Цi застануцца ў "Чортавай барадзе" залатыя валасы

Адкуль такая злавесная назва? З сучасных інфармацыйных крыніц рассакрэціць тапанімічную загадку не пашанцавала. Не дапамаглі і мясцовыя жыхары, палічыўшы такую маю цікаўнасць звычайнай інтэлігенцкай прыхамаццю. Праўда, пры гэтым параілі паглядзець на “Чортаву бараду” здалёк. Для прыкладу, з супрацьлеглага берага Заходняй Дзвіны. І сапраўды, таямнічы заказнік нагадвае гіганцкую бараду. А яшчэ гэта самае высокае месца ў ваколіцах абласнога цэнтра.
Кароткая энцыклапедычная даведка паведамляе, што “Чортава барада” – гэта заказнік мясцовага значэння ў Віцебскім раёне, у двух кіламетрах на захад ад Віцебска на беразе Заходняй Дзвіны. Займае плошчу ў 50 гектараў. Рэльеф узгоркавы, у раслінным покрыве пераважаюць дрэвы дуба звычайнага, сасны, елкі, ліпы, ясеня. Нямала раслін, занесеных у Чырвоную кнігу краіны. У прыватнасці, пералеска (пячоначніца), першацвет вясенні, званочак персікалісцёвы, напярсцянка буйнакветкавая... Яшчэ ў 1988 годзе мне давялося разбіраць канфліктную сітуацыю вакол бурных спрэчак па захаваннi заказніка мясцовага значэння. І тут дарэчы ўспомніць, што менавіта ў гады вайны над дубровай завісла самая вялікая небяспека. Гітлераўцы прымусілі высекчы мноства векавых волатаў для патрэб рэйха. Адны кажуць, што дубовая сыравіна вельмі цанілася немцамі для вырабу паркету. Іншыя сцвярджаюць, што з векавых дубоў пілавалі дошкі, каб майстраваць труны для забітых на вайне афіцэраў і іншых важных асоб тагачаснай Германіі. Таму наўрад ці ёсць сёння ў заказніку тыя дубы-патрыярхі, што былі старэйшыя за людзей – былых вызваліцеляў Айчыны. Аднак дубы захаваліся. Трапляецца нават чырвоны дуб – рэдкі самародак з Чырвонай кнігі. Альбо лопух дуброўны. Сцвярджаюць, што яшчэ толькі ў Белавежскай пушчы захаваўся гэты “чырванакніжнік”. Навукоўцы і эколагі выявілі і патрабуюць захавання для нашчадкаў такіх прадстаўнікоў флоры “Чортавай барады”, як дзевясіл, вераніка, некалькі відаў папараці, каротканожка і яшчэ некалькі рэліктаў з Чырвонай кнігі. Наша экспедыцыя таксама зробіць прыпынак каля шматпакутнага заказніка. Каб лішні раз (а ці бывае ён лішні?) засяродзіць увагу грамадскасці на неабходнасці зберагчы унікальны дар прыроды. Вобразна кажучы, тыя нямногія рэлікты, што яшчэ жывуць у заказніку, падобныя па каштоўнасці на залатыя валаскі ў звычайнай барадзе. Варта толькі іх вырваць дзеля нечай прыхамаці ці часовай уяўнай выгады – і можа знікнуць з твару зямлі апошняя такая жамчужына. А пагроза ў нейкай меры ёсць. Згодна з рашэннем урада краіны вакол Віцебска запланавана будаўніцтва кальцавой аб’язной магістралі. Кошт яе ў цяперашніх цэнах складае каля ста мільярдаў рублёў. Завяршэнне будаўніцтва плануецца праз чатыры гады. Дык вось, невялікі ўчастак дарогі закране і палоску заказніка. Аднак вучоныя біёлагі і эколагі, якія дасканала вывучылі праект, лічаць, што будоўля аб’язной аўтатрасы не пашкодзіць дуброве. Да таго ж за самаадчуваннем “Чортавай барады” абяцае няспынна сачыць і мясцовая ўлада. Але ж, пэўна, кантроль грамадскасці таксама будзе нялішнім.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter