Цеплыня без пратаколу

Дабрачынныя справы робяць лепшымі і дарослых, і дзяцейУявіце сабе казку: дзівосная музыка, на сцэне з’яўляюцца то Спячая прыгажуня з Прынцам, то клапатлівая Каза з казлянятамі, потым лёгка танцуюць з сяброўкамі бравыя кадэты-сувораўцы, і пацешныя Лялькі, і Шчаўкунок, і белакрылы Анёл, і гарэзлівы, зусім не страшны Чорцік… Здаецца, увесь рознастылёвы свет харэаграфіі пераліваецца гранямі, як чароўны крышталь, на вачах удзячнай публікі.
Жанчын з розных краін яднаюць у Беларусі добрыя справыДабрачынныя справы робяць лепшымі і дарослых, і дзяцей
Уявіце сабе казку: дзівосная музыка, на сцэне з’яўляюцца то Спячая прыгажуня з Прынцам, то клапатлівая Каза з казлянятамі, потым лёгка танцуюць з сяброўкамі бравыя кадэты-сувораўцы, і пацешныя Лялькі, і Шчаўкунок, і белакрылы Анёл, і гарэзлівы, зусім не страшны Чорцік… Здаецца, увесь рознастылёвы свет харэаграфіі пераліваецца гранямі, як чароўны крышталь, на вачах удзячнай публікі. Галоўнае ж, паміж сцэнай і залай няма ўзроставай мяжы: многія артысты — равеснікі юных гледачоў, што прыехалі на прадстаўленне ў Дзяржаўны харэаграфічны каледж.
— Нам хочацца, каб дзеці, якія ў сілу розных абставінаў не адчуваюць бацькоўскага клопату, далучаліся да прыгажосці, а то і выбралі харэаграфію справай жыцця, — гаворыць прэзідэнт Міжнароднага клуба жонак дыпламатаў Людміла Гурко. — Таму выступаем ініцыятарамі свята “Дзеці — дзецям”, якое пад Новы год традыцыйна ладзіцца ў Мінску. На гэты раз сабралі 230 дзяцей: з Баранавічаў, Барысава, Вілейкі, Любані, Ляхавічаў, Пухавічаў і іншых месцаў Беларусі. Акрамя прадстаўлення, іх парадавалі і салодкія падарункі ад Дзеда Мароза.
Свята прыгажосці стваралі дзесяткі юных артыстаў. “Усе нашы танцоры, а іх 270, ведаюць: пад Новы год будзе такі канцэрт, і некаторыя нумары рыхтуюць спецыяльна да яго, — задаволены работай выхаванцаў мастацкі кіраўнік каледжа Аляксандр Калядэнка. — Штогод у нас новая праграма, ёсць творы і з асноўнага рэпертуару артыстаў. На мой погляд, наша сумесная з Міжнародным клубам акцыя ўсебакова карысная. Дарослыя бяруць на сябе функцыі арганізатараў, адны дзеці вучацца рабіць дабро, другія — далучаюцца да мастацтва. А ўзровень падрыхтоўкі ў каледжы вельмі высокі, выпускнікі працуюць у вядомых калектывах, тэатральных трупах Беларусі, а таксама ў вядучых тэатрах Расіі, ЗША і, пэўна, усіх краін Еўропы”.
У зале былі жонкі дыпламатаў з Украіны, В’етнама, Сербіі, Венгрыі, Ірана. Калі ж канцэрт закончыўся, Дзед Мароз раздаў падарункі хлопчыкам і дзяўчынкам, сфатаграфаваўся з імі і дабрадзейкамі на памяць. На гэты раз актывісткі Міжнароднага клуба зрабілі яшчэ адну добрую справу: для 19-гадовага Яўгена Запуціна, у якога цяжкая хвароба, яны перадалі ў Вілейку спецыяльную інвалідную каляску. Так Клуб дапамагае дзецям, што засталіся без бацькоўскай апекі і з асаблівасцямі развіцця, не толькі ў Мінску, але і па ўсёй Беларусі.
Ад вілейскіх дзяцей з асаблівасцямі развіцця, якія штодзень збіраюцца ў цэнтры “Ластаўка”, дабрадзеі атрымалі ў дар прыгожую навагоднюю карціну — іх крапатлівая работа. А дзяўчынкі расказалі, што на кухні, абсталяванай пры дапамозе Міжнароднага клуба, умеюць гатаваць кашы, бульбу і нават смажыць курыцу.
Дабро вяртаецца… Нядаўна ў Беларускім дзяржуніверсітэце да Людмілы Гурко падышла студэнтка: “Я памятаю Вас, Людміла Анатольеўна! Вы прыязджалі ў Жодзіна… Дзякуй вам…”. І ўспомніла яна ўсмешку гэтай дзяўчынкі з дзіцячага дома, які наведвала. І, расчуленая, прытуліла яе да сябе, як родную душу…

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter