Беларусы Елгавы актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці горада

Цяплом гатовы падзяліцца

Беларусы Елгавы актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці горада

Праца беларускай суполкі “Лянок” арганічна ўліваецца ў плынь гарадскіх культурных падзей — таму і паважаюць у Елгаве нашых супляменнікаў. Пра тое, як гэта робіцца, раскажу на сакавіцкіх прыкладах.

Калі да Свята жанчын ва Упраўленні грамадскай інтэграцыі Елгавы ладзілася вечарына “Усё для жанчын!”, то ўрачыстасць адкрыла Алена Грысле — кіраўніца Беларускага таварыства “Лянок”. Віншаваў гасцей і дэпутат гардумы Віліс Ляўчонакс, а потым — тры пакаленні мужчын. Чыталі свае вершы на беларускай і рускай мовах Вацлаў Гераеўскі ды Аляксандр Глушакоў — абодва з нашай суполкі. Апошні вядомы ў Елгаве і як музыка, дырыжор аркестра духавых інструментаў: ён выкладае ў ваеннай школе. Хоць у дзяцінстве пабываў у фашысцкім канцлагеры, аднак застаецца аптымістам, паэтам-лірыкам. Упрыгожыла свята і выступленне Рыжскага тэатра песні “Этюд”, прычым артысты Юры Ціхаміраў і Яўген Рыхліцкі спявалі на розных мовах: беларуская, італьянская, латышская, польская, руская, цыганская, украінская. А цяпер адкрыю невялічкі сакрэт: незабыўнае свята для жанчын ладзілі сумесна беларуская суполка “Лянок” і Упраўленне грамадскай інтэграцыі горада.

“Засвяціліся” беларусы Елгавы і на свяце Масленіца, якое адзначалася ў спарткомплексе «Sporta Halle”. Вясёлых забаваў там было шмат. А нашы Алена Грысле ды ўдзельніца гурта “Лянок” Вера Свіке правялі для дзяцей і дарослых цікавыя святочныя гульні. Адна з іх, пад назвай “кіданне поўнага мяшка на дальнасць”, мела асаблівы поспех.

19 сакавіка ў філіяле “Jelgava” дзяржцэнтра сацыяльнага догляду “Zemgale” ладзіўся канцэрт, прысвечаны Вялікадню (па заходнім хрысціянскім абрадзе. — Рэд.). Выступілі гурт таварыства “Лянок” (мастацкі кіраўнік М. Елісеева) і танцавальны гурт “Сімха” (кіраўнік С. Розэнцвейг) Елгаўскага яўрэйскага таварыства. Паэт Вацлаў Гераеўскі чытаў свае творы, гучалі песні на латышскай, беларускай і ўкраінскай мовах, былі танцы пад яўрэйскую музыку. Дарэчы, той дзень быў непагодлівы: гусцелі хмары, пайшоў снег, было штармавое папярэджанне... Аднак артысты прынеслі людзям у прытулак сваё сардэчнае цяпло, у якім яны маюць вялікую патрэбу. А ладзілі канцэрт сумесна Упраўленне грамадскай інтэграцыі з суполкай “Лянок” ды яўрэйскім таварыствам.

Іна Олесава, член праўлення Елгаўскага беларускага таварыства “Лянок”

Голас Радзімы № 15 (3471), чацвер, 28 Красавіка, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter