Цэлае складваецца з частак

Мінская вобласць вызначыла рэзервы для далейшага росту ВРП

Міншчына вызначыла рэзервы для далейшага росту валавога рэгіянальнага прадукту

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця сталічнага рэгіёна падведзены на чарговым пасяджэнні Мінаблвыканкама. За першае паўгоддзе вобласць забяспечыла выкананне трох прагнозных паказчыкаў з пяці.

Як паведаміў старшыня камітэта эканомікі Дзмітрый Паўловіч, не дасягнуты паказчыкі па тэмпах росту ВРП і экспарце тавараў. Аб’ём валавога ўнутранага прадукту за паўгадавы перыяд склаў у бягучых цэнах 37,6 трлн. рублёў і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім у супастаўных цэнах на 2,2 %. У той час, як прагноз прадугледжваў яго рост на 8 %. Сярод прычын невыканання гэтага паказчыка было названа зніжэнне аб’ёмаў дададзенай вартасці прадукцыі прадпрыемствамі апрацоўваючай прамысловасці — 98,4 % да адпаведнага мінулагодняга перыяду пры ўдзельнай вазе ў ВРП 43,7 %. Дзмітрый Паўловіч падкрэсліў, што ў чэрвені тэмп росту быў істотна павялічаны, але гэта пакуль не дазволіла перакрыць ранейшае адставанне. Сваю лепту ў невыкананне прагнозу ўнеслі два прамысловыя гіганты вобласці: ААТ “Беларуськалій” і “БелАЗ” знізілі аб’ёмы вытворчасці.

— Пытаннем нарошчвання ВРП трэба займацца сістэмна. Калі два асноўныя прадпрыемствы “мінусуюць”, то трэба шукаць дадатковыя рэзервы для кампенсацыі гэтага недабору. Мы павінны зменшыць уплыў прамысловасці на фарміраванне ўнутранага рэгіянальнага прадукту, — адзначыў старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура, падкрэсліўшы невысокую ўдзельную вагу ў ВРП рознічнага тавараабароту, будаўніцтва, транспарту і сувязі.

Па перакананні кіраўніка сталічнага рэгіёна, павысіць свой уклад у фарміраванне асноўнага паказчыка сацыяльна-эканамічнага развіцця павінен і аграпрамысловы комплекс, куды ўкладваюцца немалыя грошы з абласнога бюджэту.

— Акрамя ўсяго іншага, у гэтую галіну, як ні ў якую іншую, мы вельмі баязліва запускаем прыватны сектар. Як правіла, прыватныя сельгаспрадпрыемствы, за вельмі невялікім выключэннем, дэманструюць зусім іншую эфектыўнасць работы, — падкрэсліў ён.

Наступным рэзервам, як ўпэўнены Барыс Батура, павінна стаць рэгіянальнае развіццё:

— Мы павінны забяспечыць раўнамернасць развіцця тэрыторый, бо на сёння даводзіцца канстатаваць, што рэгіёны, блізкія па ўсіх параметрах, паказваюць зусім розныя вынікі. Камітэт эканомікі, як штаб па каардынацыі дзеянняў, павінен строга кантраляваць і рэгуляваць гэтыя працэсы.

Больш упэўнена ў нарошчванні тэмпаў ВРП стаўку трэба рабіць на стварэнне новых высокатэхналагічных прадпрыемстваў. Як канстатаваў Дзмітрый Паўловіч, заданне па стварэнні такіх прадпрыемстваў не выконвае шэраг раёнаў.

— Усе рэгіёны павінны больш увагі надаваць развіццю вытворчай сферы, а таксама актывізавацца ў накірунку стварэння новых вытворчасцей, — падкрэсліў ён. Па інфармацыі старшыні камітэта эканомікі, у першым паўгоддзі ў вобласці пачалі сваю дзейнасць 177 новых прадпрыемстваў, але большасць з іх з невялікай колькасцю працуючых. У цэлым жа перад вобласцю пастаўлена задача стварыць у кожным раёне 10 прадпрыемстваў з 50 рабочымі месцамі. Зараз іх створана 11, і, як правіла, яны дэманструюць нядрэнныя вынікі сваёй дзейнасці.

— Так, у якасці прыкладу можна прывесці сумеснае ЗАТ “БелДжы” ў Барысаве і сумеснае ТАА “М-Стандарт” у Мінскім раёне. Чакаецца, што абодва гэтыя прадпрыемствы па выніках года дадуць у агульны аб’ём прамысловай прадукцыі звыш 160 млрд. рублёў, — сказаў ён.

У цэлым жа, як было падкрэслена на пасяджэнні, вынікі работы вобласці фарміруюцца яе рэгіёнамі. Таму іх кіраўнікам і кіраўніцтву абласных арганізацый неабходна ўзмацніць свой уплыў на гэты працэс.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter