Цi стане Калiнiнград галоўным портам Беларусi? Сумесны расiйска-беларускi марскi порт можа быць пабудаваны ў раёне горада Балтыйска

Эканамiчнае абгрунтаванне гэтага праекта плануецца вынесцi на пасяджэнне Саўмiна Саюзнай дзяржавы, якое запланавана на пачатак верасня. На фiнансаванне будаўнiчых работ мяркуецца накiраваць сродкi Саюзнага бюджэту. Агульны кошт праекта пакуль што не называецца, бо многiя пытаннi яшчэ знаходзяцца ў стадыi абмеркавання. Аднак вядома, што толькi будаўнiцтва тэрмiнала для захавання i перавалкi мiнеральных угнаенняў можа пацягнуць, па папярэднiх падлiках, на 80—120 мiльёнаў долараў.

У праекце зацiкаўлены абодва бакi, адзначыў у размове з карэспандэнтам “НГ” мiнiстр транспарту i камунiкацый Беларусi Мiхаiл Баравы. Новы аб’ект мог бы паспрыяць росту экспартных паставак айчыннай прадукцыi марскiм шляхам. Для Калiнiнградскага рэгiёну новы порт — стымул да росту транспартных паслуг.
Мiж тым пакуль што план будаўнiцтва сумеснага порта абмяркоўваецца толькi як праект, улады Калiнiнградскай вобласцi ўжо цяпер гатовы павялiчыць адпраўку марскiм шляхам беларускiх знешнегандлёвых грузаў амаль што ў тры разы i давесцi абарот да 1 мiльёна тон. Мiхаiл Баравы назваў такую прапанову даволi цiкавай для Беларусi. Аднак, адзначыў ён, канчатковае рашэнне можа быць прынята толькi пасля таго, як будзе праведзена адпаведная эканамiчная ацэнка.
На Калiнiнградскi рэгiён сёння прыходзiцца каля 350 тысяч тон знешнегандлёвых грузаў за год, альбо каля 2 працэнтаў ад агульнай колькасцi, што Беларусь перавозiць марскiм шляхам, паведамiлi карэспандэнту “НГ” ва ўпраўленнi марскога i рачнога транспарту Мiнтранса нашай дзяржавы. У цэлым жа агульны аб’ём адпраўкi па моры беларускага экспарту складае 16—17 мiльёнаў тон за год. Амаль што 60 працэнтаў бярэ на сябе Вентспiлскi порт (Латвiя), прыблiзна па 20 працэнтаў — Клайпедскi (Лiтва) i Нiкалаеўскi (Украiна).
Актывiзацыя работы на Калiнiнградскiм напрамку, разлiчвае беларускi бок, дазволiць аптымiзаваць пастаўкi айчынных знешнегандлёвых грузаў, у першую чаргу — калiйных угнаенняў. Аднак для гэтага, адзначаюць спецыялiсты, трэба вырашыць тры прынцыповыя пытаннi.
Па-першае, неабходна дабiцца знiжэння чыгуначных тарыфаў пры транзiце ў Калiнiнград праз Лiтву. Па-другое, неабходна правесцi рэканструкцыю воднага канала расiйскага партовага комплексу, што дасць праход суднам большай, чым гэта магчыма цяпер, грузапад’ёмнасцi — да 30—35 тысяч тон — такiх, якiя ў блiжэйшыя гады складуць аснову ствараемага беларускага марскога параходства. Па-трэцяе, павiнна быць створана адпаведная чыгуначная iнфраструктура, пабудаваны тэрмiналы, iншыя аб’екты партовай гаспадаркi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter