Дар’я Кульш і Аляксандр Ляховіч — гэтая беларуская пара заваявала званне чэмпіёнаў свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках

Цяжка? Танцуй!

Дар’я Кульш і Аляксандр Ляховіч — гэтая беларуская пара заваявала званне чэмпіёнаў свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках

У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу — словы класіка згадваеш і захапляешся сілай духу суайчыннікаў, якія ні пры якіх абставінах не здаюцца. “Беларусы заваявалі 4 узнагароды чэмпіянату свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках!” — вестка прыйшла ў рэдакцыю з Беларускага фонду дапамогі спартсменам-інвалідам. З яе вынікае: на чэмпіянаце, які праходзіў у Рыме, сюрпрызам для многіх стала ўдалае выступленне ў лацінаамерыканскай праграме танцаў беларускай пары Дар’і Кульш і Аляксандра Ляховіча ў намінацыі “Комбі”. “Маладая і перспектыўная пара спартсменаў, падтрыманая Прэзідэнцкім спар­тклубам, упершыню заваявала званне Чэмпіёнаў свету! — напісаў Валерый Каламіец, кіраўнік міжнароднай праграмы па навучанні танцам на інвалідных калясках, заслужаны трэнер Беларусі. — Дар’я заваявала і сярэбраны медаль у намінацыі “Сінгл”. Бронзавы медаль у лацінаамерыканскай праграме — у нашых Ганны Сірацюк ды Ігара Куляшова. Бронзавы медаль у Еўрапейскай праграме танцаў заваявалі Вераніка Касач і Аляксей Зухцікаў”.

Цэнтр, дзе, праходзячы рэабілі­тацыю, інваліды вучацца танцаваць на калясках, з 2003 года працуе пад Мінскам, у Калодзішчах. Там і гартуюць дух тыя, кім потым захапляецца свет. Дарэчы, у Рыме звярнула на сябе ўвагу спецыялістаў і беларуская пара Ірына Макейчык і Яўген Ярмошка — у Еўрапейскай праграме танцаў. Яны цудоўна падрыхтаваныя, трохі ўдачы — і прыйдуць перамогі.  Усе — выхаванцы Беларускага фонду дапамогі спартсменам-інвалідам. В. Каламіец дзякуе за дапамогу і Універсітэту культуры і мастацтваў. Старшы трэнер зборнай каманды — майстар спорту СССР міжнароднага класа Ларыса Клемянцёнак. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter