Семьи в социально опасном положении: что меняется с 1 февраля в процедуре их признания

Цвяроза ацанiлi сiтуацыю

Бацькі, якія цябе любяць, чыстая ўтульная кватэра, належнае харчаванне... Так мы ўяўляем сабе шчаслівую сям’ю, у якой камфортна жыць дзеткам. На жаль, трапляюцца і такія бацькі, якія не жадаюць забяспечваць гэты камфорт. Прычыны таму розныя, а вось вынік заўсёды адзін і той жа: дзіцячыя слёзы. Каб праблемы ў сям’і своечасова выяўляліся і прадухіляліся, Савет Міністраў зацвердзіў Палажэнне аб парадку прызнання дзяцей знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Карэспандэнт «Р» з дапамогай спецыялістаў разбіралася ў новых правілах. 

Спецыялісты па-ранейшаму будуць старанна сачыць за ўсімі сем’ямі, у якіх склалася неспрыяльная для дзяцей абстаноўка.
Калаж Юліі КОСЦІКАВАЙ

Да пяціпавярховага дома на вуліцы Кальварыйскай падыхо­джу за дваццаць хвілін да прызначанага часу. Нават не ведаючы нумара кватэры, адразу здагадваюся, у якой чакаюць сацработнікаў і інспектара па справах непаўналетніх, — з акна на першым паверсе часта выглядвае жанчына і пільна сочыць за кожным мінаком. 

У кватэры, куды мы пазней заходзім, прыемна здзіўляе чысціня і парадак: пярэдні пакой асвятляюць елачныя агеньчыкі, а па тэлевізары пад акампанемент дзіцячага смеху ідуць мульцікі. Ніколі б не падумала, што гэтая сям’я з трыма малымі можа знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Але, як аказалася, руплівай маці 27-гадовая Кацярына была не заўсёды.

— Яшчэ ў мінулым годзе дзяцей забіралі з сям’і, таму што жыць ім у тых умовах было небяспечна: маці з бацькам часта выпівалі, — распавядае Сняжана Галякевіч, участковы інспектар ІСН Фрунзенскага РУУС. — На шчасце, жанчына адумалася, а муж — не, таму і бавіць дні ў ЛПП. За свае 30 гадоў ён туды трапляе ўжо чацвёрты раз.

Як правіла, інспектары прыходзяць з праверкамі без папярэджання.
Фота аўтара

Кацярына спраўна выконвае ўсе рэкамендацыі: у халадзільніку — дзіцячае харчаванне і сумесі, у ложках чыстая пасцельная бялізна, у кватэры парадак.

— Ужо праз пару тыдняў па гэтай сям’і збярэцца камісія, якая разгледзіць пытанне аб зняцці з яе статусу СНС, — дапаўняюць сацыяльныя педагогі. — Мы ўсё роўна будзем перыядычна заходзіць у госці, асабліва калі муж вернецца з ЛПП. Але маці — добрая дзяўчына, відаць, што любіць сваіх малых.

На развітанне сацработнікі пытаюцца, ці наведвае Кацярына мужа. «Куды там! У мяне часу няма», — адказвае жанчына. У вачах правяраючых чытаю ледзь прыкметнае адабрэнне — глыбока ў душы яны спадзяюцца, што Каця развітаецца з мужам, калі той не стане на шлях выпраўлення.

Аляксандр Чарняк, на­чаль­нік інспекцыі па справах непаўналетніх Фрунзенскага РУУС, адзначыў, што зацверджаная Урадам пастанова заклікана палепшыць жыццё дзяцей і адстаяць іх законныя правы:

— Раней у сваёй рабоце мы абапіраліся на Інструкцыю аб парадку выяўлення непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне — дакумент з 6 пунктаў распрацавала Міністэрства адука­цыі. У дакуменце Саўміна іх усяго 3, і яны добра структурыраваныя. Па-першае, мы будзем звяртаць увагу на сем’і, у доме якіх сістэматычна няма ежы. Прыгледзімся і да бацькоў, якія не выконваюць рэкамендацыі ўрачоў па дыягностыцы і лячэнні дзяцей, а таксама не дазваляюць ім атрымліваць агульную базавую адукацыю. У СНС могуць патрапіць і сем’і, у дамах якіх ёсць пагроза ўзнікнення пажару: не адпавядаюць патрабаванням газавае абсталяванне, печы, электрасеткі ці, напрыклад, пажарныя апавяшчальнікі дэмантціраваныя. Другі пункт рэкамендуе нам звярнуць увагу на сем’і, дзе бацькі не забяспечваюць нагляд за паводзінамі дзіцяці і яго спосабам жыцця, з-за чаго яно здзяйсняе адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы. І трэці пункт датычыцца бацькоў, якія вядуць амаральны спосаб жыцця, ужываюць наркотыкі, празмерна выпіваюць і жорстка абыходзяцца з дзецьмі.

Дакумент уступае ў сілу 1 лютага — на працягу паўгода спецыяльныя камісіі перагледзяць усе рашэнні аб прызнанні дзяцей знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы, прынятыя да пастановы. Аляксандр Чарняк лічыць, што колькасць такіх сем’яў скароціцца:

— Новы дакумент вельмі канкрэтны, у спецыялістаў не будзе ўзнікаць спрэчных пытанняў. Напрыклад, у папярэдняй інструк­цыі былі такія крытэрыі, як «адсутнасць у дзіцяці адэкватнага ўзрос­ту адзення», «недахоп клопату, абумоўлены хваробай, беднасцю або невуцтвам», «пражыванне непаўналетняга ў сям’і ў сітуацыі канфлікту». Пагадзіцеся, усе мы неідэальныя, пад гэтыя крытэрыі часам могуць патрапіць і нармальныя сем’і. Але важна звяртаць увагу на сукупнасць фактараў — мы па-ранейшаму будзем старанна сачыць за ўсімі сем’ямі, у якіх склалася неспрыяльная для дзяцей абстаноўка, і акружым іх пільнай увагай.

glushko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter