Цуд пачынаецца...

Андрэй Рэцікаў з Наваполацка адраджае беларускую батлейку

Аднойчы ўзяўшы ляльку ў рукі, Андрэй Рэцікаў загарэўся ідэяй несці цуд у масы. Беларуская батлейка і ёсць цуд — асаблівая, непадобная да іншых тэатраў свету, яна прайшла доўгі шлях і заслугоўвае таго, каб яе ведалі і любілі.


Заходжу ў Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры Наваполацка, і вось яна — прыгажуня батлейка сустракае мяне прама на ўваходзе. Гэта не стартавы, а другі па ліку экзэмпляр з васьмі, зробленых на сёння кіраўніком народнага тэатра лялек “КапялюШ”. Больш за трыццаць гадоў мінула, як Андрэй Рэцікаў, па адукацыі філолаг, прыйшоў працаваць у Цэнтр і заняўся “лялечнай” справай. Перыядычна ён збіраў матэрыялы пра тэатр, а ў 1997—1998 гадах патрапіў у “Беларускую хатку”, дзе ўразіўся батлейкай. У 2003-м самастойна зрабіў яе сам. Дарэчы, тэатральныя прыгоды Рэцікава пачаліся не з вешалкі — з забавы. Неяк сядзеў у майстэрні сябра-дызайнера, на стале ў якога ляжала пашытая лялька на руку, узгадвае Андрэй:

— Узяў яе і міжвольна пачаў агучваць. Знаёмы абарочваецца і кажа: калі пасля гэтага ты не паставіш лялечны спектакль і не пакажаш дзецям, не будзеш мець рацыі. Так неўзабаве мы сшылі некалькі лялек, на шырме самі намалявалі дэкарацыі і якраз на Каляды паставілі п’есу “У лясным гушчары” паводле Ф. Аляхновіча. Зараз тэатру “КапялюШ” ужо — страшна ўявіць — 21 год.

Творчы калектыў, у які ўваходзілі Рэцікаў і кампанія, працаваў ад абласной філармоніі і распаўся ў 2003-м. Акцёры разбегліся: пасля змяненняў у вядзенні гастрольнай дзейнасці іх перасталі запрашаць. Андрэя і самога часам наведвала крамольная думка: прасцей здацца, закрыць тэатр. Але не. Аднойчы на нейкім мерапрыемстве ён убачыў на сцэне плакат са словамі з Бібліі: “Не закопвайце свае таленты”. Гэта быў той самы знак, які надаў сіл. Пасля рэбрэндынгу лялечны тэатр “Ліхтарык” стаў “КапелюШом”. Першы выхад у свет пад такой назвай здарыўся ў 2003-м. “Авантуры паноў Кубліцкага і Заблоцкага” па матывах камедыі Пятра Васючэнкі ацаніў нават сам аўтар кнігі. У дзіцячай бібліятэцы ў Полацку якраз была яго сустрэча з чытачамі. Андрэй Міхайлавіч беражліва захоўвае афішу з аўтографам “Уся справа ў КапелюШы”.

Творчасць Рэцікава заслужыла высокую ацэнку на розных фестывалях. Напрыклад, у 2016-м “КапялюШ” стаў пераможцам II адкрытага рэгіянальнага фестывалю “Чароўны свет батлейкі”. У гэтым жа годзе атрымаў дыплом пераможцы на Міжнародным калядным фэсце батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”, дзе прадставіў лялечны спектакль з элементамі батлейкі “Каляды паноў Кубліцкага і Заблоцкага”. З самых свежых дасягненняў — першае месца на нядаўнім абласным конкурсе “Лялечны свет”, дзе адбыўся дэбют батлейкі “Свет у базарны дзень”. Гэта гісторыя аднаго дня з віру жыцця Полацкага кірмашу, якую напісалі для гледачоў сябры і памочнікі Рэцікава — Наталля Шыпіла і Стась Сілка.

Андрэй, акрамя таго, што дае лялечныя спектаклі, майстар па рамёствах, займаецца дрэваапрацоўкай. Нідзе спецыяльна гэтаму не навучаўся. Хіба што атрымаў бонус таленту ад дзеда Вікенція, які быў чырванадрэўшчыкам. Атрымліваецца на ўра: пару гадоў таму яго конь-качалка ўзяў першае месца на выставе “Забава”, што праходзіла на “Славянскім базары”. Такі каняка вытрымлівае нават дарослага рыцара, смяецца ўмелец:

— У Наваполацку неяк быў Дзень горада. Міма маіх “скакуноў” не змаглі прайсці хлопцы з клуба гістарычнай рэканструкцыі. Як былі яны на шэсці ў даспехах, так і селі катацца на драўлянага каня на колцах. Адзін едзе, другі цягне — феерычная карцінка!

Разам з Рэцікавым зазіраем у абіцель “КапелюШа”, які займае паўпаверха Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры. Тут можна прасачыць усе этапы стварэння лялечнага спектакля. У адным кабінеце — дрэваапрацоўчыя станкі, эскізы, у другім — мноства лялек і цацак, самі батлейкі, з якімі кіраўнік тэатра знаёміць мясцовых школьнікаў. Гэта — батлеечны клас, пра які новапалачанін марыў яшчэ з 1996 года, а ўвасобіў задуманае толькі праз 13 гадоў. Дзецям цікава прачытаць пра батлейку, а потым, не адкладаючы, убачыць яе ўжывую, упэўнены суразмоўца:

— Дзверцы раскрываюцца, і заўсёды: “Ах, казка, цуд!” Вочы малых гараць, ты адчуваеш столькі энергетыкі — не перадаць словамі. І дарослыя рэагуюць не менш моцна, нібы вяртаючыся ў часы, калі самі былі маленькія. Паказальна, прыязджаем з гастролямі ў Мінск, а да нас падыходзяць салідныя дзядзькі і цёткі і кажуць, што так чакалі “КапялюШ”, убачыўшы тэатр у мінулы раз.


І ўсё ж такі справа не проста ў “КапелюШы”, а ў лялечніку — душы прадстаўлення. Андрэй, калі толькі зрабіў рэканструкцыю батлейкі, перажываў: як зацікавіць гледачоў? Сёння ён ужо не сумняваецца, што харызма, талент і шчырасць таго, хто стаіць за шырмай цуду, вырашаюць усё. Плюс імправізацыя, уменне падхапіць смяшынкі прама з паветра.

У  батлеечным класе можна ўбачыць і ўнікальны “віцебскі жлоб”. Гэта тэатр ценяў, які быў папулярны ў Віцебскай губерні паўтара стагоддзя таму. Батлейшчык запальвае свечку, і вобразы лялек па чарзе з’яўляюцца на напаўпразрыстай сценцы-экране. Апошнюю такую батлейку захоўвалі ў краязнаўчым музеі Віцебска, і яна згарэла ў час Вялікай Айчыннай. Засталіся толькі падрабязнае апісанне і малюнкі батлейкі, па якіх у наваполацкім Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры Рэцікаў і рэканструяваў яе.

Ва ўласным міні-тэатры цэнтра — са сцэнай, крэсламі для гледачоў і ўсім неабходным абсталяваннем — зараз ажыятаж. Традыцыйна тут “Каляды паноў Кубліцкага і Заблоцкага”. Дробныя памешчыкі рыхтуюцца адзначаць свята і ўспамінаюць былыя раскошныя часы, калі сталы ламіліся ад ежы. А ў сне трапляюць у батлейку, дзе пачынаюцца цуды. Паноў Кубліцкага і Заблоцкага Андрэй зрабіў у двух варыянтах: марыянетак для ніжняга яруса тэатра і маленькіх лялячак для батлейкі.

Майстар можа доўга расказваць пра кожную з мноства створаных ім лялек. Для сваіх “падапечных” ён зусім не Карабас-Барабас, а, хутчэй, клапатлівы тата. Сам вырабляе неабходныя дэталі для прадстаўлення і агучвае марыянетак таксама адзін. Бывае, іграе 22 персанажы, выходзіць на паклон, а гледачы са здзіўленнем пытаюцца: “А астатнія дзе?”

За плячыма Андрэя Рэцікава сотні адыграных лялечных спектакляў у розных кутках краіны. Адным з самых папулярных праектаў быў мабільны тэатр лялек “Жан і П’ер”. Сцэнарый да яго па матывах французскіх казак Андрэй напісаў за ноч. А потым два гады з камандай ездзіў з вялікімі роставымі лялькамі па гарадах і вёсках. Кананічны Людаед са спектакля гадоў дзесяць вісіць без справы і ад таго, жартуе суразмоўца, схуднеў удвая. Сам Андрэй Рэцікаў сядзець без справы не ўмее і не збіраецца. У планах — удасканальваць батлеечныя спектаклі, абавязкова ўносячы ў іх навінкі па тэксце і дэкарацыях. Яшчэ ёсць блакітная мара — зрабіць нешта накшталт залы славы “КапелюШа”, лялькі якога дораць непадробную радасць.

ДАВЕДКА “НГ”

Батлейка — беларускі народны тэатр лялек. Ён зарадзіўся ў XVI стагоддзі і да XIX стагоддзя ў асноўным паказваў біблейскія сюжэты: нараджэнне Хрыста, праследаванне яго царом Ірадам. Потым батлейка эвалюцыяніравала, з часам пайшла з царквы і трапіла ў рукі рамеснікаў, якія дапоўнілі яе бытавымі сцэнамі.

Navumavahanna@mail.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...