Цi лёгка жыць са сваiм... "двайнiком"?

Восеньскiм вечарам, прагульваючыся па парку, я ўбачыла iх. Вельмi падобныя нават зблiзу, здалёк хлопцы здавалiся падвоеным адлюстраваннем аднаго i таго ж чалавека: зусiм аднолькавыя чорныя палiто, сiнiя вязаныя шапачкi, да бляску начышчаныя туфлi з доўгiмi насамi.
Браты Вася i Коля, колькi памятаюць сябе, заўсёды разам. I ў дзiцячы садок разам хадзiлi, i ў школе за адной партай сядзелi. I вось цяпер яны студэнты 5-га курса БДУ. Няцяжка здагадацца, што вучацца яны ў адной групе, ды яшчэ i жывуць у адным iнтэрнатаўскiм пакоi.
Мяне заўсёды здзiўляла: чаму нават дарослыя блiзняты iмкнуцца выглядаць аднолькава? Здаецца, была б у мяне сястра-блiзнец, я з усёй бы моцы падкрэслiвала, што я -- гэта я: i валасы б у iншы колер перафарбавала, i рэчы зусiм розныя купляла... Але, напэўна, гэта толькi мой погляд?
Як правiльна выхоўваць блiзнят? Садзiць iх за адну парту, купляць аднолькавае адзенне цi, наадварот, падкрэслiваць, што яны розныя? З якiмi жыццёвымi цяжкасцямi сустракаюцца iх бацькi? На ўсе гэтыя пытаннi я паспрабавала знайсцi адказ.

З`яўленне на свет двойнi ўжо нiкога, акрамя шчаслiвых (цi няшчасных?) бацькоў, не здзiўляе. Апошнiм часам як сенсацыю падаюць нараджэнне адразу 4 цi 5 дзяцей. Вельмi вызначыўся ў гэтым плане высакосны 2004 год. Ён падарыў жыхарам сталiцы 173 двойнi, 6 тройняў. У гэтым жа годзе ў сталiцы зафiксаваны выпадак, калi жанчына нарадзiла адразу чатырох дзяцей.
У 2005-м годзе, па словах Святланы КАНДРАШОВАЙ, галоўнага акушэра-гiнеколага камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама, у родаўспамагальных установах сталiцы за 9 месяцаў бягучага года адзначана 134 выпадкi мнагаплоднай цяжарнасцi. На свет з`явiлася адна тройня, астатнiя -- двойнi. Шкада, што асобных запiсаў пра тое, двайняты цi блiзняты нараджаюцца, няма.
Паводле неафiцыйнай статыстыкi, толькi ў Мiнску жывуць каля 10 тысяч блiзнят розных узростаў. Вядома, гэта такiя ж людзi, як i ўсе астатнiя. Але ў той жа час ёсць у iх нешта патаемнае, незразумелае для нас: вельмi моцная эмацыянальная сувязь памiж сабой, своеасаблiвыя правiлы жыцця... I свае праблемы. У гэтым сэнсе бацькам двайнят, тым больш трайнят i г.д., зусiм не пазайздросцiш. I справа тут нават не ў тым, што ўзнiкаюць спецыфiчныя пытаннi выхавання, догляду. Дык у чым жа?

Калi вы нарадзiлi двойню цi тройню, дробязi, на якiя iншыя не трацяць асаблiва шмат часу, могуць стаць для вас сур`ёзным iспытам. Напрыклад, каляска. Прайшоўшы па магазiнах i рынках, я зразумела, што знайсцi каляску, якая б была разлiчана больш чым на адно дзiця, вельмi i вельмi складана. Няма такiх нi ў ГУМе, нi ў ЦУМе, нi ў ГД "Нямiга", нi на "Iмпульсе"... Знайсцi гэтую адмысловую рэч можна толькi на рынку. Ды i то ў адзiнкавых палатках.
-- Так, здаецца, былi ў нас такiя каляскi. Недзе на складзе яны. Не ведаю, якiя яны там. I кошту не ведаю. I цi будуць на прылаўку, сказаць не магу, -- так гучаў самы абнадзейваючы адказ на мае нескладаныя пытаннi.
Цяпер я не здзiўляюся, калi бачу на вулiцах дваiх дзяцей, уцiснутых у адну маленькую калясачку, цi абодвух iхнiх бацькоў: адзiн нясе дзiця, другi вязе. Потым дзяцей мяняюць месцамi. Вельмi "зручна", цi не так?

Асаблiвай увагi заслугоўвае i пытанне выхавання блiзнят. Як зрабiць гэта найбольш далiкатна i правiльна? Пра гэта я папрасiла расказаць спецыялiста псiхалагiчнай службы БДУ Аксану КУТКОВIЧ:
-- Чалавек нараджаецца, аддзяляецца ад бацькоў, фармiруе сваю асобу, свае звычкi, адказвае сам за сябе, фармiруе сябе. У блiзнят адбываецца тое ж самае, толькi на дваiх: iндывiдуальнасць у iх двайная. Гэта нармальна. Яны не разумеюць, як можна быць аднаму. Блiзняты больш нi з кiм так цесна не ўзаемадзейнiчаюць, як адзiн з адным. I яны не разумеюць, як можна жыць iнакш. Гэта звязана з тым, што яны разам не толькi з нараджэння, а з самага зачацця. Была такая тэорыя, што блiзнят трэба раздзяляць, выхоўваць асобна. Але гэта нi да чаго не прыводзiць, таму што ўсё роўна захоўваецца большасць звычак, густ у адзеннi, ежы...
У блiзнят назiраюцца нават падобныя iнтарэсы ў сферы навуковага ведання, прафесiйныя здольнасцi. Таму, калi такiя дзецi выхоўваюцца ў адной сям`i, бацькi iмкнуцца адносiцца да iх аднолькава. I гэта правiльна. Тут яшчэ ёсць такi момант. Ужо з самага нараджэння блiзнят зразумела: яны разам, падобныя, цi кожны з iх сам па сабе. I зыходзячы са сваiх назiранняў, адносiцца да iх трэба як да аднаго цэлага цi як да людзей з рознымi густамi. Але апошняе здараецца вельмi рэдка. Часцей за ўсё блiзняты крычаць у адзiн момант, у адзiн час хварэюць адным i тым жа захворваннем, есцi яны хочуць таксама ў адзiн час.
Блiзняты заўсёды разам. Яны не разумеюць, як можна апранаць нешта рознае. Адзiн у адным яны бачаць сябе. А як можна не любiць сваю руку, нагу? Тое, што апрануў адзiн, абавязкова падабаецца i другому...
Мы можам гаварыць аб тым, што, магчыма, гэта нейкая генетычная перадузятасць. Блiзняты падобныя 97 працэнтамi генаў. Яны амаль поўнасцю iдэнтычныя.
Ёсць яшчэ такое паняцце: двайняты. Гэта розныя людзi, у iх падобнасць складае толькi 50 працэнтаў. Вось яны iмкнуцца падкрэслiць сваю iндывiдуальнасць. У iх больш развiта сапернiцтва. Тут кожны сам за сябе. Яшчэ з дзяцiнства яны даюць зразумець: Пеця хоча канструктар, значыць, Саша -- мяккую цацку.

Цiкава, а як адносяцца да перспектывы стаць адразу двайнымi-трайнымi бацькамi тыя, у каго пытаннi сямейнага жыцця яшчэ наперадзе?
Галiна, студэнтка 2-га курса БДУ: "Не, нi ў якiм разе. Я выхоўвалася адна ў сям`i, таму хачу, каб у мяне таксама было толькi адно дзiця. Я буду праводзiць з iм шмат часу. Двое, трое... Гэта проста жах для мяне!"
Канстанцiн, эканамiст: "Не, адразу дваiх не хачу. Трэба, каб у сям`i былi дзецi розных узростаў. Тады старэйшыя будуць дапамагаць малодшым. I бацькам намнога лягчэй. А калi двойня, дык гэта двайны клопат. Ну а калi б мне ўжо так i "пашчасцiла", то ўсе роўна радаваўся б. Як жа можна дзецям не радавацца?! Што-небудзь прыдумалi б".
Насця, студэнтка 5-га курса БДУ: " Я па-рознаму стаўлюся да двайнятаў i блiзнятаў. Мару пра двайнят. Нарадзiлiся каб адразу хлопчык i дзяўчынка, але розныя. А блiзняты надта падобныя, з iмi было б вельмi цяжка".
Алег, прадпрымальнiк: "Ведаю, што калi, напрыклад, тройня нараджаецца, дзяржава грошы нейкiя выдае. Але на самай справе не думаю, што яны вырашаць усе праблемы. Галоўнае не нараджаць як мага больш дзяцей, а забяспечыць кожнаму з iх якаснае жыццё. Пакуль што я не магу гэтага зрабiць. Таму i пра дзяцей рана яшчэ думаць".
Юля, студэнтка 4-га курса БДУ: " Мне б хацелася, канешне, каб спачатку ў мяне з`явiлася адно дзiця, а потым, праз гады тры, ужо другое. Так лягчэй i маральна, i матэрыяльна. Але калi ўжо i атрымаецца двойня... Ну што зробiш, пазбаўляцца ад iх не буду. Хоць i цяжка, але ўсё роўна я буду шчаслiвая: гэта ж мае дзецi!"
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter