Цуды каменнага Дзеда

Ледавіковы валун лячыў жанчын ад бясплоднасці і ратаваў салдат ад кульШто ні здарыцца дрэннае — пажар, крадзеж, паморак на скаціну, хвароба, усе ішлі да чараўніка па дапамогу. Ён варажыў па сонцы, па зорках, па вантробах казы або авечкі, тлумачыў, чаму здарылася няшчасце і як ад яго пазбавіцца... Гэта не легенда. Гэта праўдзівая гісторыя пра ўсемагутнага чараўніка, які яшчэ ў канцы XIX стагоддзя жыў у Мінску. У 1940 годзе мастацтвазнаўца Міхаіл Кацар запісаў успаміны старажылаў вуліцы Лодачнай, дзе існавала знахарава “язычніцкае капішча” (цяпер тут сквер насупраць ліцэя БДУ).У 1995 годзе Кацараў архіў згарэў, але нататкі з даваеннай экспедыцыі захаваліся — іх да трагічнага здарэння паспеў перапісаць мастак і этнограф Тодар Кашкурэвіч. А вось ад свяцілішча і следу няма. Толькі камень пад назваю Дзед, ля якога чараваў знахар, ацалеў — цяпер помнік геалогіі і гісторыі захоўваецца ў музеі валуноў, што ў сталічным мікрараёне Уручча. Гісторыя мінскага валуна і месца, дзе здараліся цуды, — перад вамі, ва ўспамінах відавочцаў.

“Тут была жудасная тхлань, глуш”
Калі Міхаіл Кацар прыйшоў на вуліцу Лодачную, гэта была звычайная для перадваенных гадоў прамысловая ўскраіна: драўляныя дамкі, агароды, а побач — карпусы станкабудаўнічага, гарэлачнага заводаў. А яшчэ ў канцы XIX стагоддзя тут шумеў лес, які дзе-нідзе пераходзіў у балота, што непрыкметна станавілася хвалістай Свіслаччу. “Лес густы: яліна, асіна, бяроза, альшына, ні прайсці, ні праехаць, — згадвала, як выглядалі ваколіцы, Хрысціна Несцяровіч, якая нарадзілася ў гэтых мясцінах у 1853 годзе. — Тут была жудасная тхлань, глуш. І ў гушчары, сярод балота, на топкім беразе Свіслачы стаяла малельня. А пасля прыехалі жандары і раскідалі вогнішча ды затушылі агонь. Знахар ледзь адкупіўся: даў паліцэйскаму жандару многа грошай і цэлую бочку мёду. Так тады ў нас казалі”.
Аднак іншая мясцовая жыхарка, Хрысціна Савельіна, сцвярджала, што ўсё было іначай: “Дазналіся папы, што чараўнік Севасцей разбагацеў пры малельні, і пастанавілі адабраць у яго камень, паставіць ля яго крыж і служыць па-хрысціянску набажэнства. Стаў тут служыць айцец Яўфімій. Ён таксама разбагацеў. Але пасля папаўзлі чуткі, што сапраўдныя папы і дзякі не хацелі маліцца тут, пры камені. Яны казалі, што гэта паганае месца, што тут, бывае, збіраюцца чэрці, жыве ведзьма. Аказваецца, што служыў пры гэтым камені канакрад, які ўцёк з турмы, што ён — не Яўфімій, а нейкі Аўхім Скардовіч, з прыгонных сялян з Міншчыны... Пасля ён уцёк невядома куды”.
Старац Севасцей быў “высокі і тоўсты мужчына з вялікай чорнай барадой і доўгімі валасамі: хто казаў, што ён злы, а хто гаварыў — добры”. Памёр чарадзей у веку больш як ста гадоў яшчэ да Руска-японскай вайны. Гэта значыць, не стала святара да пачатку ХХ стагоддзя. Хрысціна Савельіна сведчыла, што Севасцей меў каменнае здароўе: “Але як упала яго зорка з неба, так праз год пасля гэтага чараўнік і памёр. На могілках хаваць не дазволілі. Быў тут могільнік людзей, якія хадзілі маліцца ў малельню, а не ў царкву. Тут, дзе цяпер завод (станкабудаўнічы імя Кірава. — В.К.), яны хавалі сваіх. Іх лічылі праклятымі ад папоў і ксяндзоў”.
“Яго шанавалі, нібы Бога”
Несумненна, з пункту гледжання хрысціянскай рэлігіі, усё, што адбывалася ля каменя Дзед, выглядала не іначай як цемрашальства. Але многія людзі верылі знахару, хадзілі да яго, як і сёння наведваюць экстрасэнсаў, цыганак, вясковых знахарак. Хрысціна Несцяровіч перадала настрой грамадства свайго часу ў дачыненні да валуна: “Раней я думала, што камень святы. Але папы пасля сказалі, што ён не святы. Што маліцца яму грэх”. І тым не менш валун шанавалі, яму пакланяліся. Са слоў той жа Несцяровіч, “увесь камень быў абвешаны ручнікамі і палатном. На яго вылівалі віно, мёд, малако. Ён быў галоўны, ён быў самы вялікі ў гэтай малельні. Яго шанавалі, нібы Бога, як гэта бывае ў царкве”.
Паводле падлікаў Міхаіла Кацара, малельня над Свіслаччу не існавала з 70-х гадоў XIX стагоддзя. “За дзесяць год да Японскай вайны там стаяў, як і цяпер, камень, — успамінала мінчанка пані Камоцкая. — Узвышаўся тоўсты, мабыць, у пяць абхватаў дуб з сухім верхам і з вялікім дуплом (нездарма ж дрэва мела імя Волат. — В.К.). Тады ж тут усталявалі нешта з каменю і цэглы — накшталт стаўба з аршын вышынёю. Там гарэў агонь, гэта таксама помніцца. Агонь, або капішча па-вашаму (па Кацару. — В.К.), меў вялікае значэнне ў жыцці, не меншае, чым царква”.
Іван Бялькевіч сур’ёзна рызыкаваў, калі ў атэістычным 1940 годзе прызнаваўся вучонаму, які завітаў да яго ў двор, што быў шчырым вернікам. Іван Фёдаравіч “змагаўся з каменем” да апошняга, пакуль людзі хадзілі да знахара. Каменем, агнём Бялькевіч называў усё свяцілішча, дзе адбываліся “язычніцкія” рытуалы. “Некаторыя людзі хадзілі ў царкву і да гэтага агню. Калі хто захварэе, ці здохне жывёла, то ішлі да знахара. Туды мусіў быў прынесці ахвяру. Калі яйцо, калі пеўня, калі курку. Мяса браў сабе чараўнік, ну а ногі, кішкі, усякае смецце спальвалі на агні як ахвяру багам. Тады чараўнік памагаў гэтаму чалавеку. Ну а ў свята ўсе хадзілі маліцца ў царкву, каб Бог адпусціў грахі, памілаваў”.
“Чараўнікоў толькі цяпер лічаць за благіх людзей, за служак антыхрыста, — быццам апраўдвалася Хрысціна Савельіна. — Раней жа іх нашы дзяды лічылі за святых і ва ўсім слухаліся, маліліся ім, прыносілі багатыя ахвяры. Калі ў каго баліць жывот або жанчына хоча нарадзіць, але дзяцей не мае, тады, каб акрыяць, яна вешала свой хвартух на камень. А калі дзяўчына хоча выйсці замуж, то яна загадвае на якога-небудзь дзецюка і вешае ручнік, вышыты сваімі рукамі, на гэты камень. Вось такімі прывескамі тады быў абвешаны гэты камень. А іншыя дарункі вешалі на дуб. Ці спраўдзілася ўсё гэта — не ведаю”.
Надзея жыла трыццаць тры дні — столькі мусілі вісець на камені “ахвяры”. “Ну, а калі хто ўкрадзе, тады трэба вешаць зноў. Вось знахар стараўся як скарэй зняць з каменя ахвяру і схаваць у кубел”, — Савельіна нібыта пацвярджае чуткі пра махінацыі “святара”, які “працаваў” пры валуне.
“Людзі выкрылі гэтую лавачку”
Гісторыі, якія ў сярэдзіне ХХ стагоддзя расказвалі жыхары вуліцы Лодачнай пра валун Дзед, так званае капішча, вельмі супярэчлівыя. Вось што запомніла і паведаміла Міхаілу Кацару пані Камоцкая:
— Адна жанчына не мела дзяцей, але вельмі хацела нарадзіць, толькі ніякія сродкі не дапамагалі. Тады знахар сказаў, што ён дапаможа ейнай бядзе. А дзеля гэтага трэба зрабіць так. У самую цёмную ноч прыйсці да капішча. Сесці голым месцам на камень. І спадніцаю закрыць увесь камень. Так трэба рабіць тры разы. Пры гэтым сказаць тры разы: “Памажы божа!” Пасля гэтага ў гэтай бабы нарадзілася некалькі дзяцей. Абое, муж і жонка, былі задаволеныя. Быў задаволены і знахар, што дапамог сям’і.
Да чараўніка часта звярталіся па дапамогу, каб адшукаць украдзеную жывёлу. Вось як знахар вырашаў гэтае пытанне. Ён звязаўся са злодзеямі, каб яны паведамлялі, дзе схавана крадзеная жывёла. Стала яшчэ больш крадзяжоў. Але раслі аўтарытэт ды прыбытак знахара. Кожны селянін плаціў за знойдзеную скаціну знахару. Аднак нарэшце людзі выкрылі гэтую лавачку ды пабілі ведзьмара. Колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе.
Знахар стараўся выкарыстаць любую магчымасць дзеля ўласнай выгады. Дуб даваў шмат жалудоў. Неяк Севасцей пачаў раздаваць людзям гэтыя жалуды за прынесеныя прадукты. Памятаю, за адзін жолуд даваў адно яйка. Гэтыя жалуды лічыліся лекавымі. А калі жалудоў са святога дуба не ставала, знахар хадзіў у лес ды збіраў жалуды з іншых дубоў і раздаваў іх вернікам. Але людзі пра гэта даведаліся і добра ўлупілі чарадзею.
Хрысціна Савельіна згадвала, што знахар вырабляў гліняных пеўнікаў, абпальваў іх у агні, размалёўваў: “Гэтых пеўнікаў даваў кабетам, чые мужы пайшлі на вайну. Пеўніка трэба было трымаць у сцяне на покуці і маліцца, прасіць, каб Бог абараніў твайго мужа ад супастата, ад кулі, ад штыка, ад пікі, ад шаблі”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter