Цёмная ночка.

Чаму некаторыя абрады прынцыпова выконваліся ноччу?

Ноч лічыцца часам галоўных таямніц жыцця. Прастора ночы — прастора пераходная, маргінальная, а таму амбівалентная (дваістая) па сваім абрадавым змесце. Незвычайнае сумяшчэнне двух супрацьлеглых пачаткаў прывяло да таго, што не толькі ў звычайныя, але і ў вялікія царкоўныя святы ноч выкарыстоўвалі як для лячэння розных хвароб ці дапамогі сваёй гаспадарцы, так і для выканання магічных абрадаў, якія маглі прынесці чалавеку значную шкоду.

  • Асабліва яскрава гэта можна ўбачыць на прыкладзе купальскай ночы. У кожнай хаце выконваліся шматлікія рытуальныя дзеянні, накіраваныя на ахову сям’і і гаспадаркі ад ліхіх сіл. Напрыклад, існавала павер’е, што ў купальскую ноч ведзьмы забіраюць у кароў малако. Каб засцерагчы жывёлу ад магчымага чарадзейства, гаспадыні вешалі над варотамі хлява пук крапівы-жыгучкі або перавернуты серп.
  • Напрыканцы купальскай ночы моладзь выконвала незвычайнае рытуальнае дзеянне — скакала праз дагараючае вогнішча,  тым самым абвяшчаючы ўсіх прысутных аб сваім намеры стварыць новую сям’ю.
  • Не спалі ў гэтую ноч і клапатлівыя гаспадыні. Яны ведалі: для таго каб завязаліся добрыя галоўкі на капусце, трэба было яшчэ да ўзыходу сонца распрануцца і абабегчы вакол раслін вялікі круг.
  • Аналагічны абрад выконвалі і ў ноч на 21 верасня, у дзень малой Прачыстай. Трэба было ўстаць яшчэ да ўзыходу сонца, узяць качаргу, пабегчы з ёй на агарод і там стукнуць кожны качан — ён вырасце вялікі і цвёрды.
  • У традыцыйнай культуры вельмі высокім статусам надзелена і калядная ноч. Лічылася, што ў прамежку з 2 да 5 гадзін раніцы раскрываюцца нябёсы: у гэты час можна прасіць Усявышняга аб пазбаўленні ад шматлікіх невылечных хвароб і здзяйсненні самых запаветных жаданняў. Магчыма, таму амаль усе ночы вялікіх свят з’яўляюцца найбольш спрыяльным часам для варожбаў самага непрадказальнага характару і перш за ўсё пра свайго суджанага.
  • Такімі ж свяшчэннымі былі і адносіны да велікоднай ночы, на працягу якой у храмах праводзілася ўсяночнае набажэнства.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter