Цеплавей пасярод зiмы

Як хораша адчуваць, што ў тваiм родным райцэнтры, старадаўнiм паселiшчы з таямнiчай назвай Узда, аб’яднана столькi годных, прыгожых душой насельнiкаў Геаграфiчны цэнтр нашай рэспублiкi вызначаны i даўно пазначаны ў суседнiм з Уздзеншчынай Пухавiцкiм раёне. А вось культуралагiчная, моўная сярэдзiна, калi не сказаць сарцавiна, Беларусi належыць, думаецца, менавiта Уздзеншчыне. Услухайцеся толькi ў пералiк такiх знаёмых i слынных у нашай краiне iмёнаў: Кандрат Крапiва, Паўлюк Трус, Пятро Глебка, Алесь Якiмовiч, Антон Бялевiч, Алесь Пальчэўскi, Алесь Махнач, Iлья Гурскi, Лiдзiя Арабей! I ўжо толькi за iх прыналежнасць да ўздзенскай зямлi вы яшчэ больш будзеце шанаваць гэты край. А далучыце да гэтага пералiку яшчэ з дзесятак прозвiшчаў пiсьменнiкаў i лiтаратараў: Уладзiмiр Кiсялёў, Даiр Слаўковiч, Васiль Шырко, Васiль Гурскi, Кастусь Шавель, Вiктар Казлоўскi, Дзмiтрый Вiнаградаў... Пералiк землякоў, хто быў i сёння звязаны з моўнай нiвай, з працай са словам, гэтым далёка не вычэрпваецца. Зрэшты, радаводы Янкi Купалы, Якуба Коласа таксама так цi iнакш звязаны з Уздзеншчынай... На здымку: калi ў душы песня: дырэктар РЦК Алена МАЛАШЭВIЧ i супрацоўнiк цэнтра культуры Дзмiтрый БУДНIК.

Як хораша адчуваць, што ў тваiм родным райцэнтры, старадаўнiм паселiшчы з таямнiчай назвай Узда, аб’яднана столькi годных, прыгожых душой насельнiкаў.

Дарога з музейнага парога

Мой калега i сааўтар па гэтых вось нататках-абразках Аляксандр Талочка прыкмецiў уласцiвую Уздзе наступную акалiчнасць: знаёмства з горадам улады тут прапануюць пачынаць з мясцовага гiсторыка-краязнаўчага музея. Згаданая завядзёнка пайшла яшчэ з той пары, калi падобную ўстанову з лiку раёнаў вобласцi i мела хiба што адна Узда. А гэта стала магчымым дзякуючы настойлiвым намаганням энтузiястаў, гiсторыкаў-краязнаўцаў, сярод якiх быў i цяперашнi старшыня Камiтэта дзяржкантролю рэспублiкi, а тады сакратар райкама партыi, Зянон Ломаць.

Добрая традыцыя падтрымлiвалася i заахвочвалася дырэктарам музея Анатолем Папко, да якога заўсёды можна было прыйсцi i старому, i малому, па справе i без пiльнай патрэбы, проста пагутарыць пра жыццё-быццё.

Словам, музей быў гэткiм духоўным, асветнiцкiм цэнтрам, праз якi iшло пазнанне раёна гасцямi ды i яго жыхарамi. У многiм дзякуючы музею за гады сабрана багатая гiсторыя горада i раёна, у ўздзенскi “рэестр” упiсаны многiя новыя iмёны знакамiтых землякоў, якiя былi малавядомыя шырокаму колу грамадскасцi або якiх наогул нiхто не ведаў. А прадаўжае гэтую ўдзячную справу сённяшняя каманда музейшчыкаў на чале з Тамарай Лухверчык.

Край творцаў

Геаграфiчны цэнтр нашай рэспублiкi вызначаны i даўно пазначаны ў суседнiм з Уздзеншчынай Пухавiцкiм раёне. А вось культуралагiчная, моўная сярэдзiна, калi не сказаць сарцавiна, Беларусi належыць, думаецца, менавiта Уздзеншчыне. Услухайцеся толькi ў пералiк такiх знаёмых i слынных у нашай краiне iмёнаў: Кандрат Крапiва, Паўлюк Трус, Пятро Глебка, Алесь Якiмовiч, Антон Бялевiч, Алесь Пальчэўскi, Алесь Махнач, Iлья Гурскi, Лiдзiя Арабей! I ўжо толькi за iх прыналежнасць да ўздзенскай зямлi вы яшчэ больш будзеце шанаваць гэты край.

А далучыце да гэтага пералiку яшчэ з дзесятак прозвiшчаў пiсьменнiкаў i лiтаратараў: Уладзiмiр Кiсялёў, Даiр Слаўковiч, Васiль Шырко, Васiль Гурскi, Кастусь Шавель, Вiктар Казлоўскi, Дзмiтрый Вiнаградаў... Пералiк землякоў, хто быў i сёння звязаны з моўнай нiвай, з працай са словам, гэтым далёка не вычэрпваецца. Зрэшты, радаводы Янкi Купалы, Якуба Коласа таксама так цi iнакш звязаны з Уздзеншчынай.

А пастаўце ў гэты пачэсны рад навукоўцаў, мастакоў, асветнiкаў, i вам стане зразумела, чаму мы ўзялi смеласць прызнаць за верхнянёманскiмi мясцiнамi права лiчыцца асяродкам культурнай спадчыны беларусаў.

Што ў iменi тваiм...

Як здавён да людзей прыставалi мянушкi, так i паселiшчы, гарады набывалi свае ўласныя iмёны. Дакладна невядома, адкуль узнiкла назва Узда. Iснуе некалькi версiй.

Адно тлумачэнне паходзiць ад слова “уздечка” – часткi коннай збруi – i звязана са старадаўняй легендай аб тым, што нейкi татарскi ваявода (верагодна, Кайдан), пераязджаючы цераз мясцовую рэчку, выпусцiў у яе вышытую золатам аброць. Шукалi яе ўсiм стоўпам — не знайшлi, а паселiшча з тых часоў сталi называць Вуздой, Уздой, а рэчку — Уздзянкай.

Па другой версii, найменне звязана са старажытным лiтоўскiм словам “узла”, што азначае насцiл цераз балота, грэблю. А яшчэ адно тлумачэнне прыводзiць да словаўтварэння “паселiшча на рацэ Уса” (па-татарску Ус-да).

Паводле меркавання даследчыка Уладзiмiра Кiсялёва, тут да месца i яшчэ адна трактоўка, звязаная са старажытнарускай назвай абарончых умацаванняў, якiя будавалiся ў ХIII—ХVI стагоддзях на ўскраiнах Русi для абароны ад набегаў качэўнiкаў. Вядома, што ў другой палове ХV стагоддзя пры маскоўскiм князi Iване III такiя ўмацаваннi, пабудаваныя ўдоўж рэк Акi i Угры, насiлi назву «Вялiкая Узда».

Прыгажосць гарады бярэ

Пакуль дастаткова толькi прыведзеных фактаў, каб меркаваць, наколькi багатая гiсторыя Уздзеншчыны. Але нельга абысцi ўдзячнасцю i нашых сучаснiкаў, якiя сёння фармiруюць працоўнае i сацыяльнае аблiчча горада i раёна, яго духоўна-культурнае асяроддзе. Людзей светлых думак, узнёслых планаў, шчырых памкненняў, якiя, быццам цеплавей пасярод зiмы, нясуць землякам дабро, надзею на лепшую будучыню.

Апошнiм часам стабiльна працуе калектыў ПУП “Уздзенскi кааппрам”, якiм кiруе Рэгiна Нiсцюк. Вытворча-камерцыйны iнтарэс тут будуецца на... хлебе. Мясцовыя боханы, кандытарскiя вырабы разыходзяцца па ўсёй гандлёвай сетцы аблспажыўсаюза, заваявалi немалы стос узнагарод на разнастайных рэспублiканскiх конкурсах, прэзентацыях i дэгустацыях. На выстаўку “Прадэкспа-2009”, якая праходзiла ў лiста-падзе, прадпрыемства прадставiла шырокi асартымент кандытарскiх вырабаў, чым лiтаральна заваражыла i наведвальнiкаў, i журы.

Адметны складальнiк поспеху ўздзенскiх хлебапёкаў – творчасць, неабыякавае стаўленне да вынiкаў сваёй працы. Менавiта творчы запал, выдумка, нестандартнасць рухаюць дзеяннямi многiх маiх землякоў, незалежна ад таго, чым iм даводзiцца займацца, якой справе яны сябе прысвяцiлi.

У СВК “Лiцвяны” працуе заатэхнiкам-асемянатарам Iрына Iванец. Яе сям’я атрымала ад гаспадаркi цудоўны дом. Клапатлiвыя рукi жанчыны, дапамога блiзкiх зрабiлi прысядзiбны ўчастак прыкметным, непаўторным. Па вынiках раённага конкурсу на лепшы падворак сярод маладых сем’яў перамога па праве прызнана за Iрынай.

Дарэчы, адным з прыярытэтаў на блiжэйшую перспектыву раённыя ўлады вызначаюць якраз задачу добраўпарадкавання райцэнтра, абнаўленне камунi-кацый. Спраў тут больш чым дастаткова, лiчыць нядаўна прызначаны на пасаду старшынi райвыканкама Вячаслаў Пахольчык (на здымку ўверсе). Многае з вопыту надання новага аблiчча паселiшчам ён мае шанц перанесцi з Нясвiжчыны, дзе працаваў раней у такiх знакамiтых гаспадарках, як СВК “Агракамбiнат “Сноў”, ААТ “Новае жыццё”, i дзе сацыяльная сфера, праблемы ўладкавання населеных пунктаў мелi першараднае значэнне.

I ведаючы, якiя водгукi простых людзей пакiнуў аб сваiх справах Вячаслаў Вячаслававiч на Нясвiжчыне, верыш, што i тут яго задумы пачнуць ажыццяўляцца без доўгiх затрымак.

“Зямля тут спявае”, — кажуць пра Уздзеншчыну, прыгадваючы яшчэ адну з легенд i памятаючы пра феномен вылучэння гэтым краем цэлай плеяды знакамiтых прадстаўнiкоў культурна-асветнiцкай нiвы. Але гэтая зямля, вядомая як Наднямонне, i прыцягвае ў сваё лона людзей цiкаўных, здольных праявiць сябе ў служэннi людзям, цi то гэта ў невялiкiм гарадку, цi аддаленай вёсачцы.

Вось не так даўно ў вёсцы Магiльнае пачаў прыходскую службу айцец Аляксей Шышко, якi скончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмiю па спецыяльнасцi “iканапiс”. Выпускнiца прыгаданага аддзялення i яго жонка Юлiя. Падзвiжнiк айцец Аляксей у хуткiм часе заваяваў аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў. Ён марыць кансалiдаваць намаганнi вернiкаў, мецэнатаў, увогуле людзей, неабыякавых да лёсу малой радзiмы, i адбудаваць адзiн са старэйшых праваслаўных храмаў iмя Святога Мiкалая, якi быў тут узведзены некалькi стагоддзяў назад.

Да родных каранёў вырашыў звярнуцца i сюды ж вярнуцца мастак Алесь Фiлiповiч. Пакiнуў сталiцу, разам з жонкай i дачкой пераехаў у бабулiн дом у вёсцы Куль.

— Я прыродны чалавек, — коратка тлумачыць сваё рашэнне мастак.

I з iм згаджаешся. Магчыма, тут, у яднаннi з прыродай, у вясковым спакоi яму лепш думаецца, лепш робiцца.

На патрэбу землякам

Кажуць, што нi край, то звычай. У Уздзеншчыны таксама ёсць свая адметнасць. Адсюль, з жывапiсных месцаў, пачынае свой бег да Балтыкi сiвы бацька-Нёман. Багатыя на дары лясы, цiхiя рачулкi i азярыны, раздольныя лугi i шчодрыя палi – усё гэта, падоранае мацi-прыродай, тут любяць i цэняць. Як i тое, што створана розумам i талентам многiх пакаленняў уздзенцаў.

Аднак самая вялiкая каштоўнасць – гэта, вядома ж, людзi. На iх дабрабыт i скiраваны дасягненнi сацыяльна-эканамiчнага развiцця. Шмат цiкавых спецыялiстаў працуе, напрыклад, у сiстэме аховы здароўя раёна, у тым лiку каля 60 урачоў. Найбольш прыкметная фiгура сярод iх — хiрург Канстанцiн Глебка. Аўтарытэтны спецыялiст вырашыў пайсцi далей у прыкладаннi сваiх ведаў, вопыту – засвоiў пластычную хiрургiю. I цяпер, як кажуць, нават калi мясцовым жанчынам патрэбы ў падобнай паслузе няма, то ёсць заяўкi ад прыезджых, найперш больш заможных мiнчанак.

Цi вось такi красамоўны факт. На падтрымку праблемных сем’яў скiроўвае сваю дзейнасць клуб шматдзетных мацi, створаны пры тэрытарыяльным цэнтры абслугоў­вання насельнiцтва. З такiх мам, як Марына Казлова, Лiлiя Чайкоўская, Вольга Палякова, ёсць усе падставы ўзяць добры прыклад, ёсць чаму павучыцца ў стаўленнi да сваiх дзетак. Бачачы клопат гэтых жанчын, i мацi з некалькi iншымi поглядамi на выхаванне ў сям’i, з iншай адказнасцю за лёс сваiх нашчадкаў мяняюцца да лепшага. А хiба гэта не будзе радаваць!

Сучасныя стандарты побыту жыхароў Узды сёння нельга разглядаць без добра пастаўленай фiзiчнай культуры i спорту, прыкладной народнай творчасцi, мастацкай самадзейнасцi. Шмат зрабiў для прапаганды здаровага ладу жыцця ветэран спорту трэнер Валерый Ражкоў, у сцэнiчным мастацтве праявiлi сябе дырэктар РЦК Алена Малашэвiч i Дзмiтрый Буднiк, у майстра ткацтва, саломапляцення “вырасла” Святлана Шчэрбач. А вось навучэнкi Уздзенскага сельскагаспадарчага лiцэя Iна Iонава i Ксенiя Марзалюк разлiчваюць стаць майстрамi сваёй справы пасля заканчэння гэтай пра­фесiйнай навучальнай установы.

У год 65-годдзя Вялiкай Перамогi асобнага слова заслугоўваюць ветэраны, тыя, хто прынёс Радзiме ў 1945 годзе доўгачаканы мiр. Для iх будуць знойдзены свае ўдзячныя словы. Зноў жа, як i заўжды, не апошнюю ролю ў шана­ваннi абаронцаў Айчыны возьме на сябе раённы музей, яго нястомны дырэктар Тамара Лухверчык. Бо дзякую­чы такiм энтузiястам, як настаўнiк гiсторыi ўздзенскай СШ № 2 Андрэй Ярмольчык, па-ранейшаму адгортваюцца новыя старонкi ў пазнаннi роднага краю.

Бясспрэчна, кола носьбiтаў той цеплавейнай аўры, з якой мы пачалi наш аповед, куды шырэйшае. Хаця i па гэтых нямногiх, але яркiх i найбольш тыповых асобах мы можам меркаваць, якой сёння ўяўляецца Узда. Яны фармiруюць яе аблiчча цяпер, iм будаваць i надалей упрыгожваць сваю родную старонку.

 

Навучэнкi сельскагаспадарчага лiцэя Iна IОНАВА i Ксенiя МАРЗАЛЮК.

 

Хiрург Канстанцiн ГЛЕБКА спрабуе сябе ў новай iпас­тасi — дапамагае жанчынам быць прыгожымi.

 

Мастак з вёскi Куль Алесь ФIЛIПОВIЧ.

 

Удзельнiкi клуба шматдзетных сем’яў Марына КАЗЛОВА, Лiлiя ЧАЙКОЎСКАЯ i Вольга ПАЛЯКОВА са сваiмi дзецьмi.

 

Пераможца раённага конкурсу на лепшы падворак Ірына ІВАНЕЦ з СВК “Ліцвяны”.

 

Айцец Аляксей ШЫШКО і яго жонка Юлія прафесійна прысвяцілі сябе іканапісу.

 

У хаце сялянскага побыту раённага гiсторыка-краязнаўчага музея яго дырэктар Тамара ЛУХВЕРЧЫК i настаўнiк гiсторыi СШ № 2 Андрэй ЯРМОЛЬЧЫК.

 

Дырэктар ПУП “Уздзенскі кааппрам” Рэгіна НІСЦЮК (справа) i майстар-цестамес Таццяна ПРЫЁМКА з узорамi кандытарскiх вырабаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter