Супрацоўнікі Дзяржаўнага лі­таратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа зрабілі выставу “Спорт у сям’і Міцкевічаў”

Цвёрдая рука Якуба Коласа

Адметная выстава на спартыўную тэму створана ў вядомым літаратурным музеі Мінска
Адметная выстава на спартыўную тэму створана ў вядомым літаратурным музеі Мінска

Супрацоўнікі Дзяржаўнага лі­таратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа зрабілі выставу не зусім, так бы мовіць, у рэчыш­чы літаратурнага працэсу: “Спорт у сям’і Міцкевічаў”. Сабралі ціка­выя матэрыялы. Аказваецца, Кан­станцін Міцкевіч (Якуб Колас) яшчэ пад час навучання ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі цікавіўся фізкультурай. Любіў “падужыцца” з сябрамі-семінарыстамі: падымаў рукі, падгінаў кулакі, і з кожнага боку навешваліся па тры чалавекі. І не маглі яны адагнуць рукі сялянскага сына. Волат!

Вядома, што Якуб Колас вельмі любіў гуляць у шахматы з Янкам Купалам. Яны сябравалі, а спаборніцтвы ішлі з пераменным поспехам. Захапляўся шахматамі і Даніла Міцкевіч, старэйшы сын Песняра. А ці ведаеце вы, што Колас быў выдатным стралком? У час Першай сусветнай вайны лічыўся лепшым у сваёй роце па стральбе з нагана, і з малакаліберкі страляў добра. Тыя здольнасці перадалася сынам Юрку і Міхасю. Першы часта ўдзельнічаў у спаборніцтвах па стэндавай стральбе. Нават без грунтоўнай падрыхтоўкі займаў прызавыя месцы. І вельмі добра плаваў, мог гадзінамі трымацца на вадзе.

Міхась Міцкевіч таксама займаўся стральбою, удзельнічаў у спаборніцтвах, у яго шмат грамат і ўзнагарод, ён майстар спорту па стэндавай стральбе. Быў нават на Алімпійскіх гульнях у Рыме — як старшыня рэспубліканскай секцыі па стральбе пры спорткамітэце.
А любімым заняткам Якуба Коласа, як многім вядома, было “ціхае паляванне”: збор грыбоў. Ён добра ведаў грыбныя мясціны і “грыбны” час, “паляваў” звычайна ў лясістых мясцінах Пухавіцкага раёна. Найбольш любіў чарнагаловыя баравікі-прыгажуны.

Унукі і праўнукі Якуба Коласа таксама здатныя да розных відаў спорту: класічная барацьба, тэніс, лыжы, шахматы, більярд...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter