пасеяць жыта на Калінавіка або Галавасека, гэта значыць 11 верасня, то будзе ўмалотны ўраджай. З раніцы мужчыны нашча сеялі, а жанчыны гатавалі вячэру. Удзень жанчыны збіралі ягады каліны і журавін — лічылася, што яны дапамагаюць пры галаўных болях. Вечарам сям’я збіралася на абрадавую вячэру, а хто ўправіўся пасеяць, спраўляў абрад Жаніцьбы коміна (комін, дарэчы, называлі яшчэ лучнік, светач).
Абрад Жаніцьба коміна ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна На Усходнім Палессі комін — гэта свяцільнік з дымаходам у выглядзе ўсечанай піраміды з дошак або ўсечанага конуса з мешкавіны, абмазаны глінай і пабелены. Пад ім прымацоўвалі бляху або рашотку, якая называлася пасвет, бо на ёй палілі лучыну для асвятлення хаты. Дым праз комін ішоў на гарышча праз адтуліну ў столі. На летні час яна закрывалася заткалам з рэшткаў прадзіва. Вось менавіта гэтага коміна і ўшаноўвалі: упрыгожвалі барвінкам або хмелем, кветкамі, часам каласкамі, ручнікамі. Асыпалі яго семем гарбуза, а дзеці збіралі з падлогі — хто болей, той будзе ўвесь год спрытнейшы.
Абрад Жаніцьба коміна ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна І з кім ці, дакладней, з чым жанілі таго коміна, як вы думаеце? Пэўна, з агнём і яго святлом ды з жаночай працай у хаце ў халодную пару года. Спявалі каля яго, танцавалі. Прыходзілі часам на першае запальванне святла суседзі, 7-гадовыя дзяўчынкі першы раз запрадалі пад кіраўніцтвам старэйшых, гаспадары хаты іх частавалі. У такіх гаспадароў потым усю зіму ладзіліся попрадкі і вячоркі з танцамі. Гэты паэтычны і надзвычай па-філасофску глыбокі абрад захаваўся ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна, бытуе ён і ў вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёна на Гомельшчыне. У Дзяржынску яго спраўлялі на Сямёна 14 верасня, і пры гэтым спявалі коміну вясельныя песні, абыходзілі яго па крузе з палавінкай гарбуза, у які клалі заткала, устаўлялі свечку і бураковую кветку. На пасвет клалі мёд у сотах, арэхі або гарбузовыя семкі, печыва, сала, лілі гарэлку. Гаспадары частавалі гасцей.
Некаторыя з беларускіх суполак, у прыватнасці, у Севастопалі, ладзяць святочны абрад Жаніцьба коміна. То хай дапамагае ім Бог у такой падзвіжніцкай працы!

Рэгіна Гамзовіч
На здымках:
Цвітуць верасы...
Абрад Жаніцьба коміна ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter