Цудадзейная вада ў традыцыйных уяўленнях беларусаў

Каб прыйсці да вады, трэба ведаць “лепшы” часУ стаўленні чалавека да вады дзіўным чынам сфакусіравалася філасофская праблема суаднесенасці прасторы (месца знаходжання) і часу (таго незвычайнага моманту ў каляндарным колазвароце), якія надзялілі ваду незвычайнымі якасцямі. На перасячэнні гэтых каардынат, пазначаных статусам сакральнасці, і “ўзнікала” тая незвычайная вада, якую ў народзе ахрысцілі жывой. Этнографы пачатку ХХ ст. пісалі: “Вясной пасля першага грому пачынаюць людзі ісці да крыніц памыцца і памаліцца, ідуць у вядомыя дні, здаўна ўстаноўленыя: на Юр’я, на Міколу, на Ушэсце, на Дзевятніка, на Дзесятніка, на “русальнай нядзелі” (першая пасля Тройцы)”.

(Працяг. Пачатак у № 11.)
Акрамя гэтага на працягу года было яшчэ некалькі асаблівых дзён, калі бралі ваду з крыніц: раніцай на Раство Хрыстова, яе называлі “святочнай”; раніцай у дзень святкавання Стрэчання або Грамніц, і вада гэтага дня атрымала назву “сраценьская”; абавязкова клапаціліся пра ваду, якая набірала цудадзейную моц у ноч з серады на Чысты чацвер (дні Перадвелікоднага тыдня) — ваду ў вёдрах ці іншых ёмістасцях ставілі пад адкрытыя нябёсы на ўсю ноч; незвычайнымі якасцямі валодала “купальская” вада.
Асаблівыя адносіны былі да вады, якую бралі ў дні вялікіх каляндарных ці царкоўных свят раніцай, на ўзыходзе сонца. Пры гэтым той, хто прыходзіў па ваду першым, станавіўся ўладальнікам самай цудадзейнай вады  —  “непачатай”.
Акрамя таго, што на працягу года было шмат дзён, якія самым незвычайным чынам надзялялі ваду цудадзейнымі здольнасцямі, нашы продкі заўважылі, што незвычайнай, энергетычна станоўчай, гаючай, жывой вада станавілася пасля некаторых рытуальных дзеянняў.
* Чарадзейнай лічылі ваду, якая засталася пасля гатавання яек на Вялікдзень, ёй даволі паспяхова лячылі скураныя захворванні.
* Ваду пасля абмывання царкоўнага звона, іконы, хлебнай дзяжы выкарыстоўвалі для лячэння цэлага шэрагу захворванняў энергетычнага кшталту (сурокі, рожа, спуд і г.д.).
* Вадой, у якую клалі дзевяць пупышак асвечанай вярбы, мылі хворых дзяцей.
* У народнай медыцыне шырока выкарыстоўваўся прыём пералівання вады праз розныя адтуліны: клямкі, завесы, праз заручальны пярсцёнак, а таксама праз рэшата. Лічылася, што пры гэтым вада набывала незвычайныя здольнасці, яна мяняла сваю структуру і спрыяла лячэнню пярэпалахаў — як дзіцячых, так і дарослых.
* Незвычайнай лічылі ваду, узятую там, дзе зліваюцца дзве, а яшчэ лепей тры ручаіны. На Юр’я, калі рыхтаваліся да першага выгану жывёлы на пашу, на самым досвітку гаспадар браў вядро і спяшаўся да гэтага незвычайнага месца. Па цячэнні ён зачэрпваў вядро вады і ішоў дадому. Гэтай вадой гаспадыня  абмывала вымя кароўкі, каб яна была “малочная, а не ўрочная”.
(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter