Цэлая скарбонка новых ідэй. У тым ліку - для рэгіёноў

Пасля рэстаўрацыі адбылося афіцыйнае адкрыццё Радзівілаўскага палаца, тут жа ладзіўся і першы форум драматычных тэатраў «Тэатр Уршулі Радзівіл». А 10 лістапада ў замку стартуе новы праект — «Палацавы баль у Нясвіжы», расказаў на ўрачыстым пасяджэнні міністр культуры Павел ЛАТУШКА.

Не выпадкова, што ўрачыстае пасяджэнне з нагоды Дня работнікаў культуры прайшло ў культурнай сталіцы Беларусі 2012 года — Нясвіжы, які стаў сёлета эпіцэнтрам значных падзей

Пасля рэстаўрацыі адбылося афіцыйнае адкрыццё Радзівілаўскага палаца, тут жа ладзіўся і першы форум драматычных тэатраў «Тэатр Уршулі Радзівіл». А 10 лістапада ў замку стартуе новы праект — «Палацавы баль у Нясвіжы», расказаў на ўрачыстым пасяджэнні міністр культуры Павел ЛАТУШКА.

ПАДЧАС віншаванняў узнагародзілі працаўнікоў на ніве культуры. Таксама Павел Латушка паведаміў, што за значныя поспехі ў прафесійнай дзейнасці ганаровае званне «Народны артыст Беларусі» прысвоена вядучым майстрам сцэны Вялікага тэатра оперы і балета Вользе Гайко і Людміле Кудраўцавай, вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя янкі Купалы Сяргею Жураўлю, а таксама такім званнем адзначана дырэктар Беларускага дзяржаўнага цырка Таццяна Бандарчук. Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны кампазітар Леанід Захлеўны, дэкан тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў Уладзімір Мішчанчук, выкладчык Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ Уладзімір Перлін, мастак Васіль Цумараваў, асістэнт балетмайстра Дзяржаўнага ансамбля «Харошкі» Фёдар Балабайка і  іншыя.

РЭФОРМА заканадаўства сферы культуры таксама не засталася па-за ўвагай. Міністр культуры Павел Латушка распавёў, што на 2013 год ініцыіруюцца змены ў законы аб бібліятэках і бібліятэчнай справе, аб народнай творчасці і народных промыслах. Ідзе праца над праектам Кодэкса аб культуры. І, дарэчы, з 2013 года выканаўцы па правядзенні культурных мерапрыемстваў з бюджэтнай падтрымкай будуць вызначацца на конкурснай аснове. Гэта паспрыяе павышэнню творчага і арганізацыйнага ўзроўню культурных мерапрыемстваў.

АСАБЛІВАЙ УВАГІ заслугоўвае культурнае развіццё рэгіёнаў, адзначыў міністр. А культура там прадстаўлена не толькі ўжо знакамітымі «Белай вежай» і «Ружанскай брамай» у Брэсцкай вобласці, «Славянскім базарам», «Звіняць цымбалы і гармонік» Віцебскай, «Зовом Полесья», «Аўцюкі» і «Берагіня» Гомельскай, але і Фестывалем нацыянальных культур Гродзенскай, фестывалем беларускай песні і паэзіі Мінскай абласцей і г. д. А таксама «Дажынкамі», якія штогод мяняюць «прапіску». Праектаў шмат, многія сталі візітоўкамі пэўнага рэгіёна, у выніку расце да іх цікавасць. Да таго ж у рэгіёнах адчыняюцца і аднаўляюцца ўстановы культуры. Так, за апошні год у Свіслачы адкрылася Дзіцячая школа мастацтваў, у Оршы, Брагіне — бібліятэкі, у Гомелі — інтэрнэт-бібліятэка, у Глыбокім — Дом культуры, а таксама сельскія клубы, раённыя і гарадскія дамы культуры ў кожнай вобласці.

ЯК СТАЛА ВЯДОМА са слоў Паўла Латушкі, да канца 2013 года тэатры краіны прывядуць у належны стан. А да новага года першачарговая задача — завяршыць рэканструкцыю Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы і Гродзенскага абласнога тэатра лялек. У наступным годзе павінны дабудаваць і рэканструіраваць Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, Слонімскі беларускі драматургічны і Брэсцкі абласны тэатр лялек. Дарэчы, сёлета 19 лістапада падвядуць вынікі II Нацыянальнай тэатральнай прэміі, на атрыманне якой прэтэндуюць 16 беларускіх тэатраў.

НОВЫХ ІДЭЙ — цэлая скарбонка. Сёлета падчас міжнароднага фестывалю «Беларуская музычная восень» адбудзецца новы прэм’ерны праект — «Беларусы свету». У ім прымуць удзел выдатныя музыканты-землякі, якія працуюць за межамі Беларусі. Адной з цэнтральных падзей года стане выстава «Першае Мінскае трыенале сучаснага мастацтва», што пройдзе ў канцы лістапада і прадэманструе багацце і разнастайнасць накірункаў сучаснага мастацтва Беларусі. Удзел у трыенале прымуць і мастакі з рэгіёнаў Беларусі, а таксама Расіі, Сербіі і Польшчы. На наступны год запланаваны ўдзел нашай краіны з нацыянальным павільёнам на алімпійскіх гульнях выяўленчага мастацтва — Венецыянскім біенале.

ПАД ЗНАКАМ ТРОХ ЮБІЛЕЯЎ — Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка праходзіць сёлета культурнае жыццё краіны. Ушанаванне іх памяці адзначана самымі яркімі падзеямі не толькі ў Беларусі. Напрыклад, у гэтым годзе ў Вільнюсе ўстановяць памятную дошку Якубу Коласу, адновяць памятную дошку Янку Купале. А што тычыцца міжнародных сувязяў, у 2012 годзе Дні культуры Беларусі прайшлі ў Катары, Туркменістане, Санкт-Пецярбургу, а Дні культуры Катара, Азербайджана— у Беларусі. У верасні ў Літве стартавалі Дні культуры Беларусі, якія завершацца напрыканцы бягучага месяца. 29—30 кастрычніка пройдуць Дні культуры Ізраіля ў Беларусі, а на пачатак лістапада запланаваны Дні культуры Беларусі ў Кітаі. 2013 год павінен парадаваць Днямі культуры Расіі ў Беларусі, а Беларусі — у Азербайджане, Літве, Турцыі і Ізраілі.

5555 — менавіта столькі аб’ектаў маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. У гэтым годзе распачата рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі» на 2012—2018 гады, якой прадугледжана выкананне работ на 38 помніках. Сёлета работы праводзяцца на 20 аб’ектах. Распрацоўваецца праектная дакументацыя на правядзенне кансервацыі замкаў у Крэве, Навагрудку, Гальшанах. Сродкі мясцовых бюджэтаў накіраваны на кансервацыю замкавых муроў і добраўпарадкаванне тэрыторый замчышчаў у Быхаве, Геранёнах, Суражы, Браславе і інш. У 2013 годзе актывізуюцца работы па рэстаўрацыі Навагрудскага, Крэўскага і Ружанскага замкаў. Асаблівая ўвага і Лідскаму замку, і ўнікальнаму сядзібнаму дому ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна.

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

P.S. «БН» віншуе ўсіх-усіх работнікаў культуры з прафесійным святам!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter