30-ты выхад у эфір адзначыла тэлевіктарына "Размаўляем па-беларуску"
06.04.2015 20:53:22
Як прыжылася праграма рэгіянальнага тэлебачання на цэнтральным канале? Пацікавімся ў рэдактара і вядучай віктарыны Алены Трацэнка.
— Алена, можа, не многія ведаюць, што гісторыя праграмы пачалася яшчэ пяць гадоў таму.
— Тады мы рабілі 5-хвілінныя выпускі на ўзроўні свайго рэгіёна. Ідэя належала былому кіраўніку тэлерадыёкампаніі «Гомель» Віктару Котаву. Ён, рускі па нараджэнні, з Арлоўшчыны, вельмі хацеў стварыць беларускамоўны праект. Было і адчуванне, што гэта трэба зрабіць. Бо хоць дзве мовы ў нас дзяржаўныя, але беларуская ў паўсядзённым жыцці, асабліва гарадскім, чуецца вельмі рэдка. Так нарадзілася праграма. Спачатку гаварылі ў ёй толькі пра мову, пазней дадаліся розныя іншыя цікавінкі.
— А пасля вас заўважылі ў Мінску...
— Так, і мы зрабілі прыкладна 60 выпускаў для канала «Беларусь 3». А потым з’явіўся новы паварот і накірунак у развіцці – тэлевіктарына.
— Чула, што ў яе неблагі рэйтынг.
— Дакладных лічбаў не ведаю, але наш прадзюсар гаворыць, што сапраўды глядзяць нас добра. Мы і самі гэта адчуваем. Заявак і званкоў мноства. Гэта так прыемна, так радуе. А як радуюцца людзі, калі ім тэлефануюць і паведамляюць, што падышла чарга і час прыязджаць на здымкі!
— Праграма здымаецца ў гомельскай студыі. Ігракі – мясцовыя, з раёнаў?
— У большасці – так, бо людзям лягчэй прыехаць. Але едуць і з Мінска, была каманда школьнікаў з Лідскага раёна, днямі запісалі гульню з удзелам студэнтаў з Магілёва і Мінска. Гасцям мы заўсёды вельмі рады, сустракаем з чаем, печывам.
— Ці ёсць задумкi правесці віктарыну паміж камандамі медыйных персон?
— Пэўныя крокі ў гэтым накірунку ўжо рабіліся. У нас спаборнічалі артысты Гомельскага тэатра лялек і абласной філармоніі. Цудоўна, дарэчы, гулялі. Цікавыя атрымаліся праграмы і з удзелам зборных каманд Беларускага тэлебачання і радыё, зборнай тэлеканала «Беларусь 3». Але, ведаеце, не заўсёды поспех гульні вызначаецца зоркавасцю ўдзельнікаў. Напрыклад, неяк была ў нас каманда бізнесменаў з Мінска. Трое вельмі сур’ёзных мужчын, сярэдні ўзрост 43 гады. З такім запалам гулялі, заўзята, згуртавана! Думаю, што самыя «моцныя» каманды сустрэнуцца ў студыі напрыканцы года. Дарэчы, яны не супраць.
— Як вы трапілі ў вядучыя?
— Па адукацыі я – філолаг, вывучала беларускую мову і літаратуру ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце. На тэлебачанні ў 1995-м пачынала дыктарам, чытала аб’явы, вяла навіны. А калі дыктараў не стала, занялася тэлежурналістыкай, працавала над шэрагам сацыяльных, адукацыйных праграм, рэспубліканскіх і абласных. Але моўная тэма мне была заўсёды блізкая і цікавая.
— Лічыце сябе знаўцам роднай мовы?
— Не, і заўсёды кажу ўдзельнікам віктарыны, што кожны раз вучуся разам з імі. А вось хто сапраўдны знаўца, дык гэта эксперт нашай праграмы – пісьменнік, выкладчык, мовавед Святаслаў Крупенька, які ацэньвае веды ігракоў і вырашае розныя спрэчныя моманты.
— А хто прыдумвае пытанні?
— Па сутнасці, тры чалавекі – разам са мной і Святаславам Крупенька наша калега Юлія Барысавец. Але за намі траімі — вялікі штат філолагаў Гомельскага дзяржуніверсітэта, з імі мы часта кансультуемся, раімся, просім падказкі. Наогул, журналісты-лінгвісты мы цяпер не толькі на працоўным месцы, але і кожны момант жыцця. Іншы раз ад некага пачуеш ці прачытаеш недзе цікавае слова і занатоўваеш, каб пасля скарыстаць у віктарыне. Цыдулак з такімі запісамі ў нас на сталах у рэжысёрскай многа. Дарэчы, слова «цыдулка» ў свой час мне было не знаёмае. Пачула яго ад старшыні Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Уладзіміра Гаўрыловіча, і так яно мне спадабалася. Я гэтую «цыдулку» адразу ў віктарыну ўключыла. Праўда, ігракоў у той раз збіць з панталыку не атрымалася, значэнне гэтага слова яны адгадалі адразу.
Ірына СВІРКО
isvirko@mail.ru