30-ты выхад у эфір адзначыла тэлевіктарына "Размаўляем па-беларуску"

Цыдулкай з панталыку не саб’еш

У мінулую суботу невялікі юбілей – 30-ты выхад у эфір — адзначыла тэлевіктарына "Размаўляем па-беларуску", якую здымае тэлерадыёкампанія «Гомель». Вось ужо больш за паўгода раз на тыдзень праграма выходзіць на канале «Беларусь 3». Яна адрасавана тым, хто цікавіцца роднай мовай, хоча карыстацца ёю штодня, але ведае пакуль абмежаваную колькасць слоў. На працягу 30 хвілін удзельнікі віктарыны і яе гледачы маюць магчымасць узбагаціць слоўнікавы запас, а разам з тым пашырыць свае веды па літаратуры, этнаграфіі, мастацтву, гісторыі.

Як прыжылася праграма рэгіянальнага тэлебачання на цэнтральным канале? Пацікавімся ў рэдактара і вядучай віктарыны Алены Трацэнка.

— Алена, можа, не многія ведаюць, што гісторыя праграмы пачалася яшчэ пяць гадоў таму. 

— Тады мы рабілі 5-хвілінныя выпускі на ўзроўні свайго рэгіёна. Ідэя належала былому кіраўніку тэлерадыёкампаніі «Гомель» Віктару Котаву. Ён, рускі па нараджэнні, з Арлоўшчыны, вельмі хацеў стварыць беларускамоўны праект. Было і адчуванне, што гэта трэба зрабіць. Бо хоць дзве мовы ў нас дзяржаўныя, але беларуская ў паўсядзённым жыцці, асабліва гарадскім, чуецца вельмі рэдка. Так нарадзілася праграма. Спачатку гаварылі ў ёй толькі пра мову, пазней дадаліся розныя іншыя цікавінкі. 

— А пасля вас заўважылі ў Мінску...

— Так, і мы зрабілі прыкладна 60 выпускаў для канала «Беларусь 3». А потым з’явіўся новы паварот і накірунак у развіцці – тэлевіктарына.

— Чула, што ў яе неблагі рэйтынг. 

— Дакладных лічбаў не ведаю, але наш прадзюсар гаворыць, што сапраўды глядзяць нас добра. Мы і самі гэта адчуваем. Заявак і званкоў мноства. Гэта так прыемна, так радуе. А як радуюцца людзі, калі ім тэлефануюць і паведамляюць, што падышла чарга і час прыязджаць на здымкі! 

— Праграма здымаецца ў гомельскай студыі. Ігракі – мясцовыя, з раёнаў?




— У большасці – так, бо людзям лягчэй прыехаць. Але едуць і з Мінска, была каманда школьнікаў з Лідскага раёна, днямі запісалі гульню з удзелам студэнтаў з Магілёва і Мінска. Гасцям мы заўсёды вельмі рады, сустракаем з чаем, печывам. 

— Ці ёсць задумкi правесці віктарыну паміж камандамі медыйных персон? 

— Пэўныя крокі ў гэтым накірунку ўжо рабіліся. У нас спаборнічалі артысты Гомельскага тэатра лялек і абласной філармоніі. Цудоўна, дарэчы, гулялі. Цікавыя атрымаліся праграмы і з удзелам зборных каманд Беларускага тэлебачання і радыё, зборнай тэлеканала «Беларусь 3». Але, ведаеце, не заўсёды поспех гульні вызначаецца зоркавасцю ўдзельнікаў. Напрыклад, неяк была ў нас каманда бізнесменаў з Мінска. Трое вельмі сур’ёзных мужчын, сярэдні ўзрост 43 гады. З такім запалам гулялі, заўзята, згуртавана! Думаю, што самыя «моцныя» каманды сустрэнуцца ў студыі напрыканцы года. Дарэчы, яны не супраць.

— Як вы трапілі ў вядучыя?

— Па адукацыі я – філолаг, вывучала беларускую мову і літаратуру ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце. На тэлебачанні ў 1995-м пачынала дыктарам, чытала аб’явы, вяла навіны. А калі дыктараў не стала, занялася тэлежурналістыкай, працавала над шэрагам сацыяльных, адукацыйных праграм, рэспубліканскіх і абласных. Але моўная тэма мне была заўсёды блізкая і цікавая. 

— Лічыце сябе знаўцам роднай мовы?

— Не, і заўсёды кажу ўдзельнікам віктарыны, што кожны раз вучуся разам з імі. А вось хто сапраўдны знаўца, дык гэта эксперт нашай праграмы – пісьменнік, выкладчык, мовавед Святаслаў Крупенька, які ацэньвае веды ігракоў і вырашае розныя спрэчныя моманты.

— А хто прыдумвае пытанні?

— Па сутнасці, тры чалавекі – разам са мной і Святаславам Крупенька наша калега Юлія Барысавец. Але за намі траімі — вялікі штат філолагаў Гомельскага дзяржуніверсітэта, з імі мы часта кансультуемся, раімся, просім падказкі. Наогул, журналісты-лінгвісты мы цяпер не толькі на працоўным месцы, але і кожны момант жыцця. Іншы раз ад некага пачуеш ці прачытаеш недзе цікавае слова і занатоўваеш, каб пасля скарыстаць у віктарыне. Цыдулак з такімі запісамі ў нас на сталах у рэжысёрскай многа. Дарэчы, слова «цыдулка» ў свой час мне было не знаёмае. Пачула яго ад старшыні Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Уладзіміра Гаўрыловіча, і так яно мне спадабалася. Я гэтую «цыдулку» адразу ў віктарыну ўключыла. Праўда, ігракоў у той раз збіць з панталыку не атрымалася, значэнне гэтага слова яны адгадалі адразу. 

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter