«Цяжка быць галавой сям’i, калi галава... здаровая»

У гэтым цвёрда перакананы бацюшка Аляксандр Марцiнчык

У гэтым цвёрда перакананы  бацюшка Аляксандр Марцiнчык

У невялiкiм горадзе жыццё свяшчэннiка заўсёды навiдавоку, кожны яго крок разглядаецца праз павелiчальнае шкло. I гэта зразумела. Асабiсты прыклад мае вялiкае значэнне...

Давайце блiжэй пазнаёмiмся з сям’ёй настаяцеля Стаўбцоўскай Свята-Аннiнскай царквы, благачыннага прыходаў Стаўбцоўскай акругi айцом Аляксандрам Марцiнчыкам i яго сям’ёй.

Хочаце ведаць, як сустрэлiся бацюшка Аляксандр i матушка Святлана?

Ён быў студэнтам духоўнай семiнарыi, а яна вучылася ў Жыровiцкай школе. Перад 20 мая – днём ушанавання Жыровiцкай iконы Божай Мацi – клас Святланы благаславiлi дапамагчы падрыхтаваць трапезу для паломнiкаў манастыра. Папрацаваўшы на кухнi да позняга вечара, стомленая дзяўчынка вырашыла на свята застацца дома. Але бабуля падняла яе з пасцелi са словамi: “Уставай, а то ўсю маладосць праспiш...”

I дзiва — якраз у той урачыста-прыгожы сонечны дзень Святлана пазнаёмiлася з Аляксандрам, тады яшчэ студэнтам духоўнай семiнарыi.

Пасля заканчэння школы дзяўчына паступiла ў Нясвiжскае педагагiчнае вучылiшча. А калi толькi споўнiлася васемнаццаць, Аляксандр прапанаваў ёй свае руку i сэрца. Ён быў старэйшы за яе на 8 гадоў, да паступлення ў духоўную семiнарыю паспеў адслужыць у армii, атрымаць спецыяльнасць i папрацаваць на мiнскiм заводзе.

Перад тым як прыняць прапанову, Святлана ўспомнiла такi выпадак. Калi яна хадзiла ў нядзельную школу, старыца манашка благаславiла яе палiваць кветкi ля крыжа на святой крынiцы. Святлана ездзiла туды кожны дзень на веласiпедзе i старанна выконвала даручэнне. А перад 1 верасня сказала, што ўжо iдзе ў школу i не зможа прыязджаць кожны дзень. На што старыца адказала: “А ў вераснi палiваць не трэба”. I нечакана дадала: “У цябе будзе вельмi добры муж, а замужам ты будзеш за свяшчэннiкам...”

Так узнiкла iх сям’я. Вялiкая, дружная i прыгожая, iншым у прыклад. Сёння ў ёй падрастаюць дачушкi Анастасiя i Ангелiна, сын Аляксей, вельмi на свае два з паловай годзiкi... сур’ёзны хлопчык.

 Ну як тут не спытаць у матушкi, цi збылося тое прадказанне старыцы: “На самай справе харошы ў яе муж?”

— Вельмi.

Выконваючы абавязкi не толькi настаяцеля храма, але i благачыннага 19 прыходаў у Стаўбцоўскiм раёне, бацюшка Аляксандр у пастаянных раз’ездах, у неадкладных справах...

Цiкавiмся ў яго: “Цяжка быць галавой сям’i?”

— Так, калi галава здаровая. Бо главенства не азначае, што ты прыгнечваеш усiх сваёй абсалютнай уладай, наадварот, менавiта ты адказваеш за прыняцце вызначальных рашэнняў, якiя закладваюць будучыню тваёй сям’i. Гэта не значыць, што жонка не мае права голасу. Яе думка дарадчая, пытанне вырашаецца разам. Аднак кропкi ўсё ж ставiць галава. Наогул, як будуецца хрысцiянскi шлюб? У апостальскiм пасланнi гаворыцца, што так мужы павiнны любiць сваiх жонак, як Хрыстос узлюбiў Царкву... I тады ўсе жыццёвыя сiтуацыi лечацца той благадаццю, якую дае сам Гасподзь у Таiнстве шлюбу. А адказнасць за сям’ю ў першую чаргу ляжа на мужа. 

Калi ж муж п’е цi гуляе, хiба ён з’яўляецца здаровай галавой? Калi ён кiруецца ў сваiм главенстве толькi асабiстымi амбiцыямi цi проста жывёльнымi iнстынктамi, то нi аб якiм главенстве мужчыны ўжо не iдзе размова. Пры гэтым не нехта забраў у яго тое главенства, а ён сам аддаў яго, паклаўшы на алтар сваёй страсцi.

Па гэтай прычыне ў асноўным сем’i i развальваюцца...

— А як матушка пачувае сябе “за мужам”?

— Жыць па благаславеннi спакойна i камфортна. Падпарадкоў-вацца бацюшку Аляксандру радасна, ён у сям’i вялiкi аўтарытэт, яго моцна i шчыра любяць дзецi. Асаблiва зблiжае сям’ю штодзённая сумесная вячэрняя малiтва, калi запальваецца лампадка...

На здымку: сям’я бацюшкi Аляксандра i матушкi Святланы Марцiнчык (старэйшая Насця пакуль адпачывае ў бабулi з дзядулем у Жыровiцах).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter