Цяжка абуць стомленыя ногi

Вось i наступiла зiма, патрэбен цёплы абутак. Праблемы, як абуцца, сёння быццам i не iснуе: i ў магазiнах, i на рынках хапае ўсяго на любы густ i па любой цане. Але ўсё ж... Хто падкажа, дзе абуць стомленыя жыццём ногi немаладым жанчынам? Мужчынам прасцей. А вось большасцi жанчын хоць i ў паважаным узросце зусiм не хочацца абувацца ў боцiкi “бывай, маладосць”.

З гадамi мяняецца постаць, асаблiва ногi: з’яўляюцца костачкi, дэфармуецца нiжнi сустаў, паўнеюць лыткi. А вось дызайнеры-мадэльеры чамусьцi абмiнаюць сваёй увагай гэтую даволi шматлiкую частку насельнiцтва. Працуюць яны толькi для маладых, танканогiх, якiм усё, што нi абуй, зручна i прыгожа.
Бясконцыя паходы па магазiнах стамляюць, а знайсцi зручныя, мяккiя, з натуральнай скуры або замшы боцiкi, ды яшчэ патрэбнай паўнаты, каб маланку на суставе “не заклiньвала”, каб да канца зашпiлялася яна на распаўнелай лытцы, каб камфортна было нагам, нiяк не ўдаецца. Абутнiкi чамусьцi не распрацоўваюць мадэлi для праблемных ног. I па нармальнай цане. Можа, якая-небудзь абутковая фiрма возьме такi клопат на сябе? Упэўнена: не прагадае. Бо ведаю, колькi маiх знаёмых, ды i незнаёмых, гэткiх жа пакутнiц, з якiмi даводзiцца сутыкацца ў абутковых магазiнах, будуць iм удзячныя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter