Цяжкiя яны, апошнiя гектары

Пры  любой  раскладцы  вырашчаны  такой  цяжкай  цаной  хлеб  застаецца  хлебам

Пры  любой  раскладцы  вырашчаны  такой  цяжкай  цаной  хлеб  застаецца  хлебам

Не надта прыемна ў сярэдзiне верасня апавядаць пра касавiцу зерневых i зернебабовых. Але даводзiцца: з жыцця, як i з песнi, слова не выкiнеш. 

У мiнулыя выхадныя ваш карэспандэнт асабiста праехаў за рулём па  Вiцебскiм i Лёзненскiм раёнах. Прызнаюся, што на легкавушцы з асфальта на прасёлкi лепш не высоўвацца. Ды i сэнсу няма. Нiдзе не ўдалося ўбачыць на палях камбайны, якiя працуюць. Часцей яны проста дзяжурылi на ўскрайках няскошаных палеткаў у чаканнi сонечных “вокнаў”. I толькi ў нядзелю на паўночна-ўсходняй мяжы краiны распагодзiлася. Вялiзныя, як дыназаўры, камбайны асцярожна з частай прабуксоўкай пасунулiся за зборам пераспелай “данiны”. 

Што i як можна ў такiх умовах супрацьпаставiць непагадзi? 

Па старой смаленскай дарозе мне даводзiцца праязджаць даволi часта. I яшчэ ў жнiўнi практычна ўсе нiвы па абодва бакi трасы былi выкашаны i абмалочаны. Раёны-суседзi Вiцебскi i Лёзненскi сёлета практычна не ўступаюць адзiн  аднаму па ўраджайнасцi зерневых i зернебабовых.  Адпаведна маюць па 30 i 29 цэнтнераў з гектара. I кiраўнiцтва, i радавыя хлебаробы радавалiся такому салiднаму для суровага Пры-
дзвiння,  шчодраму коласу. 

Але апошнiм часам добры настрой псуе хранiчная непагадзь. Няўбраны хлеб чарнее на карнi. I няважна, што ў цэлым па вобласцi засталася ў палях толькi дзесятая частка збажыны. Затое яна ўжо не проста спелая, а пераспелая. I самая намалотная. Самая  важкая. Плюс прысядзiбныя ўчасткi сялянскiх падвор’яў. Як патрабуе кiраўнiцтва дзяржавы, iх таксама трэба ўбраць механiзаваным спосабам, а не сярпамi ды косамi.  Бо чужога хлеба не бывае. 

Аднак вернемся да грамадскага палетку. У Лёзненскiм раёне скошана i абмалочана каля 90 працэнтаў зерневых i зернебабовых. З сярэдзiны жнiўня не выпала нават i паўдзесятка пагодлiвых дзён. I толькi ў прамежках памiж лiўнямi, падчас рэдкiх сухiх “вокнаў”, удаецца выхапiць з палёў некалькi бункераў хоць i пераспелага, але сырога  зерня. Якiя ж яны цяжкiя, гэтыя апошнiя гектары! 

Дарэчы, пакручаная ў рулоны салома амаль паўсюдна здзiўляе не звыклай жаўцiзной, а зелянiнай. I гэта, мiж iншым, iнфармацыя для роздуму аб якасцi абмалоту. Прасцей кажучы, аб дрэннай якасцi, калi ў саломе застаецца частка зярнят. Пад уплывам “трапiчнага“ надвор’я з пралiўнымi дажджамi каласы прарастаюць у саломе. А самi рулоны  выглядаюць гiганцкiмi малахiтавымi цылiндрамi. Такi ўраджай не можа захапляць. 

Згодна з разлiкамi, на лёзненскiх палях яшчэ можна дадаткова сабраць каля пяцi тысяч тон хлеба. Няхай сабе i непрыдатнага на насенне цi  харчовыя мэты. Толькi пры любой раскладцы вырашчаны такой цяжкай цаной хлеб iм i застаецца. Убраць яго неабходна любой цаной, у любых умовах надвор’я. Так лiчаць кiраўнiк перадавога ў раёне КУСП “Адаменкi” Аляксей  Грыневiч, адзiн з лепшых камбайнераў Георгiй  Сярогiн, дзе з гектара пакуль трымаюць намалот у 36,6 цэнтнера. 

У яшчэ больш складаных умовах наблiжаюцца да фiнiшу жнiва ў СВК “Данукалава”, якiм кiруе таленавiты аграрый Алег Пiнчук. Нават у  звычайны сезон тутэйшыя сельгасугоддзi вызначаюцца па складзе цяжкiмi суглiнкамi. Можна ўявiць, што нарабiлi данукалаўцам амаль трапiчныя лiўнi. Па бункеру-два вырываюць у непагадзi рэшткi  ўраджаю самыя здатныя камбайнеры, такiя, як Мiкалай Ярмолаў.  Таму i ўраджай трымаецца на лiчбе ў 35,2 цэнтнера. 

Яшчэ на тыдзень прагноз надвор’я  для хлебаробаў не вельмi суцешны. 

Рэдкiя пагодлiвыя “вокны” патрабуюць максiмальнага напружання сiл. Месцамi на палях трапляюцца агрэгаты на спараных колах, што  паляпшае праходнасць камбайнаў. З гарадоў накiравана “апалчэнне” з лiку токараў, газаэлектразваршчыкаў i вадзiцеляў на дапамогу  вяскоўцам у ратаваннi хлеба. А яшчэ з 11 верасня рашэннем аблвыканкома на перадавую ўборкi накiраваны  малады “дэсант” з лiку  студэнтаў i навучэнцаў сярэднiх i прафесiйна-тэхнiчных устаноў.  Толькi аб’яднанымi намаганнямi магчыма дасягнуць жаданай перамогi. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter