Цудоўная рака, казачныя берагі

У  канцы мая на рэках і азёрах Брэсцкай вобласці зняты часовыя абмежаванні на выкарыстанне плаўсродкаў. Перыяд нерасту рыбы завершаны, і водныя прасторы адкрыты для падарожжаў і рыбалкі. Гэтага дня з нецярпеннем чакалі сотні людзей, прадчуваючы асалоду ад першага сплаву. Зняцце забароны супала з заканчэннем сезона дажджоў. Спякотнае сонца фарбавала ваду ў сіні колер. Сінявокай убачыў экіпаж катамарана “Надзея” з Брэста раку Ясельду, выбраўшы для першага ў бягучым годзе 70-кіламетровага падарожжа пунктам прычала рэспубліканскі заказнік  “Спораўскі” ў Бярозаўскім раёне. 



Ясельда — левы прыток Прыпяці — на дзіва прыгожая рака! Бярэ свой пачатак каля Белавежскай пушчы. Ціхай змейкай блытаючыся сярод парослых густым чаротам берагоў, то  звужае яна сваё рэчышча да памеру раўчука, то зноў пашыраецца. За кожным паваротам — то лебедзі, то асцярожныя белыя і шэрыя чаплі. Устрывожаныя з’яўленнем людзей, дзясяткі качак-крыжанак спрабуюць напалохаць чужакоў  пранізлівымі крыкамі і адагнаць нас ад месцаў свайго гнездавання. У гэтым царстве птушак спакойна адчувае сябе і вяртлявая чаротаўка. У заказніку “Спораўскі” — самая вялікая ў свеце яе папуляцыя.  



Цудоўныя выгляды адкрываюцца і з высокага, пакрытага хваёвым лесам левага берага Ясельды ля вёскі Высокае Бярозаўскага раёна. Можна палюбавацца адлюстраваным у вадзе заходам сонца, а на досвітку  — атрымаць асалоду ад паху чыстага ранішняга паветра, калі зыходзіць цемра, а дзень паўстае ў свежых, нібы толькі што разведзеных мастаком фарбах.

 

На левым беразе, каля вёскі Жабер Драгічынскага раёна, чакае сустрэча з ваеннай гісторыяй. Некалі над ракой на пагорку стаяў абарончы замак, пабудаваны ў пачатку XVII стагоддзя князямі Вішнявецкімі. Яго гарнізон складаўся з 700 чалавек, а прыгонныя бастыёны мелі на ўзбраенні 40 бронзавых гармат (мінулай зімой дайверы дасталі з рэчкі ядры). У 1706 годзе, падчас Паўночнай вайны, замак быў разбураны. Сёння аб былой крэпасці на Ясельдзе нагадвае памятны знак.



Ясельда працякае праз Спораўскае возера. Яно рыбнае, таму мясцовыя жыхары, вядомыя сваім пачуццём гумару людзі, размясцілі на вясковым гербе ярша.  

Павел Куніцкі

Фото автора

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter