Як на “Іванавым хутары” з’явіліся экзатычныя дрэвы

Цуд, а не сад

Маленькая вёска Брылёўка ў Краснапольскім раёне, у якой засталося ўсяго тры дамы, вядомая далёка за межамі Магілёўшчыны, сюды прыязджаюць не толькі экскурсанты, але і вядомыя навукоўцы-батанікі з нашай краіны і Расіі. А праславіў сваю вёску ўраджэнец гэтых мясцін маскоўскі юрыст Іван Зотаў, ён жа таленавіты батанік-самавук. На працягу больш за пяцьдзясят гадоў ён адусюль прывозіў на сваю малую радзіму і высаджваў заморскія экзоты. І цяпер тут растуць упярэмешку яблыні і грушы, ядловец і піхты, блакітныя елкі — усяго каля 80 відаў раслін, радзіма якіх Паўночная Амерыка і Еўропа, Сібір, Каўказ і Далёкі Усход. Спачатку Іван Ізотавіч засадзіў экзотамі ўвесь бацькоўскі надзел у 27 сотак, але зямлі вельмі хутка перастала хапаць, затым арандаваў у сельсавета яшчэ 15 сотак, а з часам экзатычны парк разросся на гектары.

Большасць ведае гэты легендарны дэндрарый пад назвай “Іванаў хутар”. Менавіта сам гаспадар даў яму калісьці такую назву. Але сёння “хутар” афіцыйна перайменаваны ў батанічны помнік прыроды мясцовага значэння — дэндралагічны сад імя І.І. Зотава. 87-гадовы заснавальнік саду, ён жа на працягу многіх гадоў яго адзіны даглядчык, быў ушанаваны яшчэ пры жыцці. І сёння ён жыве ў Падмаскоўі, але кожнае лета нязменна прыязджае на сваю малую радзіму даглядаць сад. Плошча дэндрарыя — 2,7 гектара.

Сёння праехаць да Брылёўкі не надта і проста, хоць яна ўсяго за сем кіламетраў ад Краснаполля і за два — ад ажыўленай трасы. Прасёлачная дарога расчышчана, як і да любой іншай вёскі, але не раз’езджаная, карыстаюцца ёю ў гэтую пару года нямногія. І ўсё ж начальніку Краснапольскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандру Рыжанкову ўдаецца даехаць на сваёй “Ніве” да самага пешаходнага мастка цераз роў, за якім адчыняюцца вароты ў дэндрарый.

І вось мы на месцы. Далей трэба будзе прагуляцца пешшу па глыбокім снезе, і літаральна з першых крокаў перастаеш звяртаць увагу і на бездараж, і на прамоклыя ногі. Адразу за старой гаспадарскай хаткай пачынаецца прыгажосць неапісальная. У елак у гэтым садзе з выгляду самыя звычайныя іголкі, але навобмацак лапкі вельмі мяккія, зусім не колюцца, і ствалы ў гэтых дрэў абсалютна іншыя, вельмі гладкія.
Аляксандр Рыжанкоў: “З гэтага дрэва, уласна, усё і пачалося, яго Іван Зотаў пасадзіў у дзевяцігадовым узросце ў 1939 годзе разам са сваім дзядулем”

Сад жыве сваім жыццём: па дрэвах бегаюць вавёркі, спяваюць птушкі, якія адчулі блізкі прыход вясны. Аляксандр Рыжанкоў падводзіць мяне да вялікага дуба:

— А вось з гэтага дрэва, уласна, усё і пачалося, яго Іван Зотаў пасадзіў у дзевяцігадовым узросце ў 1939 годзе разам са сваім дзядулем. Не выключана, што менавіта з гэтага моманту ён і захапіўся батанікай.

Наогул, даволі цікава склалася жыццё заснавальніка саду. Яго душа ўвесь час нібы разрывалася на часткі: паміж Масквой з яе вялікімі магчымасцямі ў плане вучобы ў ВНУ, кар’ернага росту і яго малой радзімай з цудоўнай прыродай, цішынёй, спакоем, надзвычайна добрымі і разважлівымі людзьмі. Ён так і не змог для сябе выбраць адно, пастаяннае месца жыхарства, так і кідаўся туды і назад. Пакуль працаваў, абавязкова праводзіў у роднай Брылёўцы кожны свой водпуск, а як выйшаў на пенсію, стаў жыць у Краснапольскім раёне ўвесь час з вясны да восені і толькі на зіму вяртаўся ў падмаскоўную кватэру.

Аляксандр Рыжанкоў распавёў, што разам з энтузіястамі ў апошнія гады дапамагае Зотаву даглядаць сад: пілаваць засохлыя дрэвы або тыя, што празмерна разрасліся, прыбіраць сухастой. Бо больш няма каму: у вёсцы адны глыбокія старыя засталіся, равеснікі заснавальніка экзатычнага саду.

Дарэчы, старажылы памятаюць, як яшчэ ў 75-гадовым узросце гаспадар “Іванавага хутара” вельмі нават спрытна сам узлазіў на дрэвы, каб адпілаваць засохлыя галінкі, але ў апошнія гады ўжо не ў стане. Рады не дасць, узрост паступова бярэ сваё.

На шчасце, у яго ёсць паслядоўнікі: настаўнікі і навучэнцы Палужскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа.

Дырэктар комплексу Лідзія Пшанічная не хавае гонару:

— Вядома, сад мае для нашага раёна велізарнае значэнне, згодна з заключэннем навукоўцаў, агульны кошт толькі яго экасістэмных паслуг ацэньваецца ў 121 658 долараў. Штогод сад выдае 10 тон кіслароду і паглынае больш за 11 тон пылу. Таму наша асноўная задача — захаваць яго біялагічную разнастайнасць, рэліктавыя расліны. І, вядома, экалагічны патэнцыял саду мы плануем выкарыстоўваць.

Лідзія Пшанічная ўпэўненая, што галоўная задача педагогаў і навучэнцаў — захаваць унікальны дэндрарый для нашчадкаў

Школа ўдзельнічае ў розных конкурсах міжнародных фондаў, атрымлівае падтрымку замежных інвестараў. Гранты ідуць на добраўпарадкаванне саду, у бліжэйшы час плануецца падправіць агароджу і масток, заказаць шыльды з назвамі раслін, усталяваць інфармацыйны банер. Створаны валанцёрскі атрад з педагогаў школы, якія падтрымліваюць парадак у садзе. Намечаны грандыёзны праект стварэння інфармацыйна-асветніцкага рэсурснага цэнтра пры дэндрарыі. Плануецца, што старшакласнікі будуць праводзіць экскурсіі па садзе для замежнікаў, займацца навукова-даследчай працай. Дарэчы, у якасці навуковай лабараторыі на свежым паветры дэндрарый цікавы не толькі школьнікам, але і выдатным навукоўцам з Нацыянальнага інстытута эксперыментальнай батанікі. Да прыкладу, адзін з іх вывучае “ведзьміны мётлы” — спецыфічныя шарападобныя нарасты, утварэнні на ствалах і галінках дрэў.

Фота аўтара
У планах выданне інфармацыйных матэрыялаў пра дэндрарый для прыцягнення большай колькасці экскурсантаў, усталяванне фотапасткі для барацьбы з браканьерамі.

Настаўнік геаграфіі і біялогіі Палужскай школы Марыя Разгонава ўпэўненая:

— Мы робім вельмі патрэбную і карысную справу, настаўнікі з вучнямі наведваюць сад для знаёмства з раслінамі. Геаграфічнае размяшчэнне дэндрарыя вельмі зручнае — недалёка ад дарогі, так што дабрацца сюды нескладана. Думаю, менавіта наведванне саду, вывучэнне раслін паўплывала на выбар прафесіі многіх выпускнікоў школы. Напрыклад, Святлана Новікава і Вераніка Гулькова скончылі Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова па спецыяльнасці “Хімік-біёлаг”.

Экзатычныя дрэвы, раней не бачаныя ў нашай краіне, акліматызаваліся і ўжо могуць распаўсюджвацца самасевам. Пры жаданні можна знайсці мноства варыянтаў, як выкарыстоўваць гэтую іх асаблівасць: магчыма, прадаваць насенне або саджанцы фізічным і юрыдычным асобам, атрымліваць прыбытак.

На жаль, саду пакуль не хапае крыху ўтульнасці — альтанак, лавак, алей, але і гэтая справа папраўная. Галоўнае, што ёсць людзі, якія жадаюць займацца дэндрарыем.

Мецэнаты ў дапамогу

У Магілёўскай вобласці нямала мецэнатаў, якія не забываюць сваю малую радзіму. Пры іх падтрымцы пабудаваныя цэрквы і капліцы ў вёсках Краснапольскага, Касцюковіцкага раёнаў.

Да прыкладу, у вёсцы Выдранка Краснапольскага раёна адзін з мясцовых жыхароў уласнаручна выразаў з дрэва ажурны аналой для мясцовага ўнікальнага праваслаўнага храма Святога Дзмітрыя Растоўскага і некалькі падставак для абразоў. Другі за свой кошт пабудаваў на тэрыторыі гэтага храма маленькую царкву, яе назвалі зімовай. Падчас маразоў службы праходзяць менавіта ў маленькай царкве, паколькі вялікі храм ацяпляць дорага. Трэці мецэнат падарыў храму шэсць новых крыжоў, кожны з якіх абышоўся ў 400 долараў.

Irina_mendeleva@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter