Царская справа. Унікальны абрад з Капыльшчыны ўнесены ў спіс ЮНЕСКА і можа прывабіць турыстаў з усяго свету

Звычай “Калядныя цары” ўжо ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Сусветнае значэнне даўняй традыцыі прызналі на чацвёртай сесіі Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая прайшла напярэдадні ў Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).

“Калядныя цары” ўнесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА невыпадкова. Звычай гэты ўнікальны па дзвюх прычынах. Па-першае, у ім удзельнічаюць толькі маладыя мужчыны (так званыя “цары”). Па-другое, распаўсюджаны звычай толькі ў адным месцы планеты — у вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці.
У час рытуалу хлопцы апранаюцца ў спецыяльныя строі (белыя нагавіцы ды кашулі). Кожны “цар” на грудзях завязвае чырвоныя паясы з геаметрычным арнаментам. На галовах удзельнікаў — высокія шапкі з рознакаляровымі стужкамі. Працэсія “цароў” на Шчодры вечар (ноч Старога Новага года — 13/14 студзеня) наведвае дамы сялян, разыгрывае перад імі драму “Цар Максімільян”. Пасля паказу калядоўшчыкаў частуюць. Калі становіцца зусім цёмна, “цары” запальваюць паходні, што надае абраду незвычайную відовішчнасць.
Як адзначыла Наталля Хвір, загадчык сектара ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры, уключэнне ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны — гэта не толькі гонар для краіны. На захады па захаванні каштоўнасці ЮНЕСКА можа вылучыць значныя фінансавыя сродкі.
Ад Беларусі абрад прадстаўляла перад ЮНЕСКА Ала Сташкевіч, спецыяльны эксперт, накіраваны ў Арабскія Эміраты міністэрствамі культуры і замежных спраў.
— Наша краіна адна з першых падпісала яшчэ ў 2003 годзе канвенцыю аб нематэрыяльнай культурнай спадчыне і да наступнага года ўваходзіць у адпаведны камітэт ЮНЕСКА, — расказвае Ала Барысаўна, якая толькі што вярнулася з Абу-Дабі. — Спачатку меркавалася, што ад Беларусі будзе прапанаваны на зацвярджэнне калядны абрад. Аднак пасля стала відавочна, што лепш яго падаваць як агульную з украінцамі спадчыну — у нас многа агульнага ў гэтай традыцыі. А вось звычай “Цары” — толькі беларускі, а што робіць яго больш каштоўным для чалавецтва — распаўсюджаны ў адной-адзінай вёсцы.
Абрад з Капыльшчыны даследавалі этнограф Таццяна Кухаронак, журналіст Рэгіна Гамзовіч і загадчык кафедры Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў Вячаслаў Калацэй.  Як адзначыла Ала Сташкевіч, якая таксама вывучала звычай, яго адметнасць у тым, што “Цары” — маладзёжнае свята. І сучасная моладзь актыўна працягвае традыцыю продкаў. Усяго ў Семежаве жыве 800 чалавек, і гэта зарука таго, што старажытная традыцыя не перапыніцца.
Але як і кожнаму архаічнаму абраду, “Царам” можа рана ці позна пагражаць знікненне. Таму плануецца, што калі ЮНЕСКА выдзеліць грошы (25 тысяч, а то і болей долараў), у Семежаве з’явіцца музей рэдкага абраду, будуць падрыхтаваны спецыяльныя буклеты, зняты фільм.
Тым часам плануецца скласці папярэдні спіс іншых аб’ектаў нематэрыяльнай спадчыны ад нашай краіны, якія могуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА. Сярод такіх унікумаў, лічыць Ала Сташкевіч, могуць быць звычай пакланення абразу Божай Маці ў Будславе, традыцыя ткання ручнікоў у Неглюбцы, саломапляценне.
Што да “Калядных цароў”, то неўзабаве апісанне абраду з’явіцца на сайце ЮНЕСКА і даўні беларускі звычай стане вядомы на ўвесь свет. Магчыма, гэта паспрыяе і прытоку турыстаў у нашу краіну, і ў прыватнасці на Капыльшчыну.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter