Музыкальное шоу и фильмы на воде: каким будет стартующий в Минске сезон фонтанов

Цэлыя фантаны ідэй

Заўтра ў 17.00 гарадскія фантаны запусцяць у неба свае вадзяныя стрэлы. Традыцыйна ўрачыс­тае адкрыццё сезона пройдзе каля Нацыянальнага акадэміч­нага Вялікага тэатра оперы і балета. Музыка, выступленні артыстаў, касцюміраванае шоу і, вядома, выступы гарадскога фантаншчыка стануць зыходным пунктам для работы ключавых «гейзераў» Мінска, якіх у горадзе 34. У гэтым сезоне адкрыюць яшчэ 2 новыя. Карэспандэнт «Р» напярэдадні свята даведалася, як рыхта­валі фантаны да вясенне-летняга перыяду і чым будуць здзіўляць.

Галоўная фішка фантана на Жасмінавай: струмені будуць ствараць вадзяны экран 8 на 14 метраў

Каб у гараджан засталіся ад архітэктурных формаў фантанаў прыемныя ўражанні, спецыялісты ВКУП «Мінскзелянбуд» правялі касметычны рамонт аб’ектаў пасля зімовага перыяду. Не рабілі гэтага раней, бо існуюць свае тонкасці пасля раскансервацыі: працаздольнасць многіх элемен­таў «гейзераў» высвятляецца толькі ў працэсе эксплуатацыі. Вядома, тое, што неабходна было замяніць у абавязковым парадку, зрабілі раней. Дзе падмыла вадой гранітныя пліты — паднялі, апрацавалі, адпаліравалі і вярнулі на месца. Глабальна рэстаўравалі некалькі гадоў таму толькі знакаміты фантан «Хлопчык з лебедзем» у Аляксандраўскім скверы, устаноўлены там яшчэ ў 1874 годзе ў азнаменаванне з’яўлення ў горадзе водаправода. Ужо летам, пасля II Еўрапейскіх гульняў-2019, возьмуцца за адраджэнне фантана, які яшчэ ў савецкі час быў на вуліцы Пуліхава. Падрабязнасцямі дзеліцца галоўны інжынер ВКУП «Мінскзелянбуд» Уладзімір Бабіўскі, з якім мы сустрэліся каля аднаго з новых «гейзераў» побач з Нацыянальнай бібліятэкай:

— Усе камунікацыі старога фантана на Пуліхава прыйшлі ў непрыдатнасць, аднавіць іх немагчыма — патрэбна поўная замена. Каб вярнуць на тое месца фантан, а яшчэ і акультурыць тэрыторыю для адпачынку, распрацаваны праект, які прадугледжвае стварэнне пешаходных дарожак, алеі, азеляненне і абнаўленне фантана. Хлопцы і дзяўчаты з БРСМ прапанавалі свае эскізы, каб праектная арганізацыя зрабіла фантан такім, якім яго бачыць моладзь. У сувязі с тым, што маладое пакаленне брала ўдзел у распрацоўцы канцэпцыі фантана, адзін з яго ўчасткаў будуць узводзіць менавіта студатрадаўцы.

Але вернемся да новага «гейзера» на вуліцы Жасмінавай, побач з Нацыянальнай бібліятэкай. Гэта складанае гідратэхнічнае збудаванне з адкрытай эліпсападобнай воднай чашай. Пад ім — нябачныя вачам мінакоў велізарныя памяшканні з помпавымі камерамі і тэхнічным абсталяваннем, якое забяспечвае работу ўсіх фантанных насадак. Тут знаходзяцца стойкі з гучнагаварыцелямі, лазернымі, дымавымі ўстаноўкамі. За яго дызайн і архітэктуру адказвалі іспанскія праекціроўшчыкі, якія ствараюць падобныя фантаны ў Абу-Дабі і Дубаі, а рэалізавала яго ў Мінску сербская кампанія. Яна пасля запуску фантана ўрачыста падарыць яго гораду. Петар Пятроў, прадстаўнік кампаніі, расказаў:

— Гэта першы ў краіне кібернетычны мультымедыйны фантан. Даўжыня басейна — 30 метраў, шырыня — 8. Таўшчыня пласта вады ў ім не менш за 50 сантыметраў. Працуе ён па закрытым контуры, каб не задзейнічаць дадатковую ваду. У ім устаноўлена аўтаматычная сістэма ачысткі вады. Як толькі запусцім фантан, гараджане ўбачаць 15 вертыкальных струменяў, 4 танцуючых, 7 аблокаў з пырскаў, 3 водныя віхуры, а яшчэ 4 робатызаваныя 2D-струмені і іншае. Галоўная фішка: патокі будуць ствараць водны экран  8 на 14 метраў, на якім можна будзе глядзець фільмы, ролікі пра Мінск і Беларусь.

Кіраваць дзеяннямі фантана будуць запраграмаваная сістэма і робатызаваныя прыборы, якія фарміруюць розныя камбінацыі водных эфектаў, RGB-лазераў, падсветку і туманаўтваральнікаў. Сістэма датчыкаў ветру будзе рэгуляваць вышыню струменяў і ў цэлым работу фантана. Вядома, усю яго прыгажосць можна будзе ацаніць, калі пачне змяркацца. 

Некаторыя мінскія фантаны забяспечаны спецыяльным абсталяваннем, здольным блакіраваць іх работу пры моцным ветры і вялікіх ападках.

У гэтым сезоне некаторыя мінскія фантаны будуць працаваць даўжэй, чым мы прывыклі. Калі раней яны выключаліся ў 21.00, то зараз некаторыя будуць працаваць у выхадныя і святы да поўначы. Напрыклад, фантаны «Оперны» на плошчы Парыжскай Камуны, «Каскад» каля музея Вялікай Айчыннай вайны, «Ветразь» у парку Перамогі, «Сталіца» на праспекце Незалежнасці, «Юбілейны», «Масква», «Поры года», «Амфітэатр» і фантан «Мінск-Арэны» на праспекце Пераможцаў. 

— Каб скласці іх графік, улічваліся і меркаванні грамадзян, адміністрацый раёнаў. Знайшоўшы залатую сярэдзіну, рабілі расклад. На жаль, усім не дагодзіш, — прызнаецца Уладзімір Бабіўскі і прыводзіць прыклад: — Матулі, якія прагульваюцца з малымі ў парку Перамогі, прасілі, каб уключалі самы магутны мінскі фантан, калі яны там, і выключалі, калі ідуць спаць. Але ў розных сем’ях — свой расклад, і пад усіх падстроіць работу фантанаў мы не ў сілах. Пастаянна яны таксама працаваць не могуць. У цэлым фантанаў, якія працуюць 24 гадзіны ў суткі, у Мінску няма. Той жа фантан «Ветразь» на Камсамольскім возеры спажывае 840 кВт/г. Спецыяльна для яго побач у парку пабудавалі трансфарматарную падстанцыю. Помпавая частка знаходзіцца на беразе ў мокрай камеры, устаноўлены 18 свідравін наносу, вельмі магутных, бо вада спампоўваецца з берага на выспу. Калісьці для пракладкі трубаправода гэтага фантана высушылі рэчышча возера. Таму ўсёй гэтай тэхніцы патрэбны перадышкі, рамонты, беражлівыя адносіны.

Як жа заўтра будуць уключаць фантаны? Частку запусцяць дыстанцыйна праз камп’ютарныя праграмы, далей яны ў запраграмаваным рэжыме будуць уключацца-выключацца па графіку. Некаторыя больш старыя мадэлі запусцяць аднаразова ўручную — для далейшай работы ў іх ўстаноўлена рэле часу.

— Кожны фантан індывідуальны. Праектаваліся яны ў розны час рознымі арганізацыямі. Таму фантаны, якія стаяць побач, могуць быць зусім рознымі нават у помпавай камеры, — кажа Уладзімір Бабіўскі. 

kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter