Цеснавой пашанцавала з прадаўцамi

У сельскiм магазiне вёскi Цеснавая, глыбiнцы Стаўбцоўшчыны, якая мяжуе з Валожынскiм раёнам, вочы разбягаюцца ад выбару тавараў, як прадуктовых, так i прамысловых

У сельскiм магазiне вёскi Цеснавая, глыбiнцы Стаўбцоўшчыны, якая мяжуе з Валожынскiм раёнам, вочы разбягаюцца ад выбару тавараў, як прадуктовых, так i прамысловых. Прадаўцы на гэта здзiўленне адказваюць, што многае раскупiлi i яшчэ не было сённяшняга завозу. I сам магазiн, чысты, са ззяючымi прылаўкамi, засведчыць, што працуюць тут адмысловыя гаспадынi. Без пакупнiкоў у краме не бывае нi хвiлiны. Вясковыя жанчыны з ахвотай уступаюць у размову, iм так хочацца расказаць, якiя харошыя дзяўчаты iх прадаўцы.

Апошнiя ў адказ толькi ўсмiхаюцца. Наталля Явiд i Iрына Шыкуль — мясцовыя. I ў гэтым магазiне працуюць ужо не адзiн год. Стаж Наталлi Явiд у Стаўбцоўскiм райспажыўтаварыстве складае 20 гадоў, з iх 12 — на паса­дзе загадчыцы цеснаўскога магазiна. Пятнаццаць гадоў працуе ў гандлi i Iрына Шыкуль. Прыветлiвыя, з усмешкамi на тварах, яны перадаюць гэты настрой i наведвальнiкам магазiна. Без пакупкi з магазiна нiхто не выходзiць.

Прадаўцы могуць зрабiць аналiз, добра ўжо вывучылi пакупнiцкi попыт. Расказваюць, што аб узроўнi жыцця вяскоўцаў скажуць iх патрэбы. Сёння добра раскупляюцца мэбля, складаная бытавая тэхнiка, выбар якой у магазiне дастаткова вялiкi. Многiя з вяскоўцаў абнаўляюць халадзiльнiкi, набываюць маразiльнiкi, пральныя машыны-аўтаматы, DVD-прайгра­вальнiкi, сучасныя чайнiкi, кухонныя камбайны. Прадаўцы стараюцца, каб гэты тавар пастаянна быў у продажы. Вялiкая ўвага надаецца завозу малочных прадуктаў прама з малаказавода. Сёння скарачаецца пагалоўе жывёлы ў прыватных гаспадарках, i прадаўцы дбаюць аб тым, каб вяскоўцы без праблем маглi купiць у сваiм магазiне разнастайную свежую малочную прадукцыю.

Месячны тавараабарот у гэтым сельскiм магазiне, аддаленым ад райцэнтра, даходзiць да 75 мiльёнаў. За дзевяць месяцаў бягучага года ён склаў 550 мiльёнаў рублёў пры плане 484 мiльёны. I гэты вынiк дасягнуты сiламi толькi двух прадаўцоў, якiм даводзiцца не толькi стаяць ля прылаўка i абслугоўваць пакупнiкоў, але i заказваць тавар, прымаць яго, весцi справаздачнасць. Аднак такая вялiкая нагрузка нiякiм чынам не ўплывае на iх жыццесцвярджальны настрой, ад якога зараджаецца кожны, хто заходзiць у гэты сельскi магазiн.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter