Цімкавічы: час звяртацца на радзіму Чорнага

ДРУГУЮ палову тысячагоддзя адлічвае капыльскае мястэчка Цімкавічы, праз крутыя пагоркі якога пралягае старадаўні гасцінец з Нясвіжа на Слуцк. Упершыню ўзгадваецца яно ў 1499 годзе ў грамаце вялікага князя Аляксандра як пра далучэнне паселішча да ўладанняў багатага слуцкага роду Алелькавічаў. За пяць вякоў шмат розных падзей зведаў тутэйшы люд. Захопніцкія войны неаднаразова дашчэнту знішчалі мястэчка. Асабліва моцна пакутавалі жыхары ад набегаў татарскіх войскаў, якія часта ўрываліся сюды на пачатку ХVI стагоддзя і многіх уганялі ў палон. Не аднойчы тут бушавалі знішчальныя пажары.

Цімкавічы. XIX стагоддзе.

Міналі ліхалецці, і жыццё адраджалася. Узводзіліся храмы, засяваліся навакольныя нівы, аднаўляліся і пашыраліся шавецкае, кравецкае, ткацкае, кавальскае, ювелірнае рамёствы. Цімкавіцкім ткачам не было роўных на слуцкіх мануфактурах, дзе выраблялі вядомыя ва ўсім свеце паясы. Мястэчкам валодалі магнаты Сапегі, а потым і Радзівілы. У цімкавіцкай царкве вянчаліся аўдавелая пасля смерці Сымона Алелькавіча Слуцкага княгіня Сафія Слуцкая з заможным гетманам Янам Каралем Хадкевічам. На ўрадлівых землях сялілася дробная шляхта.

Амаль паўтара стагоддзі з галоўнай плошчы ўглядаецца вокнамі-байніцамі на крутабокія перакаты мураваная брама-званіца. Побач узвышаўся высокі храм Святога Міхаіла Архангела. Час зруйнаваў яго. Захавалася невялікая цагляная каплічка з мармуроваю плітою, на якой пад выбітай царскай каронай і абрэвіятурай “А II” віднеецца надпіс: “19 февраля 1861 г. в память освобождения Крестьян от крепостной зависимости”.

На ўзбярэжжы рачулкі Мажы, насупраць унікальнага сядзібна-паркавага комплексу, выглядаюць з-за лазняку і трыснягу белакаменныя будынкі стогадовага бровара. На супрацьлеглай ваколіцы старадаўняга мястэчка як напамін пра мінулае — пагорак, усцелены надмагіллямі яўрэйскіх пахаванняў. Больш як тысяча мясцовых жыхароў, расстраляных фашысцкімі вар’ятамі ў ваеннае ліхалецце, пакояцца пад плітамі цімкавіцкага мемарыяла.

Паўвека прымае наведвальнікаў музей пісьменніка Кузьмы Чорнага, які стаў філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. З даваенных гадоў у Цімкавічах свой народны тэатр, самадзейным акцёрам якога быў і Кузьма Чорны.


ВАНДРОЎКА ў Цімкавічы ўяўлялася сустрэчай з літаратурнымі героямі беларускага класіка, які большасць сваіх твораў прысвяціў вёсцы. Нарадзіўся Кузьма Чорны ў засценку Боркі, што побач з Цімкавічамі, у сям’і панскага парабка Карла Раманоўскага. Ад дзеда Міхаіла Парыбкі, па-вулічнаму Чорнага, слухаў захапляючыя расказы пра майстэрства слуцкіх ткачоў-сурвэтнікаў, сярод якіх вызначаўся і сам дзядуля. Бацька хлопчыка ўмеў таксама ткаць сурвэткі, але не знаходзіў попыту на іх, бо пайшла мода на фабрычныя вырабы. За што ні браўся Карл Феліксавіч, усё ў яго атрымлівалася. Быў выдатным цесляром, краўцом, шаўцом, але жылі бедна, свайго кутка Раманоўскія не мелі. Ужо будучы вядомым пісьменнікам, Кузьма Чорны, які псеўданімам узяў дзедаву мянушку, адзначаў, што дзяцінства прайшло ў жудасны час, калі кавалак хлеба і палатняная кашуля, адна на год, здаваліся шчасцем.

Такім быў тут пачатак мінулага веку. Праз стагоддзе як жывецца ў Цімкавічах?

Начальнік чыгуначнай станцыі Сяргей БУДНІК

Перад мястэчкам без асаблівага напружання пазнаюцца пейзажы, лясы і рэчкі, перасечаныя прасёлкавымі дарогамі, перакацістыя палі і лугі. Мроілася, быццам вось-вось з-за пагорка выедзе на хіленькім коніку галоўны герой рамана “Бацькаўшчына” Леапольд Гушка, які так прагнуў мець свой кавалак зямлі. Урадлівыя тут нівы. Сапраўдная беларуская жытніца. А простаму люду жылося бедна. Амаль восем дзесяцігоддзяў таму мясцовыя сяляне аб’ядналіся ў калектыўную гаспадарку. Слава пра цімкавіцкіх хлебаробаў грымела на ўсю вялікую краіну. Лепшыя працаўнікі прадстаўлялі перадавы калектыў у Маскве на ВДНГ.

Калгас узбуйняўся, быў саўгасам, а цяпер — ААТ “Капыльскае”, якое аб’яднала дзесяць тысяч гектараў урадлівай зямлі чатырох гаспадарак з вёскамі Цімкавічы, Доўгае, Агароднікі, Рачкевічы, Воранаўшчына, Лешня, Навасёлкі, Блеўчыцы, Чарнагубава. На жывёлагадоўчых фермах чатыры з паловай тысячы буйнай рагатай жывёлы, а на сучасным комплексе ў вёсцы Блеўчыцы ўтрымлівалася 24 тысячы галоў свіней. Мінулай восенню з-за ўспышкі захворвання вытворчасць закрылі, гаспадарка панесла страты, а многія сяляне страцілі працу. На чатырох мехдварах, у пяці вытворчых брыгадах “Капыльскага” занята амаль паўтысячы працаўнікоў. Пярэстымі колерамі расфарбаваны дахі іх катэджаў, да якіх падведзены ўсе камунікацыі, прыродны газ.

— Чаргі на атрыманне жылля ў нас даўно ўжо няма, — пачуў ад эканаміста Сяргея Копціка. — Забяспечваем катэджамі з усімі выгодамі. Вось толькі амаль няма жадаючых працаваць на тэхніцы ці на фермах.

Эканаміст ААТ «Капыльскае» Сяргей КОПЦІК

У адным з такіх дамоў, які два дзесяцігоддзі таму атрымаў яго бацька, жыве халасцяк Сяргей Копцік. Аўдавелая маці чакае, калі сын прывядзе нявестку.

Цеснаватым стаў трохпакаёвы катэдж для маладой сям’і Аксаны і Уладзіміра Лосевых, у якіх трое дзетак. Задумалі на прасторным гарышчы два пакоі абсталяваць. Гаспадар працуе на пагрузчыку. Нядаўна атрымаў дыплом механіка ў тэхнічным ліцэі суседняй капыльскай вёскі Мажа. Пабудаваў ля дома гараж для легкавіка. Летам Лосевы рыхтуюцца хлеў змураваць і карову завесці. А пакуль у іх цесным хлеўчыку толькі авечкі і куры. У вольны час маладыя муж і жонка наведваюць гурток мастацкай самадзейнасці ў Цімкавіцкім клубе. Сямейны дуэт цёпла прымаюць землякі.

ВАНДРАВАЦЬ па мястэчку цяжка было б без старшыні мясцовага савета ветэранаў Зоі Лявар і спецыяліста сельсавета Юрыя Ярмоленкі, на аўтамашыне якога накручвалі кіламетры па выцягнутых вуліцах Цімкавіч. Ля стромкіх бяроз Маладзёжнай вуліцы сустрэлі паштальёна Алу Панцюхову. Дваіх сваіх і траіх прыёмных дзетак выхоўвае яна.

Старшыня савета ветэранаў Цімкавіцкага сельсавета Зоя ЛЯВАР

— Без дзяржаўнай падтрымкі не здолела б справіцца, — прызнаецца Ала Уладзіміраўна. — Непадалёку жыве біялагічная маці прыёмных дзетак, якая ні разу пра іх не пацікавілася. Усе пяцёра паспяхова вучацца. Дапамагаюць настаўнікі і дырэктар Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага. Вырастуць дзеці і знойдуць сябе ў жыцці. Рабочыя рукі краіне патрэбны.

У цімкавіцкай гаспадарцы большасць механізатараў і жывёлаводаў перадпенсійнага ўзросту. Кіраўніцтва дбае пра замену іх. Выпускнікоў сярэдняй школы накіроўваюць на вучобу ў сельскагаспадарчыя сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Восем дзяцей у Наталлі і Анатоля Парыбокаў. Жывуць побач з бальніцай у прасторным пяціпакаёвым доме. Жыўнасці поўныя хлявы. Паспявае Наталля Уладзіміраўна не толькі ўпраўляцца па хатніх справах, але і паспяхова настаўнічае ў школе. Качагарам працуе Анатоль Сяргеевіч.

Ветэран вайны і працы Мікалай ДЗІДЭНКА

— Сёння на вёсцы ўсе ўмовы добра жыць, толькі не лянуйся, — пераканана Зоя Лявар, якая, акрамя кіравання саветам ветэранаў, яшчэ і старэйшына ў Цімкавічах.

Вырасла яна ў сям’і вясковых інтэлігентаў-настаўнікаў. Бабуля выкладала рускую мову, а маці — беларускую. Дзядуля ў першыя гады савецкай улады быў святаром. Зусім маладым памёр, пакінуўшы чацвёра сірот. Зоя Канстанцінаўна ганарыцца дзедам-святаром. З Богам у сэрцы па жыцці крочыць.

З яе дапамогай у канцы мінулага года на тым месцы, дзе да вайны стаяў праваслаўны храм, пабудавана драўляная царква Міколы Цудатворца. Айцец Віталь правіць у ёй. У мінулым стагоддзі былі ў мястэчку касцёл і дзве сінагогі. Чатыры разы на год у Цімкавічах ладзіліся вялікія кірмашы. Роўна век адпрацаваў бровар. Бесперапынна ў тры змены не спынялася вытворчасць спірту. Паўтара дзясяткі гадоў пустуюць памяшканні. Аддзяленне раённай сельгасхіміі таксама спыніла дзейнасць, як і завод па выпуску жалезабетонных вырабаў. Было памкненне закрыць бальніцу, але людзі не дазволілі. Замест аптэкі застаўся кіёск. У мястэчку адзіная ў раёне аўтабаза, дзе многім ёсць занятак. Новыя рабочыя месцы адкрыюцца на будуемым ля аграгарадка філіяле Пухавіцкага хлебапрыёмнага камбіната.

Удзельнікі спектакля «Папараць-кветка» Цімкавіцкага народнага тэатра. 1960 год

СЛАВІЛАСЯ кухняй цімкавіцкая сталоўка. Цяпер у памяшканні пякуць кандытарскія вырабы. Асаблівага выбару іх на прылаўках кулінарнага магазіна ўбачыць не ўдалося. Прадаўцы скардзяцца, што пакупнікоў мала. Наладзіць бы выпечку “тузікаў”, пра якія пачулі ад дырэктара літаратурнага музея Кузьмы Чорнага Людмілы Ніжэвіч. Па адукацыі яна эканаміст. З школьных гадоў вадзіла экскурсіі па музеі. Закончыла эканамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі і вярнулася дамоў. Бацька Іосіф Камінскі старшынстваваў у суседнім калгасе “Бальшавік”. Часта бывалі ў іх госці, якіх маці частавала “тузікамі”. Гатаваць іх проста. Смажацца бульбянікі, начыняюцца фаршам і тушацца “тузікі”. Ласаваліся імі і сёстры Кузьмы Чорнага, з якімі шчыра сябравала дырэктар музея Людміла Ніжэвіч, муж і сын якой працуюць аграномамі ў капыльскіх гаспадарках.

— Нявестку ў хату чакаю, — заклапочана Людміла Іосіфаўна.

— Юнакі пасля вучобы вяртаюцца дамоў, а дзяўчат няма, — адзначае старэйшына Цімкавіч Зоя Лявар. — Вяселляў малавата. Пра зямлю марылі героі Кузьмы Чорнага, потам аблівалі яе, каб мець кавалак хлеба. А зараз такая сучасная тэхніка і заробкі ў хлебаробаў высокія. Жыллём гаспадарка забяспечвае. Ды і самі вяскоўцы будуюцца. Нядаўна перабраўся ў свой новы дом Вячаслаў Чарнушэвіч, які працуе вадзіцелем, а жонка медсястрою. З-за таго, што мала моладзі, заціх наш слынны народны тэатр, у якім удзельнічаў і Кузьма Чорны. Старажылы Браніслава Наркевіч, якой больш за сто гадоў, Кузьма Місевіч, Мікалай Дыдзенка добра памятаюць слыннага земляка.

Паштальён Ала ПАНЦЮХОВА

Летам прыязджае з Масквы на радзіму доктар тэхнічных навук Уладзімір Протчанка. Дапамаглі яму тут купіць домік.

З СІБІРЫ вярнулася ў родныя Цімкавічы да аўдавелага 94-гадовага бацькі ветэрана вайны і працы Мікалая Акімавіча Дзідэнкі дачка Святлана Рэдчанка.

— Карцела дамоў, каб палюбавацца на квітнеючы сад, — прызнаецца Святлана Мікалаеўна. — Папрасіла мужа ўзяць адпачынак вясною, і прыехалі, якраз калі белай пенай квецені быў абліты бацькоўскі сад. Пад акном дома красавалася духмяная чаромха, якую ў дзяцінстве пасадзіла. Цяпер я на пенсіі і шчаслівая, што вярнулася на радзіму.

Новая вуліца ў аграгарадку Цімкавічы. XXI стагоддзе

Жывуць Цімкавічы чаканнем вясны, калі квітнеючыя сады зноў упрыгожаць старажытнае мястэчка, якое ў літаратуры ўвекавечыў Кузьма Чорны, а ў працы ўслаўляюць руплівыя землякі.

Капыльскі раён

Фота аўтара і з архіва музея Кузьмы Чорнага
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter