Цяжкі дзень.

Чаму панядзелак лічаць нешчаслівым? Якія адносіны да панядзелка былі з боку народнай культуры?

Адным з самых складаных для разумення сваёй сэнсавай нагрузкі сярод дзён тыдня быў і застаецца панядзелак. Сярод культуролагаў і гісторыкаў культуры існуюць розныя погляды на пытанне аб пачатку адліку дзён у той адзінцы часу, якая завецца тыднем. У адным выпадку панядзелак лічыцца першым днём, г.зн. пачатковым момантам новага тыдня. З другога боку, гэты дзень успрымаецца другім днём тыдня ці, дакладней, першым пасля цэлага тыдня (русск. по-недель-ник — пасля нядзелі; старажытнаславянская нядзеля была тым днём, які з прыходам хрысціянства замяніла у-васкрэс-енне). Аднак у любым выпадку — першы ён на тыдні ці першы пасля нядзелі — за ім устойліва замацавалася характарыстыка цяжкага, нядобрага, няўдалага дня. Вядомы фразеалагізм прама сцвярджае: “Панядзелак — дзень цяжкі”.
Магчыма, за вызначальнай роляй панядзелка як дня, які будуе-мадэліруе жыццё чалавека ці сям’і на бліжэйшы тыдзень, тоіцца той яго лёс, які сканцэнтраваны ва ўстойлівым словазлучэнні “З панядзелка на ўвесь тыдзень — шчасце або няшчасце”.
Негатыўнае стаўленне да гэтага дня з’явілася падставай для цэлага шэрагу забаронаў, якія тычацца гаспадарчай дзейнасці чалавека, яго паводзін у сям’і і дома.

  • “У панядзелак работы не пачынай і ў дарогу не выязджай”, “У панядзелак нават цыган у дарогу не збіраецца” — красамоўныя прыказкі, якія забаранялі ў гэты дзень выпраўляцца ў далёкі шлях, пачынаць важныя, адказныя справы (пераход на новае месца працы, куплю-продаж і г.д.).
  • Каб заўсёды быць з грашамі, стараліся не пазычаць іх у першы дзень тыдня: “У панядзелак грошы пазычаць — увесь тыдзень трата”.
  • Знахары не раілі ў панядзелак класціся ў бальніцу, гаварылі, што тады хвароба можа працягнуцца доўгі час (ці не з гэтай нагоды ў нашых бальніцах “планавая” шпіталізацыя адбываецца ў пятніцу, а не ў панядзелак).
  • Нашы продкі лічылі, што ноч паміж двума мужчынскімі днямі (панядзелак — аўторак) можа быць спрыяльнай для зачацця хлопчыка. Па тых самых меркаваннях у гэты дзень не саджалі птушку на яйкі. Па назіраннях старых людзей, карова, якая прынесла прыплод у панядзелак, будзе даваць мала малака.
  • У панядзелак ніколі не сеялі лён, не садзілі капусту — з іх не будзе нічога добрага. Аднак у сувязі з тым, што панядзелак — мужчынскі дзень, на маладзіку можна квасіць капусту.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter