Цi ўдасца захаваць культурную самабытнасць?

У Мiнску прайшла прэзентацыя новай кнiгi Любовi Уладыкоўскай

Падставай для чарговай сустрэчы творчай iнтэлiгенцыi ў Лiтаратурным музеi Янкi Купалы ў Мiнску стала прэзентацыя новай кнiгi Любовi Уладыкоўскай «Як захаваць культурную самабытнасць?». Сапраўды, калi задумацца, якiя мы? Якiмi ведаюць беларусаў у свеце? Якiя каштоўнасцi заслугоўваюць найбольшай пашаны?

У абмеркаваннi шляхоў захавання культурных здабыткаў прынялi ўдзел слынныя беларускiя вучоныя, грамадскiя дзеячы, прадпрымальнiкi i палiтыкi. Выдатна, што да тэмы захавання i развiцця беларускай самабытнасцi праявiлi цiкавасць шматлiкiя мiжнародныя дзеячы, як, напрыклад, кiраўнiк Прад­стаўнiцтва ААН у Беларусi Антонiус Брук, Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусi Майкл Скэнлан, надзвычайныя i паўнамоцныя паслы Iзраiля ў нашай краiне Эдуард Шапiра i Славацкай Рэспублiкi – Мар’ян Серватка, намеснiк кiраўнiка Амбасады Польшчы Вiтольд Юраш i iншыя прадстаўнiкi дыпмiсiй i мiжнародных арганiзацый.

Як адзначыў Антонiус Брук, 2010 год вызначаны ААН годам пераасэнсавання мiжнародных культур. У ААН сцвярджаюць, што мiжкультурны дыялог – найлепшая гарантыя забеспячэння мiру i ўзаемаразумення.

Аб беражлiвых адносiнах да захавання культурных каштоўнасцяў у Злучаных Штатах гаварыў i Часовы павераны ЗША ў нашай краiне Майкл Скэнлан. Сёння Штаты падтрымлiваюць мiжнародныя праграмы i праекты па рэканструкцыi i захаваннi гiстарычных помнiкаў у многiх краiнах свету. Выдзелены даволi значныя грашовыя сродкi i на беларускiя помнiкi, напрыклад на рэстаўрацыю дома-музея сусветна вядомага земляка Тадэвуша Касцюшкi – героя мiнiмум чатырох народаў: беларускага, польскага, амерыканскага i французскага. Па словах Майкла Скэнлана, сёння Амерыка актыўна падтрымлiвае ва ўсiм свеце праграмы для захавання культурнай спадчыны нацыянальных меншасцяў.

Сваiмi меркаваннямi i гiстарычным вопытам дзялiлiся многiя ўдзельнiкi мерапрыемства. I ўсе падкрэслiвалi, наколькi важна для кожнай (нават невялiкай i, можа, не вельмi тэхнiчна развiтай) культуры, напрыклад амерыканскiх iндзей­цаў, захаваць i iх адметнасць.

Пра беларускую самабытнасць з болем i крыўдай разважаў наш сусветна вядомы навуковец Леанiд Лыч, гаварылi iншыя. Сапраўды, амаль нiколi не было лёгка жыць беларусу «памiж Польшчай i Расiяй», але жылi бацькi, гадавалi дзетак мацi, цiха i ласкава спяваючы над дзiцячай люлькай купалаўскiя, коласаўскiя, багушэвiчскiя вершы. Што ж зараз перашкаджае сучасным маладзiцам гэтак над сваiм малым у калысцы схiлiцца?..

Не абвiнавачваннi патрэбны нам, а еднасць i моц духу. I сёння, можа, як нiколi! Калi для развiцця беларускай дзяржаўнасцi нарэшце з’явiлiся рэальныя магчымасцi, аб якiх нават i марыць баялiся нашыя продкi, патрэбна разуменне i хоць невялiчкiя крокi кожнага да сваёй Бацькаўшчыны.

I наўрад цi трэба баяцца, што ў сучасным пласце культуры ў нас знаходзiцца месца i для польскай, рускай, яўрэйскай, татарскай адметнасцi. Ад успрымання лепшага мы становiмся толькi багацейшымi. Няхай нашыя землякi з замежжа таксама вязуць на Радзiму свае таленты, i што з таго, калi яны набытыя ў чужой старонцы, – Беларусь чакае i прыме ўсiх. Пра гэта гаварылi ўсе ўдзельнiкi сустрэчы творчай iнтэлiгенцыi.

А калi хто сцвярджае, што навука, гандаль «не разумеюць беларускай мовы», то старшыня прэзiдыума Рэспублiканскай канфедэрацыi прадпрымальнiкаў Уладзiмiр Карагiн гэтыя думкi аспрэчыў: «Ёсць беларускамоўны пераклад галоўных дакументаў прадпрымальнiка, хто жадае, калi ласка, можна працаваць...»

Iнiцыятар мерапрыемства Любоў Уладыкоўская зазначыла, што «пры распрацоўцы стратэгii культурнага развiцця Беларусi ва ўмовах глабалiзму надзвычай важна не самазамыкацца, не абмяжоўвацца этнаграфiзмам, правiнцы­ялiзмам, бо гэта можа звесцi беларусаў да ўзроўню адсталага, дапатопнага, вымiраючага этнасу. Дзяржаўная i грамадская падтрымка беларускай культуры мусiць абапiрацца таксама на прынцып адкрытасцi ў сферы сацыякультурнага абмену, мiжкультурных камунiкацый. Самае эфектыўнае рашэнне прадугле­джвае гарманiчнае ўзаемадапаўненне, з аднаго боку, стабiльнага нацыянальнага ядра ў выглядзе беларускай мовы i беларускай культуры (аўтэнтычнай, прафесiйна-мастацкай, духоўных традыцый i iнш.), а з другога – актыўны мiжкультурны дыялог, у тым лiку развiццё беларускай гуманiтарнай навукi i фiласофii ў кантэксце еўрапейскiх здабыткаў i сусветнага вопыту».

Канкрэтныя прапановы па далейшай распрацоўцы пытання падтрымкi i папулярызацыi беларускай культуры выказалi i беларускiя навукоўцы: член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, дырэктар Iнстытута мовы i лiтаратуры Аляксандр Лукашанец, прафесар, дэкан факультэта мiжнародных адносiн БДУ Вiктар Шадурскi, прафесар Беластоцкага унiверсiтэта Алесь Краўцэвiч, прафесар Гродзенскага дзяржунiверсiтэта Людмiла Рычкова, прафесар Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта культуры i мастацтваў Аляксандр Смолiк, прафесар, загадчык кафедры БДУ Галiна Сiнiла i iншыя вядомыя асобы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter