Церамы на Нарачы

Паазер’е пабагацела на цікавае месца, дзе можна з карысцю правесці вольны час і адпачыць
Паазер’е пабагацела на цікавае месца, дзе можна з карысцю правесці вольны час і адпачыць



Што такое аграэкалагічная вёска? Своеасаблівая “машына часу”, што дазваляе зазірнуць у мінулае продкаў, пазнаёміць з традыцыямі беларусаў, асаблівасцямі мясцовага побыту. І ўсё гэта — атрымліваючы асалоду ад выгод сучаснай цывілізацыі. Такое паселішча ўжо ёсць. “Праз гістарычнае мінулае і культурныя традыцыі — адкрый сябе сучаснага” — гэта дэвіз новага этнакультурнага комплексу “Вёска Наносы”. Хутка ён расчыніць дзверы для аматараў адпачынку. Там дзіўнай прыгажосці прыродныя ландшафты: хоць карціны алеем пішы. Там можна з рукі карміць птушак і коней, падарожнічаць, здабываць лясныя і азёрныя трафеі ды, аказаўшыся сам-насам з прыродай, адкрываць нешта новае ў сабе, сваіх сябрах. Хто ж прыдумаў гарманічна сумясціць традыцыі і сучаснасць? Галоўны аўтар досыць смелай задумы, што злучае розныя культуры і эпохі — бізнесмен з Мінска Яўген Навасельскі.

Комплекс “Вёска Наносы” названы ў гонар аднайменнага паселішча пры Нарачы, на азёрным паўвостраве. Адны кажуць: назву невялікая вёска атрымала з-за пясчанага ўчастка, нанесенага вадой. Другія сцвярджаюць: паселішча “на самым носе” сушы, і тут з усіх бакоў можна любавацца самым прыгожым возерам Беларусі. Паўтары гадзіны ад сталіцы па трасе Мінск—Маладзечна, паварот да піянерлагера “Зубраня” — і зусім хутка трапляем… у казку.

Гэта вёска XVIII стагоддзя з элементамі сучаснай цывілізацыі. Дзве муравана-драўляныя хаты і дзесяць хатаў-церамоў. Планіроўка — як некалькі стагоддзяў таму, хіба вонкавае аздабленне “маладзейшае”. Як патлумачыла старшы адміністратар комплексу Святлана Жук: “Магчыма, тое, што ўбачаць госці, і не існавала раней у тым выглядзе, як цяпер увасоблена. Нам хацелася, каб жыць у новых Наносах было цікава, незвычайна і весела”. Тут ёсць лазні ды купелі — і сучасныя выгоды, рускія печы можна выкарыстоўваць як каміны, пліты. У “Вёсцы Наносы” адмовіліся ад тэлевізараў, тэлефонаў і халадзільнікаў. За кожнай хатай абсталяваны шыкоўны… ледавік, з якога можна браць саленні, варэнні, гародніну... За кожнай хатай — куратнік: уранні вам куркі знясуць свежыя яйкі. Дарэчы, вы каштавалі беларускую яечню са скваркамі?.. Яшчэ ў комплексе пры Нарачы вас навучаць рабіць вельмі смачную каўбасу, даіць карову, варыць сыр, пячы хлеб... І  ўвесь нялёгкі працэс нараджэння хлеба, ад поля да стала, будзе паказаны ў музеі. Ён — тут жа, як і драўляны вятрак: помнік архітэктуры XVIII стагоддзя, прывезены з Ляхавіцкага раёна.

Нам заўсёды хочацца казкі, прыгожай гульні. Асабліва пад Новы год. Добра, што ёсць на беларускай зямлі смелыя рамантыкі-чараўнікі, здольныя пры тым і справу карысную рабіць. На радасць сабе і людзям.

Іна Ганчаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter