Цярэшка, жартаўнік з Іркуцка

Сябры беларускай суполкі ў суровай Сібіры грэюцца ўзімку танцамі ды гульнямі — як і раней тое рабілі іх продкіКалі хто забыўся ці не ведаў, нагадаю: “Жаніцьба Цярэшкі” — гэта беларускае традыцыйнае абрадавае свята з Каляднага цыклу. Ладзіў яго, з улікам досведу продкаў, асэнсаванага фалькларыстамі, наш маладзёжны клуб “Крывічы”. Годнае месца для вясёлай імпрэзы знайшлося ў Гістарычна-мемарыяльным комплексе “Сядзіба Уладзіміра Сукачова”, родавым гняздзе заснавальніка Іркуцкай карціннай галерэі.
Сябры беларускай суполкі ў суровай Сібіры грэюцца ўзімку танцамі ды гульнямі — як і раней тое рабілі іх продкі

Абрад “Жаніцьба Цярэшкі” — з Каляднымі песняміКалі хто забыўся ці не ведаў, нагадаю: “Жаніцьба Цярэшкі” — гэта беларускае традыцыйнае абрадавае свята з Каляднага цыклу. Ладзіў яго, з улікам досведу продкаў, асэнсаванага фалькларыстамі, наш маладзёжны клуб “Крывічы”. Годнае месца для вясёлай імпрэзы знайшлося ў Гістарычна-мемарыяльным комплексе “Сядзіба Уладзіміра Сукачова”, родавым гняздзе заснавальніка Іркуцкай карціннай галерэі.
Мушу прызнаць, што “Жаніцьба Цярэшкі” і ў нашым часе іркуцкай моладзі даспадобы: вабіць адмысловая эстэтыка дзеянняў ды мяккая, дамашняя атмасфера на ім. Цікава акунуцца з галавой у плынь вяселля- гульні, адчуць сваю непаўторнасць, занырнуць у тонкі свет хвалюючых пачуццяў, вібраваць ад гарачых думак: “Ён выбера менавіта мяне!” ці “Яна глядзіць толькі на мяне!”.
Ва ўтульным двухпавярховым будынку былой канюшні купцоў Сукачовых людна: моладь, дзеці, людзі старэйшага пакалення. Прыйшлі павесяліцца, даведацца пра нешта новае. Вось пачалася гульня, і вядучыя, узяўшы на сябе ролі Бацькі-Цярэшкі ды Маці, дапамагаюць падбіраць-жаніць пары крыху сарамлівых спачатку дзядулек і бабулек. А назбіралася іх урэшце ажно 18. Варта патлумачыць: у жартаўлівай гульні “Жаніцьба Цярэшкі” так прынята называць юнакоў і дзяўчат. Як складуцца пары, як пакажуць яны сябе ў танцах — інтрыга! Каб аблегчыць справу, стварыць добры настрой, гурты “Крывічы” і “Званочкі” спявалі адпаведныя Калядныя песні. Тым часам малыя дзяўчынкі, бачыла я, пахіхіквалі, жыва абмяркоўвалі, хто каму ў парах падыходзіць альбо не: ростам, станам, колерам валасоў, строем адзення…
Як у пары ўсіх паядналі, прыйшоў час Цярэшку зладзіць танцы для дзядулек і бабулек, а заадно дапамагчы ім пазнаёміцца, прыгледзецца адзін да другога. Пачалі, вядома ж, з Лявоніхі, потым пайшлі: Верабей, Полька задам, Полька Агата, Матлет, Падгорная, Лысага, Марынінскі кракавяк... Хто не ўмее — давялося па ходзе вучыцца. А нялёгка: то адна, то другая пара прысаджваліся, каб перавесці дух. Дарэчы, у абрадзе “Жаніцьба Цярэшкі” ўсе танцы былі парнымі, а партнёрамі ніхто не мяняўся: такія тайныя правілы вечара-гульні. Так што па сем патоў сышло ў разгарачаных дзядулек з бабулькамі, ім ужо і за радасць было спыніцца, пастаяць. Зрэшты, што ж яшчэ лепш яднае людзей, чым агульныя цяжкасці, хай сабе і падобнага роду. А яшчэ ж гучаць, западаюць у свядомасць маладую такія словы з абрада: “Кацілася кола з клеці,/ А жывіце дабра, Дзеці!/ А жывіце, ня сварыцеся,/ У загрудкі ня вадзіцеся!”
А як з танцамі скончылі — то чаго ж без справы стаяць! Накрылі стол, частавацца пачалі: чым багаты, тым і рады. А парадавацца было чаму. Леанід Ільіч, напрыклад, са свайго пчальніка мёду прынёс. Святаслаў Макараў хлеба смачнага напёк — на заквасцы ды з насеннем лёну, мяса натушыў. А Соня Кулікова дранікаў напякла. У Святланы Бастраковай каша з арэхамі ды садавінай атрымалася — проста смаката. А былі яшчэ на стале ў Цярэшкі й Гаспадыні сала, бульба, каўбаса... Толькі часу было замала, хутка праляцеў у вясёлай бяседзе. Зрэшты, у нас так заўсёды: як ні збярэмся, то разыходзіцца не хочацца.
А што, спытаеце, з Цярэшкінай жаніцьбы атрымаецца? Хто ж ведае: магчыма, нехта праз такую жартаўлівую гульню і сваю палавінку знойдзе. Тады Цярэшку маладажоны ўсё жыццё ўспамінаць будуць. Мы ж яшчэ ўдзячны і гаспадыням сядзібы, Наталлі Ганчарэнцы і Вользе Зангеевай, за тое, што пусцілі да сябе наша свята. Нам, дарэчы, заўсёды прыемна ў іх бываць: іркуцкія беларусы цэняць такое сяброўства. Дзякуем “Званочкам” — Ганульцы і Настульцы Чупраковым, Соні Куліковай, Лізе Таранушэнцы — за іхнія песні! Дзякуй гасцям, якім мы заўсёды вельмі рады, і ўсім актыўным “Крывічам”, якія хораша зладзілі і правялі разам з Цярэшкам жартаўлівую жаніцьбу.

Воля Галанава, кіраўніца маладзёжнага клуба “Крывічы”, Іркуцк

На здымку:
Абрад “Жаніцьба Цярэшкі” — з Каляднымі песнямі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter