Женские божества — Великая Богиня-Мать и Мокош в мифах и преданиях белорусов

Цудадзейныя ўладаркі

У старажытных рэлігіях і міфах свету вялікая колькасць розных жаночых божастваў. Аднак усе яны мелі агульную рысу: увасабленне прыроды і вытокаў жыватворчых сіл.


Галоўнае жаночае бажаство, якое прысутнічала ва ўсіх старажытных абрадах, — Вялікая Багіня-Маці. Некаторыя навукоўцы менавіта яе вобраз лічаць першай праявай сутнасці бажаства. Архаічныя рэлігіі розных народаў ушаноўвалі Багіню-Маці як крыніцу стварэння свету, якая ў сваю чаргу ўтваралася ад саюзу Маці-Зямлі і Бацькі-Неба. Такія боскія адносіны потым сталі правобразам любоўных зносін паміж людзьмі. На­дзеленая сакральнай рысай стварэння багіня ва ўяўленнях старажытных лю­дзей нараджала не толькі свет, але і розных жывых істот, лю­дзей, жывёл і нават пачвар.

Беларускі археолаг і гісторык Людміла Дучыц у кнізе «Язычніцтва старажытных беларусаў» адзначае, што стваральніца і ахоўніца сусветнага парадку, маці розных багоў і герояў, кіравала светам на ўсіх узроўнях, валодала сіламі зямлі, месяца і вады, была непарыўна звязана як з самім жыццём, так і з вайной і разбурэннем. «Таму яе функцыі здаюцца супярэчлівымі і падвойнымі, паколькі яны адказваюць не толькі за стварэнне і нараджэнне, але і за разбурэнне, хваробы і смерць, — адзначае аўтар. — Пазней, з надыходам новай рэлігіі, рысы і функцыі Маці распаўсюдзіліся на другія жаночыя божаствы».

У беларусаў да самага старажытнага земляробчага культу Маці-Зямлі можна аднесці агульнаславянскае бажаство Мокаш, або Макош, — багіню зямлі, ураджаю, жаночай долі. Мокаш успрымалася як Вялікая Маці ўсяго жывога. Акрамя гэтага, яна была ўладаркай і так званай ніжняй часткі свету. Яе імя асацыіруецца з вадой. Мокаш была ахоўніцай усіх жаночых заняткаў, асабліва прадзення і ткацтва. Таму ўшаноўвалі багіню пераважна жанчыны.

Любімым днём тыдня Мокашы была пятніца. У гэты дзень жанчыны не займаліся хатнімі справамі, інакш яна магла пакрыўдзіцца і наслаць розныя хваробы.

Дарэчы, Мокаш ушаноўвалася і пасля прыняцця хрысціянства. Існавала традыцыя, калі жанчыны збіраліся разам і прыносілі жаночаму бажаству ў ахвяру жыта і мёд.

Цікавая дэталь: аб тым, што багіня Мокаш была на самай справе важнай, сведчыць згадка пра яе ў «Аповесці мінулых гадоў».

Некаторыя навукоўцы пры аналізе асноўнага міфа знаходзяць сувязь Мокашы з богам агню Перуном. Некаторыя багіню плоднасці лічаць нават яго жонкай. У той жа час у міфах выяўляецца матыў здрады Мокашы Перуну, пасля чаго яна пазбавілася боскага і сямейнага статусу, была саслана на зямлю. Гэты міф атрымаў адлюстраванне ў беларускіх тапанімічных назвах. Напрыклад, Мокшава балота, вёска Мокіш Хойніцкага раёна.

Пасля прыняцця хрысціянства язычніцкую Мокаш замяніла святая Параскева. Менавіта яна стала ахоўніцай урадлівасці зямлі, шчаслівых шлюбаў, жаночых клопатаў і дзявочага лёсу. Перайшла на гэтую святую і забарона жаночых прац у пятніцу, таму яе сталі называць Параскевай Пятніцай.

АД ПРАДЗЕДАЎ

Багіню плоднасці Мокаш майстрыхі адлюстроўвалі таксама на вышыўках. Яна паўставала на ручніках і посцілках у выглядзе выявы жанчыны з вялікай галавой і паднятымі ўверх рукамі, што сімвалізавала сувязь зямлі і неба.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter