Ці будзе адзіны рынак

У даволі складаныя і пераломныя 1990-я гады Беларусь вызначыла сярод сваіх галоўных прыярытэтаў на бліжэйшую перспектыву ўсебаковае развіццё аграрнага сектара эканомікі. Такім чынам, напачатку нулявых была поўнасцю забяспечана харчовая бяспека насельніцтва.


З цягам часу гэтага стала недастаткова, а логіка ўстойлівага росту аграпрамысловага комплексу, у цэлым экпартнага патэнцыялу краіны патрабавала новых падыходаў і эфектыўных кіраўнічых рашэнняў.

Спачатку крыху статыстыкі: летась экспарт айчыннай сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання дасягнуў значнай велічыні — 4,9 мільярда долараў (рост у 3,5 раза ў параўнанні з 2005 годам). Аднак экспартную задачу, пастаўленую беларускім кіраўніцтвам, па атрыманні валютнага прыбытку ад рэалізацыі прадуктаў харчавання ў памеры 7,5 мільярда долараў ніхто не адмяняў.

Па выніках мінулага года ў разліку на аднаго жыхара краіны, сельгасвытворцамі атрымана 785 кілаграмаў зерня, 630 — бульбы, 123 — мяса, 752 — малака, 386 яек, што адпавядае ўзроўню развітых дзяржаў ЕС — Германіі, Вялікабрытаніі і Францыі. Да таго ж Беларусь лідзіруе па гэтых пазіцыях у межах СНД, апярэджваючы Расію, Украіну і Казахстан.

Не трэба забываць яшчэ аб адным прыкметным паказчыку — доля экспарту харчовай прадукцыі ў агульным нацыянальным экспарце за 2016 год склала амаль 20 працэнтаў. Нашы прадукты харчавання зараз пастаўляюцца ў 61 краіну (у згаданы перыяд было экспартавана звыш за 30 працэнтаў мясной і каля 60 працэнтаў малочнай прадукцыі).

Але нягледзячы на станоўчыя лічбы статыстыкі, магчымасці для далейшага росту аб’ёмаў вытворчасці беларускага АПК, экспарту харчавання, наогул для нашага далейшага руху наперад, пакуль яшчэ існуе нямала праблемных пытанняў. Аб гэтым гаварылася падчас рэспубліканскага семінара-нарады аб развіцці сяла і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны з удзелам Прэзідэнта: харчовая прадукцыя — гэта палітыка і ўнутраная, і знешняя. Ад стану развіцця аграпрамысловага комплексу залежыць дабрабыт і сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: харчовая бяспека — найважнейшы фактар нашай незалежнасці.

Не сакрэт, што асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі па-ранейшаму застаецца Расійская Федэрацыя. У наменклатуры айчыннага экспарту цяпер прэваліруюць малочная і мясная прадукцыя, грузавікі, трактары і сядзельныя цягачы, а таксама запчасткі да іх, пластмасавая тара, мэбля, сельгастэхніка і халадзільнікі.

Агульны рынак

Читайте также

Згодна звестак Белстата пачынаючы з 1996 года аб’ём знешняга гандлю таварамі з Расіяй вырас у пяць разоў (у абсалютных лічбах — па выніках 2017-га — да 32,4 мільярда долараў, у 1996-м было 6,5 мільярда). Толькі летась Беларусь прадала ў саюзную краіну прадукцыі на 12,8 мільярда долараў і набыла на 19,6 мільярда (гэта 43,9 працэнта ўсяго экспарту, доля імпарту дасягнула крыху болей за 57 працэнтаў).

Але давайце зноў вернемся да пытання экспарту харчавання. Нядаўна Беларусь з-за вялікай колькасці канфліктаў і забарон у гэтай галіне расійскіх наглядных органаў выступіла з ініцыятывай фарміравання адзінага рынку харчавання з Расіяй. Найперш для забеспячэння харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Беларускія эксперты ўпэўнены: гэта збалансуе агульны рынак харчавання, дапаможа вызначыць дакладныя аб’ёмы паставак прадукцыі пры яе неабходнай якасці, мінімізуе лабіраванне пэўных інтарэсаў, у тым ліку імпарцёраў падобных тавараў з трэціх краін.

Разам з тым Мінск сёння імкнецца да сталай дыверсіфікацыі нацыянальнага экспарту. Так, у 2017 годзе ўдалося пераарыентаваць пяць працэнтаў агульнай колькасці паставак прадуктаў харчавання і сельгаспрадукцыі з расійскага на іншыя напрамкі. Адпаведная работа будзе працягвацца.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter