Фактически вступительную кампанию в вузы страны можно считать завершенной

ЦТ на добра

Фактычна ўступную кампанію ў ВНУ краіны можна лічыць завершанай — на мінулым тыдні навучальныя ўстановы правялі дадатковы набор на запатрабаваныя спецыяльнасці бюджэту. Тады ж завершана падача дакументаў на платнае навучанне. Словам, і бацькі, і новаспечаныя першакурснікі могуць уздыхнуць спакойна. Наперадзе яшчэ месяц для аднаўлення душэўных сіл.

Якой жа была мінулая ўступная кампанія? У першую чаргу, спакойнай і арганізаванай. Усё менш тых, хто пакінуў аўдыторыі з-за выкарыстання забароненых мабільнікаў — іх у гэтым годзе крыху больш за дзясятак. Што тычыцца сур`ёзных нараканняў на арганізацыю ўступнай кампаніі, іх, па словах міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, у гэтым годзе таксама не паступала.

А вось колькасць няявак у параўнанні з мінулым годам не змянілася. Па словах дырэктара РІКВ Мікалая Фяськова, ужо каторы год гэтыя лічбы трымаюцца ў межах 2—3 працэнтаў, калі гаворка ідзе пра дзяржаўныя мовы, і 4—5 працэнтаў — пра астатнія дысцыпліны. Што можа з`явіцца прычынай такога легкадумнага стаўлення да лёсавызначальнага іспыту? Ды ўсё што заўгодна. Перадумаў, забыўся, праспаў. Працэнт тых, у каго маюцца сапраўды ўважлівыя прычыны, не надта вялікі, кажа Мікалай Фяськоў.

Разам з тым Міхаіл Жураўкоў назваў вынікі ЦТ гэтага года здавальняючымі. І не толькі таму, што значная колькасць рабят набрала па тым ці іншым прадмеце запаветную сотню. Толькі на грамадазнаўстве такіх было больш за шэсць дзясяткаў! А ўсе тры сотні скарыліся траім абітурыентам: мінчаніну Уладзіславу Рэянтовічу з гімназіі № 61 і бабруйчанкам Ірыне Івах і Ганне Зыкавай з гімназіі № 3. Двухсоценнікаў было і ўвогуле пятнаццаць. На думку міністра, куды важней, што ў гэтым годзе павялічылася колькасць абітурыентаў, якія набралі на ЦТ у дыяпазоне ад 30 да 60 балаў. Гэта азначае, што яны перасталі ісці на экзамены наўдалую і сталі ставіцца да іх больш адказна.

Пра гэта сведчаць і лічбы балаў. Напрыклад, па такім няпростым і самым масавым іспыце ЦТ, як матэматыка. Аналіз статыстыкі па гэтым выпрабаванні паказаў, што ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў не толькі гімназій, але і школ павышаецца. У гэтым годзе больш за 6,5 тысячы абітурыентаў, ці амаль 15 працэнтаў ад колькасці тых, хто здаваў экзамен, перайшлі планку ў 50 балаў. А гэта перавышае леташні паказчык на 2,12 працэнта. Хтосьці скажа, няшмат. Але ж за сухімі лічбамі стаяць рэальныя людзі. А вось тых, хто набраў па гэтым прадмеце менш чым 15 балаў, насупраць, у параўнанні з мінулым годам стала менш — амаль на 5 працэнтаў.


Прахадныя балы ў многія вядучыя ВНУ краіны традыцыйна засталіся высокімі. Напрыклад, як і ў мінулым годзе, амаль палова абітурыентаў, якія прыйшлі ў БДУ, маюць у сваёй «скарбонцы» сумарныя 300 балаў і вышэй. Але ёсць у гэтым годзе і прыемныя змены. Напрыклад, па-добраму здзівілі тыя, хто паступаў у вядучую педагагічную ВНУ краіны. У конкурсе за права стаць студэнтамі тут удзельнічалі амаль 150 медалістаў і ўладальнікаў чырвоных дыпломаў ССНУ (на 12% больш, чым у мінулым годзе), 315 выпускнікоў ліцэяў і гімназій (на 17% больш, чым у 2015-м). У выніку, каб паступіць на спецыяльнасць «лагапедыя», трэба было набраць 329 балаў, на спецыяльнасць «выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» — 323. Як кажуць у ВНУ, лічбы ў параўнанні з мінулым годам павялічыліся фактычна на 50 балаў. Словам, можна канстатаваць, што цікавасць да педагагічных спецыяльнасцей дзякуючы велізарнай прафарыентацыйнай рабоце вырасла ў разы.

У цэлым у ліку самых складаных для паступлення, а значыць,  самых папулярных у абітурыентаў спецыяльнасцей — «лінгва- краіназнаўства» (384 балы), «міжнародныя адносіны, міжнароднае права» (381) Белдзяржуніверсітэта, «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» (373) БДУІР , «сучасныя замежныя мовы (пераклад) (кітайская мова)» (377), «сучасныя замежныя мовы (пераклад) (англійская мова)» (371) МДЛУ.

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter