Цяпло івянецкіх сустрэч

Над ракою Волмаю стаяць выдатныя помнікі архітэктуры, працуюць таленавітыя народныя майстры
Касцёл Святога Міхала Архангела — архітэктурная славутасць ІвянцаНад ракою Волмаю стаяць выдатныя помнікі архітэктуры, працуюць таленавітыя народныя майстры.

Ужо больш за сем стагоддзяў гучыць гэтае мяккае, прыемнае для слыху слова: Івянец. З таго самага часу, як Вялікі князь Вітаўт заснаваў паселішча тут, у кіламетрах сямідзесяці ад Менска. Гісторыя, пагадзіцеся, немалая, але звонкія словы “вянец”, “вянок”, ад якіх утворана назва Івянца, нагадваюць і пра маладосць, светлы пачатак жыцця.

У гарадскім пасёлку сёння шмат прыкметаў як былога, так і новага часу. Сучасныя, еўрапейскага тыпу дарожныя знакі-паказальнікі вуліц — і старажытны герб пасёлка з выявай льва ля ўезда ў Івянец. Вялікія прасторныя дамы з цэглы — і нізкія жоўтыя, чырвоныя, зялёныя драўляныя хаты, што ледзь не судакранаюцца стрэхамі адна з другой. Беласнежная царква, збудаваная на пачатку ХХІ стагоддзя, — і архітэктурная пярліна, касцёл Святога Міхала Архангела, якому каля 200 гадоў. І яшчэ прыклад кантрастнага жыцця Івянца — вялізнае дрэва на руінах былой сядзібы Пятра Драгунцава, адна палова якога радуе пышнай серабрыстай кронай, а другая, пацярпелая ад пажару гадоў дзесяць таму, працягвае ў неба свае чорныя галіны-рукі.

Драўляных спраў майстар Мікалай Задрэйка за работайУсё гэта, аднак, знешні воблік Івянца. Давайце прыгледзімся да яго больш уважліва. З даўніх часоў мястэчка вядома як ганчарны цэнтр: на пачатку XX ст. тут былi дзве мануфактуры па вытворчасці кафлі, больш за 20 ганчарняў. Івянецкія керамічныя вырабы карысталіся вялікім попытам як сярод жыхароў Беларусі (да прыкладу, у Якуба Коласа была калекцыя цацак-свістулек), так і на кірмашах у Вільні, Варшаве… Узоры ганчарнага посуду з характэрным для Івянца дэкорам (бела-зялёныя зігзагі і палосы), кафлі, фігурнай ляпной пластыкі XVII-XX стагоддзяў можна ўбачыць у Івянецкім музеі традыцыйнай культуры. Дарэчы, у мінулым гэта быў музей Фелікса Дзяржынскага, які нарадзіўся ў Дзяржынаве, вёрст за пятнаццаць ад мястэчка.

Ганчарныя традыцыі развіваюцца тут і сёння. З 1955 года ў Івянцы дзейнічае цэх мастацкай керамікі, і цяпер каля дзесяці ганчароў працуюць ва ўласных майстэрнях. Іх вырабы праз музеі у Дудутках, Свіры, Нясвіжы расходзяцца па ўсім свеце. Раз на тры гады ў пасёлку ладзяць вялікі агляд-конкурс “Гліняны звон”. А дзесяць гадоў таму пры музеі адкрыты Цэнтр рамёстваў. У “Ганчарні”, адной з яго майстэрань, працуе жыццярадасны Міраслаў Раманоўскі, з-пад рук якога штодзённа плаўна выслізгвае з дзесятак гатовых гліняных вырабаў. “Любоў да гліны перадалася мне, як кажуць, па крыві ад бацькі-ганчара, — ахвотна расказвае Міраслаў. — Потым была студыя рамяства ў школе, далей — Беларускі універсітэт культуры. Я адчуваю сябе шчаслівым чалавекам, бо раблю тое, што мне сапраўды падабаецца: ад свістулек да вазаў”, — малады ганчар падносіць да вуснаў сваю рыбку-свістульку, і пакой запаўняюць гукі, падобныя да мелодыі дуды.

Вырабы з майстэрні Міраслава РаманоўскагаПрацуе тут і майстэрня “Ткацтва”. А на тэрыторыі сядзібы Драгунцава, былога ўладальніка Івянца, адкрыта кузня, створана майстэрня па мастацкай апрацоўцы драўніны. Калі я зайшла туды, прыемна было ўдыхнуць свежы водар драўніны. А фігуркі (тут і простыя сяляне, і беларускія пісьменнікі, і цэлыя кампазіцыі, накшталт “Папараці-кветкі” ў чалавечы рост) здзіўляюць вытанчанасцю і натуральнасцю. Дарэчы, з разьбою майстра Мікалая Задрэйку звязаў выпадак. “Усё пачалося з дзіцячай спрэчкі, у каго з класа лепшы малюнак атрымаецца. Аказалася, што ў мяне, — з задавальненнем успамінае Мікалай. — Пачаў займацца ў гуртку. Убачыў, як старэйшыя дзеці выразаюць па дрэву — і мне захацелася паспрабаваць. Атрымалася. Закончыў мастацкае вучылішча ў Бабруйску. Аднак потым больш за 12 гадоў не займаўся разьбой: працаваў, будаваўся, выхоўваў дзяцей. А вось сёлета вярнуўся: душа не вытрымала…” Творамі Мікалая ўжо ўпрыгожаны многія мясціны ў Івянцы: ад студні, дзе бруіць мясцовая крыніца, да інтэр’ера будучай карчмы ў будынку былога панскага свірна. Майстра ў рабоце і сёння. Мне разам з цікаўнымі школьнікамі, што якраз прыйшлі на экскурсію, пашчасціла назіраць, як Мікалай з захапленнем, спрытна арудуючы долатам і малатком, стварае з тоўстага дрэва, дыяметрам з паўтара метра, выяву касцёла Святога Міхала Архангела.

Між іншым, гэты барочны касцёл — яшчэ адна мясцовая славутасць. Заснаваны разам з кляштарам францішканцаў у 1702-м, ён пасля падзей 1831 года быў перададзены праваслаўным, а ў 1918-м — зноў вернуты католікам. Як расказаў мне айцец Лех, у канцы нямецкай акупацыі Івянца фашысты загадалі зняць з касцёла 4 званы, мяркуючы пераплавіць іх. Цікава, што званы былі адметныя, адлітыя пад Варшавай у 1935 годзе ў гонар маршалка Пілсудскага, а сродкі на іх сабралі афіцэры, падафіцэры і стральцы гарнізону Корпусу аховы мяжы. Якая, дарэчы, у той час якраз і праходзіла каля Івянца, дзелячы Беларусь на Заходнюю і Усходнюю. Званы знялі, ды забраць іх немцы не паспелі. Пасля чаго вернікі вырашылі да пары да часу прыхаваць іх, а месца схову трымаць пад сакрэтам. У савецкія часы набажэнствы тут не праводзіліся: у будынку касцёла размяшчаліся склады, цэх па металаапрацоўцы. Потым касцёл зноў быў вернуты католікам. Сёння праводзіцца яго рэстаўрацыя, а яшчэ, па просьбе старажылаў Івянца, ідуць пошукі званоў. Вядома толькі, што яны закапаны дзесьці на беразе ракі. Два гады таму адзін са званоў знайшлі пад вежай касцёла і вярнулі на месца. А дзе знаходзяцца астатнія тры — пакуль невядома.

Людміла Мінкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter