О новых смыслах и современных контекстах празднования 23 февраля и 8 Марта

Ці хлопчык, ці дзяўчынка

Пра сацыяльныя ролі мужчын і жанчын у кантэксце сучаснай рэальнасці

Заўважылі, што дзень стаў даўжэйшы? Ну вось і дачакаліся першага подыху вясны. А гэта значыць, што надышоў час выбірацца з-пад цяжкай коўдры, пачынаць будаваць новыя планы. Адмысловы штуршок гэтаму дае шэраг свят. Толькі адгрымела 23 лютага віншаваннямі ў адрас абаронцаў Айчыны. Цяпер жанчыны чакаюць ад мужчынскай паловы цёплых слоў і падарункаў. Гэты перыяд у календары інакш як чароўным не назавеш. І як цудоўна, што абедзве паловы чалавецтва на парозе вясны адчуваюць сябе патрэбнымі і любімымі!

Фото из архива «СБ»

Што б ні гаварылі феміністычна настроеныя актывісты, як бы ні імкнуліся ўраўняць сацыяльныя ролі, усё ж ад каштоўнасцей, закладзеных прыродай, не схаваешся. А прытрымліванне традыцый абавязкова дапаможа супрацьстаяць шкоднаму ўплыву заходніх «добразычліўцаў». Вось, напрыклад, як вам навіна пра тое, што англіканская царква прапанавала выкарыстоўваць гендарна-нейтральны тэрмін для абазначэння Бога. The Guardian паведамляе: па шматлікіх просьбах святароў вясной 2023 года царква створыць камісію, якая разгледзіць пытанне аб правамоцным выкарыстанні займенніка «ён» у дачыненні да Бога. Аказваецца, «хрысціяне са старажытных часоў лічылі, што Бог не з’яўляецца ні мужчынам, ні жанчынай».

У сувязі з гэтым падумалася: няхай сабе прыхільнікі слова «яно» імкнуцца ўсё сваё абагуліць сярэднім родам, для нас галоўнае — не дазволіць разбурыць нашы традыцыйныя каштоўнасці. Важным крокам у гэтым напрамку стала ўнясенне змен у Асноўны Закон краіны, дзе цяпер дакладна прапісана: «Шлюб — гэта добраахвотны саюз мужчыны і жанчыны». І гэта лагічна. Што мы суадносім са словам «яно»? Каханне, неба, натхненне, дзіця, шчасце… Але ні ў якім разе не «родитель 1», «родитель 2». Усё ж як бы феміністкі ні імкнуліся ўзвысіць ролю гендару ў сучасным грамадстве, дапусціць разлад у традыцыйным укладзе сям’і мы не павінны. 

Шчыра прызнацца, і паспяховым працаўніцам, і самадастатковым бізнесвумэн, якімі б жалезнымі ім ні хацелася здавацца, у хвіліны адзіноты хочацца простага жаночага шчасця. І тут на першы план пачуццяў і эмоцый выходзяць мужчынская і жаночая лініі паводзін. У ясным іх разуменні і пульсуе крыніца сапраўднага шчасця. Зразумець, дзе яно бярэ свой пачатак, дапамагаюць нашы традыцыйныя святы мужчын і жанчын — 23 лютага, 8 Сакавіка, а таксама Дзень маці і Дзень бацькі, надзвычай неабходныя сёння ў выхаванні сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак. Святочныя даты, дарэчы, могуць дапамагчы ў выхаваўчым працэсе, а таксама паказаць падрастаючаму пакаленню сапраўднае прызначэнне, скласці ўяўленне аб тым, наколькі мужчыны і жанчыны патрэбны адзін аднаму. 

Днямі ўбачыла ў сацсетцы дачкі сярод падпісчыкаў ці то дзяўчынку, ці то хлопчыка: па фота і відэа адразу не здагадаешся. Адзенне ў модным стылі аверсайз, валасы доўгія, сабраныя ў хвосцік, у вушах і носе пірсінг, пазногці на руках пафарбаваны цёмным лакам. «Гэта хто?» — спыталася ў маёй чацвёртакласніцы. «Ваня, хлопчык, які хоча быць падобным на дзяўчынку, называе сябе Іванай. Дзе і з кім ён жыве, невядома», — расказала маё дзіця. Пасля тлумачальнай гутаркі ўсё ж незразумелага персанажа з ліку сяброў прыйшлося выдаліць, каб дзіця не блыталася, дзе хлопчык, дзе дзяўчынка, а потым распавесці пра тое, што ў наш час роўныя магчымасці для поспеху ёсць у кожнага. 

У сённяшніх рэаліях жанчына, якая працуе, уносіць змены да лепшага ў свой свет і свет сваёй сям’і. І ў яе жыцці немалаважная роля адводзіцца мужчыну. Прадстаўнік моцнай паловы, які адказвае не толькі за сябе, але і за сям’ю, умее і працаваць, і клапаціцца пра бліжніх, праз гэта знаходзіць разуменне ў жанчыны, якая яму за гэта ўдзячная. І ўсім пры гэтым жыць добра і камфортна!

Падумалася: як было б выдатна, калі б сучасныя бацькі лічылі абавязкам часцей расказваць дзецям пра сапраўдныя каштоўнасці народа, традыцыі горада ці вёскі, у якіх нарадзіліся і выраслі. Абапіраючыся на вопыт продкаў, сакральныя сэнсы гістарычнай спадчыны, моладзь зможа ў складанай сітуацыі абаперціся на моцны падмурак ведаў, уласнай годнасці і абавязкова адрозніць белае ад чорнага, добрае ад дрэннага.

А якія новыя сэнсы ў мужчынскім і жаночым святах бачыце вы? 

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter