Новый резидент Минского городского технопарка работает над созданием ультрасовременных и инновационных материалов для сращивания костей

Цэментуючая сiла навацый

У Мiнскiм гарадскiм тэхнапарку з’явiлiся новыя рэзiдэнты. Сярод iх i НВ ТАА «Медбiятэх», якое за трыццаць гадоў iснавання распрацавала i выпусцiла больш за 50 вiдаў прадукцыi медыцынскага прызначэння для вертэбранеўралогii, чэрапна-мазгавых траўмаў, скiвiчна-тварнай хiрургii, анкалогii, афтальмалогii, траўматалогii. Каля 90 працэнтаў прадукцыi, якая тут вырабляецца, iнавацыйная, распрацаваная па праграме iмпартазамяшчэння. А зараз новы рэзiдэнт сталiчнага тэхнапарка працуе над стварэннем ультрасучасных i iнавацыйных матэрыялаў: бiясумяшчальных палiмераў i кальцыйфасфатаў. Апошнiя пасля ўжыўлення ў цела чалавека ператвараюцца ва ўласную костку.

Многія распрацоўкі паказваюць на 3D-мадэлях.

Пераканаўчая розніца

Кампанія актыўна працуе над вырабамі з палімерных матэрыялаў.

Дырэктар кампаніі Уладзімір Гарбацкі стаў займацца распрацоў­кай і вырабам канструкцый воляю лёсу: трапіў у аварыю, лячыўся. А пасля папраўкі пачаў новую справу. Штогод кампанія з нуля распрацоўвае каля 5—8 новых канструкцый. Задача першараднай важнасці — задаволіць патрэбу ў імплантатах і інструментарыі ў краіне. Адначасова пастаўкі ідуць і ў многія краіны СНД. Паступова вытворчасць разрасталася і арэндных плошчаў перастала хапаць. Кампанія своечасова даведалася пра другую чаргу будаўніцтва для размяшчэння рэзідэнтаў у Мінскім гарадскім тэхнапарку. Умовы прапанавалі добрыя. Па выніках конкурснага адбору «Медбіятэх» увайшоў у склад тэхнапарка. Удачна асталяваўся на новых плошчах. Атрымалася нават асвоіць шэраг новых тэхналагічных працэсаў, якія патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі. Створаны і добрыя працоўныя месцы. Кошт арэнды амаль удвая меншы, чым на папярэдняй лакацыі.

— Сучасныя вырабы, асабліва з далёкага замежжа, вельмі дара­гія. Беларускія аналагі ў ра­зы таннейшыя. Напрыклад, імпартная спінальная канструкцыя для дзяцей з прыроджанай паталогіяй пазваночніка, вырабленая з улікам індывідуальных асаблівасцей з выкарыстаннем 3D-друку, каштуе недзе 25 000—30 000 долараў. Падчас рэалізацыі праграмы Саюзнай дзяржавы НВ ТАА «Медбіятэх» разам з вядучымі медыцынскімі ўстановамі Расіі і Беларусі распрацавала яе аналаг. Каштуе каля 2500 долараў, прычым з лепшымі тэхнічнымі характарыстыкамі, — прывёў пераканаўчы довад Уладзі­мір Гарбацкі. — А якасць нашых канструкцый не толькі не горшая, але часам у разы лепшая за імпартныя.

Дырэктар «Медбіятэха» дэ­манструе невялікую частку распрацовак: спінальныя канструкцыі, у тым ліку і дзіцячыя (кожная зроблена асобна, іх можна мадэліраваць, збіраць, як канструктар лега, і атрымліваць прыдатны варыянт для кожнага медыцынскага выпадку), тытанавыя пласціны для ўстаранення дэфектаў чэрапа, знешнія канструкцыі і нават пратэз вока. Многія распрацоўкі паказваюць на 3D-мадэлях. Яны збіраюцца пад кожнага пацыента індывідуальна.

— Да нас звяртаюцца з канкрэтным запытам. Па рэнтгенаўскім здымку чалавека робім прататып на 3D-прынтары. У далейшым працуем па ім, — сцісла абмалёўвае алгарытм дзеянняў Уладзімір Гарбацкі.

Штогод кампанія з нуля распрацоўвае каля 5—8 новых канструкцый.

Малы залатнік, ды дарагі

Невялікае месца сярод распрацовак займаюць маленькія прамавугольныя і цыліндрычныя матэрыялы. Нягледзячы на знешнюю непрывабнасць, цяпер яны самыя каштоўныя экспанаты гэтай выставы. Жаўтаваты порысты кавалачак — ультрасучасны кальцыйфасфат. Яго выкарыстоўваюць для папаўнення дэфіцыту касцяной тканкі. Пасля ўжыўлення ён біядэградзіруе і ператвараецца ва ўласную костку. На сёння гэта апошняе слова ў медыцыне.


Распрацаваныя дэталі можна збіраць, як канструктар лега.

— Яго прывабнасць у тым, што, трапіўшы ў арганізм, кальцыйфасфат уступае ва ўзаемасувязь з уласнымі касцянымі структурамі. У выніку дэфектны ўчастак пачынае зарастаць. Ужыўлены матэрыял біядэградзіруе, і мы атрымліваем цэлую асноўную костку, — апісвае магічныя здольнасці нашага арганізма ра­зам з сучаснымі медыцынскімі рашэннямі Уладзімір Гарбацкі і дзеліцца планамі: — Праз два гады мы мяркуем выйсці на прамысловую вытворчасць канструкцый з кальцыйфасфату. Гэта будуць гелі, парашкі, надрукаваныя на 3D-прынтары касцяныя адломкі.

Асноўны матэрыял у імплан­талогіі — тытан. Ён рэнтгенакантрастны і біясумяшчальны з арганізмам чалавека. Але цяпер кампанія актыўна працуе над палімернымі матэрыяламі. Дарэчы, у нашай краіне такія канструкцыі пакуль не прымяняюць. На працягу некалькіх гадоў сітуацыя можа і павінна змяніцца, думае распрацоўшчык.

— Да канца гэтага — у наступным годзе з’явяцца канструкцыі для лячэння плоскаступнёвасці ў дзяцей, разрыву звязак у спартсменаў, пераломаў плечавога сустава. Працуем і над малаінвазіўнымі метадамі ўстаноўкі спінальных канструкцый, — пералічыў важныя планы Уладзімір Гарбацкі.

tychko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter