Цудадзейны ўкол

— Доктар, будзьце мiласцiвы да маёй жонкi. Яна ж такая хворая...

Так званы кабiнет зубнога ўрача сельскай бальнiцы, што размяшчалася ў доме былога ксяндза, якi ў свой час раздзялiў лёс з польскiмi афiцэрамi ў Катынi, знаходзiўся ў самай прыхожай, занавешаны толькi ад пацыентаў дзвюма белымi прасцiнамi. I ўсе пацыенты маглi не толькi чуць, але i назiраць зубаўрачэбныя працэдуры.

Звычайна хворых было малавата, асаблiва летам. Але ў гэты дзень на прыём да ўрача Янука Савоськi сабралася чалавек пяць, а то i шэсць.

Савоська выглянуў з-за шырмы-«кабiнета», пацiкавiўся: каму пiльней трэба лячыцца?

— Во ёй, ёй! – ледзь не хорам адказалi жанчыны, сярод якiх быў i адзiн даволi пажылы дзядзька.

I хворыя паказалi — хто кiўком галавы, а хто нават пальцам — на такую ж пажылую бабулю, якая сядзела на лаўцы каля самых уваходных дзвярэй.

— Гэта мацi таго хлопца, якi некалi застрэлiўся. Можа, чулi пра яе гора? Яна з таго часу вельмi хворая. Пастаянныя бяруць прыпадкi. I мы ўсёй вёскай яе ратуем.

I хворыя расказалi, як старая трацiць прытомнасць на вулiцы, але чамусьцi толькi пры людзях.

— Доктар, уважце. Не зрабiце ёй балюча, — падняўся з лаўкi дзядок. – Гэта мая жонка. Кожны дзень яна падае без памяцi, i я ледзь-ледзь адлiваю яе вадой. Дый суседзi памагаюць.

Гэтыя просьбы-заклiнаннi хворых не на жарт устрывожылi доктара.

— Вы ж, пэўна, ведаеце яе бяду. Як загiнуў яе сын? – прасунуўшы галаву праз шырму-«дзверы» кабiнета, прамовiла не маладзейшая за пацыентку жанчына.

— Доктар, будзьце мiласцiвы да маёй жонкi. Яна ж такая хворая. Але дактары, да якiх мы звярталiся, ёй веры не даюць, кажуць, што не такая яна ўжо i хворая. А вы, можа, чулi, якая бяда з нашым сыночкам здарылася?

Доктар чуў пра гэту бяду, якая напаткала не толькi гэтых людзей, але i старшыню мясцовага калгаса, Героя Сацыялiстычнай Працы, i яго жонку.

Старшыня — заядлы бальшавiк, партызан — заўсёды ездзiў па калгасе i ў раён на падводзе, сам, без возчыкаў. Калi ледзь не ўсе старшынi перасядалi ўжо на «сталёвых кабылак» пад стандартнай назвай «Волга». Каб не псаваў твар раёна, яго, старшыню самага перадавога ў раёне калгаса, прымусiлi купiць «сталёвую кабылку». Але яна так i прастаяла некранутай у сваiм хлеўчуку, так званым гаражы, вельмi i вельмi доўга. Яго дачка i сын гэтай бабулi ўжо вучылiся ў дзевятым класе. Дзяўчына вельмi кахала хлопца. Кахала, вiдаць, неймаверна, як i ён яе, мусiць. I, як у нейкае нядобрае прадчуванне, дзяўчына аднойчы на вечарынцы пыталася ў каханага:

— Што б ты рабiў, калi б я памерла?

— Закахаўся б у другую, — вiдаць, зусiм жартам адказаў ён. – А ты?

— А я не жыла б без цябе.

I вось пад канец хрушчоўскай кукурузнай эпапеi здарылася неверагодная трагедыя: хлопец зрабiў нейкi самапал i вырашыў яго выпрабаваць. Запалiў порах, але самапал не стрэлiў уперад, а аддаў увесь зарад назад, у пах хлопцу. I прабiў пахавую артэрыю. Кроў свiстанула неймаверна як. Маладая ўрач-мiнчанка, якая адбывала тут два гады «прынудзiлаўкi», затампанавала марляй з ватай рану хлопца, загадала старшынi гаспадаркi Бернасю запрэгчы кабылку Ластаўку i везцi за васямнаццаць кiламетраў у Глыбокае. Бо ў Мосар «хуткiя дапамогi» не мелi сiлы пераадолець непралазную гразь. Па дарозе хлопец i памёр.

…У той прыгожы летнi дзень дзяўчына «захварэла» i папрасiла мацi схадзiць у магазiн i купiць ёй газiроўкi. Як не пайсцi, не купiць сваёй адзiнай прыгажуньцы-дачушцы?..

Вярнулася. А дачка ўжо не дыхае. На столiку стаiць паўшклянкi нейкай вадкасцi i ляжыць паперка, у якой дачка просiць, каб даравалi ёй яе мусовую смерць i каб абавязкова пахавалi побач з каханым.

Старшыня-бальшавiк так разбушаваўся, так раскiпяцiўся, што забаранiў хаваць дачку побач з каханым хлопцам. Таму што бацькi хлопца былi набожныя.

…Вельмi збянтэжаны, устрывожаны просьбамi хворых i мужа пацыенткi, зубны доктар Савоська цiха паклiкаў пацыентку i прапанаваў сесцi ў зубаўрачэбнае крэсла, якое ўпiралася ў сцяну i дзе побач стаяў невялiчкi столiк з медiнструментамi.

Доктар, не ведаючы чаму, можа, ад нейкай разгубленасцi, не «зачынiў», не захiнуў дзверы-занавескi свайго «кабiнета» i пачаў аглядаць хворую. Яе пярэднi амфадантозны зуб хiстаўся больш, чым якi выпiвоха ў час хадзьбы. Яго можна было падчапiць пальцам, i ён незаўважна для хворай апынуўся б па-за ротам.

Доктар пад наглядам усiх пацыентаў i яе мужа прапанаваў гэта зрабiць. Але ўсе ў адзiн голас закрычалi:

— Рабiце замарозку, рабiце, хiба не бачыце, што яна ледзь дыхае!

Сапраўды, старая пачала задыхацца, выкацiла вочы на доктара.

Савоська ўзяў са стала двухмiлiлiтровую ампулу з навакаiнам, адламаў у яе «носiк», набраў у шпрыц меншую палову вадкасцi i ўкалоў у дзясну. Счакаўшы хвiлiну-дзве, узяў са стэрылiзатара шчыпцы — i тут жа ў плявальнiцу выкiнуў той «хвалёны» зуб.

Старая пачала цiхенька спаўзаць з крэсла i асцярожна, каб не ўдарыцца, уперлася ў сцяну.

— Ой, доктар, што вы нарабiлi! — пачалi крычаць хворыя i асаблiва муж.

Савоська як доктар адразу зразумеў, што старая сiмулюе. Бо калi чалавек трацiць прытомнасць, ён не думае, як i куды ўпасцi.

— Не хвалюйцеся! – супакоiў усiх Савоська. – Мне сябар з Амерыкi прывёз нядаўна вельмi цудадзейныя ўколы. Вось пабачце.

I доктар, выйшаўшы з бакоўкi, прынёс роўна такую ж па памеры ампулу з такiм жа навакаiнам, адламаў «носiк» i дзесятую долю ўвёў бабулi ў руку.

Бабуля праз якую хвiлiну бадзёра ўскочыла, выплюнуўшы ў плявальнiцу тампончык, на якiм не было нават прыкметна крывi, i прысела побач са сваiмi аднавяскоўцамi i мужам.

Савоська вырашыў давесцi справу да канца. Паклiкаў маладзейшую з хворых, падаўшы ёй дзве скарыстаныя ампулы, i прапанаваў:

— Чытайце!

Жанчына прачытала на адной ампуле: «Новокаин 2-процентный, 2 миллилитра». На другой — тое ж самае: «Новокаин 2-процентный, 2 миллилитра». Каб пераканаць усiх, нават мужа, доктар папрасiў жанчыну перадаць ампулы, усiм прачытаць, што на iх напiсана.

— Вядома, — сказаў доктар, — гора ёсць гора, але нельга спекуляваць iм. I калi гэта хворая будзе падаць перад вамi, не звяртайце ўвагi, так будзе лягчэй i вам, i ёй.

…Праз два тыднi дзядок — муж той жанчыны прыйшоў да доктара, прынёс бутэльку самагонкi i кружок хатняй каўбасы i, ледзь не стаўшы перад iм на каленi, сказаў: «Дзякуй, доктар, ты адзiны так хутка вылечыў маю старую».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter