Отпраздновали Купалье с соблюдением всех традиций, как это делали наши предки

Цуд на купальскую ноч

Журналіст «СГ» шукала Іванку-халасцяка, папараць-кветку...

Купалле — адно з самых старажытных славянскіх свят. Традыцыі абраду захоўваюць у многіх нашых рэгіёнах, штогод удзельнікаў усё больш. Яно і зразумела: хто не хоча паваражыць на каханне ці знайсці папараць-кветку на шчасце? Такіх жадаючых у аграгарадку Бездзеж Драгічынскага раёна збіраецца каля чатырох тысяч. На купальскую ноч з'язджаюцца не толькі з суседніх раёнаў, але і з іншых краін. Пусціла вянок па вадзе і скокнула праз вогнішча і карэспандэнт «СГ».

Кацярына Зіновіч.

Свята ладзяць на тэрыторыі «Бездзежскага фартушка» — музея народнай творчасці. Пляцоўка цалкам прыдатная: тут табе і вадаём, у якім, напэўна, сёння бушуюць русалкі, і прыкметы аўтэнтычнай беларускай культуры з андаракамі і ручнікамі. Пакуль вачыма шукаю Іванку-халасцяка, на падворку ўжо на ўсю моц разыгрываюць тэатральны паказ.

— Нешта мне сумна, я за цябе замуж хачу, але ведаю: калі пасагу не будзе, то і вяселля не відаць, — прызнаецца маладая дзяўчына Купалінка, у ролі якой мастацкі кіраўнік Драгічынскага дома культуры Кацярына Зіновіч.

«Суровыя законы былі ў нашых продкаў», — думаю сабе. А Янка вырашае даказаць сваю любоў Купалінцы і дае слова знайсці папараць-кветку. Пакуль ён шукае, у вадзе прачынаюцца ведзьмы, ведзьмары і… таксама жадаюць ажаніцца. Вядома, расліна, што прыносіць багацце і шчасце, патрэбна і нечысці. І я не магла стрымацца, а таму, як асноўнае дзейства скончылася, падтрымала задуму і пайшла па кветку. Але невялічкі спойлер: цягалася паўночы, ды нічога не знайшла. Мабыць, грошай з неба і Іванку-халасцяка ў гэтым годзе не чакаць?..

Але арганізатары свята далі яшчэ адзін шанец: усе разам мы плялі вянкі з палявых кветак. Як жа гэта прыгожа! За справай знаёмлюся з загадчыцай клубнай сістэмы Драгічыншчыны Наталляй Румачык.

— У такім маштабе Купалле праводзім амаль дзесяць год, — распавядае яна. — Зручна, што тэрыторыя кампактная і ўсё ёсць. Але самае галоўнае — людзі любяць і чакаюць свята. У гэты раз, мабыць, больш сціпла выйшла, бо было мала часу на падрыхтоўку: толькі-толькі прыехалі з Уфы, дзе прадстаўлялі палескі народны падворак. Нават думкі не прамільгнула, каб адмяніць гулянне. Наадварот, лічу, што даўным-даўно трэба зрабіць бездзежскае Купалле брэндавым святам. Да нас прыязджаюць з Бярозы, Белаазёрска, Іванава, замежныя турысты.

І сёння яблыку няма дзе ўпасці. Дык што прыцягвае людзей? Магчымасць апынуцца ў мінулым, паспрабаваць такім чынам змяніць жыццё і дакрануцца да містыкі. Як кажуць, паказытаць нервы. Іншай прычыны майго падарожжа за 200 кіламетраў на адну ноч не бачу.

— Загадалі жаданне? — цікавіцца ў мяне Купалінка.

— Так, — адказваю і з усёй сілы (хачу ж, каб спраўдзілася) пускаю неверагодна прыгожы і важкі вянок на ваду.

Каля дзесяці год таму мы з сяброўкамі такім чынам варажылі на замужжа, і ўсё спраўдзілася, — прыгадвае Кацярына Зіновіч. — Купалле — адно з самых любімых свят, таму ўдзельнічаю ў ім штогод. Не ведаю, якое яшчэ народнае гулянне так аб'ядноўвае і прымушае паверыць у цуд і містыку. Памятаю, у сваёй вёсцы Брашэвічы Драгічынскага раёна збіраліся моладдзю і ездзілі шукаць дровы для вялікага вогнішча. Потым скакалі, танчылі і весяліліся да самага світанку. Хочацца, каб захоўвалася традыцыя.


Пакуль балбаталі з дзяўчатамі пра тое-сёе, побач разгарэлася сапраўднае фаер-шоу. Спачатку фокусы з агнём паказвалі прафесіяналы, а потым акрабатычныя здольнасці — удзельнікі свята. Разагнаўшыся, госці імкнуліся як мага вышэй скокнуць. Не засталася ўбаку і я. Нялёгкая справа пазбаўляцца ад злых намераў і духаў!

Пасля гарачых гульняў натоўп пера­тварыўся ў карагод. Спявалі «Купалінку», іншыя народныя песні. Побач са мной аказалася дырэктар «Бездзежскага фартушка» Марыя Астаповіч і ціха прамовіла: «Якая ўсё ж беларуская культура багатая! Яна аб'ядноўвае. Нельга гэта згубіць, бо забу­дзем пра свае карані». Няма чаго спрачацца: рукі сціснулі яшчэ мацней.

Сонца даўно за гарызонтам, свята скончылася. Дарэчы, Янку пашанцавала больш, чым мне: і папараць-кветку знайшоў, і Купалінцы сваю любоў даказаў.

beleckaya@sb.by

Фота з архіва героеў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter