Цаглiнка Перамогi

Жартуюць, што Астравец – зямлi канец. Затое ён стаў пачаткам незалежнасцi Беларусi

Жартуюць, што Астравец – зямлi канец. Затое ён стаў пачаткам незалежнасцi Беларусi

Так склалася, што беларуская сталiца i сцiплы раённы гарадок Астравец вызвалiлi ад гiтлераўскiх захопнiкаў у адзiн дзень. Гэта стала святочнай датай ачышчэння ад ворага ўсёй нашай зямлi. Таму такiя няроўныя па геаграфiчным i сацыяльным статусе населеныя пункты могуць у роўнай ступенi называць сябе «сталiцамi вызвалення». Непасрэдным удзельнiкам тых далёкiх падзей быў вядомы беларускi партызан, а сёння заслужаны работнiк культуры Беларусi член прэзiдыума Вiцебскага абласнога савета ветэранаў Iван МАНДРЫК. З нагоды Дня незалежнасцi i вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў ён адказаў на некалькi пытанняў «Р».

— Сёння ўвогуле цяжка адшукаць партызана, якi б удзельнiчаў у барацьбе з гiтлераўскiмi захопнiкамi з першых дзён вайны. У вас, Iван Адамавiч, гэта цi не адзiн з самых ганаровых бiяграфiчных запiсаў?

— Афiцыйна я лiчуся ўдзельнiкам партызанскага руху на Беларусi са жнiўня 1941 года. Iншая справа, што спачатку супрацiўленне было не надта арганiзаваным. Аднак з кожным днём мы набiралiся вопыту, гуртавалi свае рады. У прыватнасцi, з моладзi Сар’янскага падполля сфармiраваўся адным з першых у былым Дрысенскiм раёне (зараз гэта Верхнядзвiнскi раён Вiцебшчыны) партызанскi атрад iмя Пархоменкi – славутага героя Грамадзянскай вайны. На базе атрада ў далейшым быў створаны асобны партызанскi батальён, а з яго – брыгада iмя ЦК КП(б) Беларусi. Ужо ў 19-гадовым узросце мне даверылi пасаду начальнiка штаба партызанскага атрада. Тады рана сталелi. Чалавечы ўзрост не заўсёды супадаў з тым, што запiсаны ў пашпарце.

— Як атрымалася, што 3 лiпеня стала апошняй бiтвай за незалежнасць Беларусi?

— Па вялiкiм рахунку, гэта заслуга ўсенародная. Асабiста мне давялося ваяваць больш на тэрыторыi Вiцебшчыны. А вясной 1944 года на полацка-лепельскую партызанскую зону лiтаральна навалiлася ўся гiтлераўская сiла. Нават у падручнiках па гiсторыi шмат расказваецца пра варожую блакаду, i тут я не стану паўтарацца. Скажу толькi, што наша брыгада, хоць i моцна стомленая i патрапаная ў баях з карнiкамi, выйшла з прарыву ў Нарачанскi край. Вось тут, на тэрыторыi Астравецкага раёна, мы з налёту разграмiлi варожыя гарнiзоны ў Мiхалiшках, Варнянах, iншых мястэчках.

Пераможны рэйд настолькi ўзняў дух, што нашы партызаны замахнулiся на ўвесь астравецкi фашысцкi гарнiзон. Хаця мясцовыя жыхары папярэджвалi: вораг даволi шматлiкi i выдатна ўзброены, вам, стомленым у бясконцых баях i паходах, наўрад цi па сiлах будзе такi «арэшак». Тое ж пацвердзiла i наша разведка.

Тады партызаны пайшлi ў бой днём, калi ворагi менш за ўсё гэтага чакалi. Што вы думаеце? Элемент нечаканасцi спрацаваў на нас. Зусiм па-сувораўску: «Смеласць гарады бярэ!» А самае галоўнае, дзёрзкая партызанская аперацыя не дазволiла гiтлераўцам прывесцi ў дзеянне злавесны план знiшчэння мiрнага насель-нiцтва. Якраз 3 лiпеня 1944 года мы ўзялi Астравец як апошнюю кропку на захадзе нашай акупiраванай радзiмы!

— Усё роўна як дамовiлiся з Мiнскам нанесцi скрышальны ўдар! А далей гналi ворага за мяжой?

— Не зусiм так. Фашыстаў дабi-валi i ў iншых гарнiзонах. Камандаванне нашай брыгады адправiла трох кур’ераў у Вiлейку. Там павiнны былi сабрацца камандзi-ры ўсiх партызанскiх брыгад i злучэнняў. Пасламi ад нашай брыгады сталi я, Пятро Стронiн i Рыгор Салавей. Ускочылi мы на коней-рысакоў i паiмчалi ў Вiлейку.

Калi перабралiся на левы бераг ракi Вiлii, даведалiся, што па дарозе з Маладзечна на Смаргонь рухаюцца рэгулярныя часцi савецкiх войск. Радасцi не было межаў! А ў самой Вiлейцы нас сустрэў Пятро Машэраў – у той час сакратар Вiлейскага падпольнага абкома камсамола.

— Якiя вашы асабiстыя ўражаннi пра Машэрава?

— Вельмi цёплыя. Мы асабiста ведалi адзiн аднаго. Неаднаразова бываў ён у якасцi кiраўнiка Вiлейскага падпольнага абкома камсамола ў нашай партызанскай брыгадзе. Самае цiкавае, што пасля вызвалення Беларусi Пётр Машэраў працягваў кiраваць абкомам камсамола – ужо не падпольным. I мне давялося працаваць пад яго кiраўнiцтвам.

— Дазвольце, шаноўны Iван Адамавiч, завяршыць нашу размову на жартоўнай ноце. Iснуе выраз: «Астравец – зямлi канец». Гэты невялiкi гарадок стаў сiмвалам канца беларускай аперацыi па разгроме фашыстаў у Беларусi. А паколькi i вы прымалi ў ёй удзел, то цi падтрымлiваеце якiя сувязi са «сталiцай незалежнасцi»?

— Прыемна, што астраўчане мяне самi адшукалi. Калi ў 2004 годзе Астравецкi раён выдаў кнiгу-хронiку «Памяць», то мне прыслалi важкi том у падарунак. Як аднаму з вызвалiцеляў Астравецкага раёна з адпаведным надпiсам-падзякай. А газета «Астравецкая праўда» апублiкавала мае ўспамiны пра тыя незабыўныя падзеi. I мне прыемна паказваць родным, унукам i сябрам змешчаны пра мяне артыкул у кнiзе-хронiцы «Памяць» Астравецкага раёна. I няхай сабе жартуюць, што Астравец – зямлi канец. Затое ён — пачатак нашай незалежнасцi, адна з «цаглiнак» у будынак Вялiкай Перамогi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter