Ці здзяйсняюцца беларускія праклёны?

Памятаю, калі я, малая, незнарок перакульвала слоік з малаком, упускала, не дагледзеўшы, курэй у агарод ці якую яшчэ шкоду ўчыняла, бабуля тут жа кідала мне: “А каб цябе качкі стапталі!” Канечне, я крыўдзілася. Я ж рабіла ўсё гэта ненаўмысна! Крыўдзілася, пакуль не падрасла і не зразумела, гледзячы на маленькіх качак, што вялікай бяды ад іх быць не можа і што бабуля зусім не жадала мне “адпомсціць”, а проста, кажучы сучаснай мовай, выпускала пару.

Памятаю, калі я, малая, незнарок перакульвала слоік з малаком, упускала, не дагледзеўшы, курэй у агарод ці якую яшчэ шкоду ўчыняла, бабуля тут жа кідала мне: “А каб цябе качкі стапталі!” Канечне, я крыўдзілася.

Я ж рабіла ўсё гэта ненаўмысна! Крыўдзілася, пакуль не падрасла і не зразумела, гледзячы на маленькіх качак, што вялікай бяды ад іх быць не можа і што бабуля зусім не жадала мне “адпомсціць”, а проста, кажучы сучаснай мовай, выпускала пару. Цікава, такія пяшчотныя праклёны пасылала толькі мая бабуля ці ўсе беларусы былі мяккімі на слоўца нават у парыве злосці?

Вядома, дзядулям нашым і бабулям і так жылося несалодка. А што казаць, калі пад нагамі круціўся ды перашкаджаў рабіць справу які кот, дзіця альбо сусед? Як тут было стрымацца! Вось і сыпаліся праклёны — самага рознага кшталту. Жартоўныя часцей адрасоўваліся дзецям. Вымаўляючы іх, ніхто не жадаў нікому злога. Яны давалі выхад хвіліннай запальчывасці і пераводзілі негатыўныя эмоцыі ў смех: “а бадай цябе качкі стапталі”, “каб цябе дождж памачыў”, “каб ты сонца ўначы не бачыў”, “каб ты на беразе ўтапіўся”, “каб ты на вадзе спёкся”. Якая ад іх магла быць шкода? Несапраўдныя праклёны, падобныя да жартоўных, таксама часцей за ўсё гаварылі дзецям: “халера каб цябе ... не ўзяла”, “каб табе добра было”. Такі “праклён”, згадзіцеся, нават прыемна пачуць. Бытавыя праклёны ўжываліся, каб зняць непрыемныя ўражанні, звязаныя з жывёламі ці нежывымі прадметамі: “ай, мышкі, як жа кут згрызлі, каб вам зубкі папухлі”.

Былі і больш сур’ёзныя, так званыя ўласна праклёны. Давялося патрымаць у руках кнігу 1893 года вядомага фалькларыста Паўла Шэйна, даследчыка культуры Паўночна-Заходняга краю. Аўтар уражаны, што акрамя казак, прымавак, загадак беларусы ведаюць так шмат праклёнаў. Асабліва ў Гродзенскім, Пружанскім і Кобрынскім паветах. На кожны выпадак у іх знаходзіцца трапнае выслоўе. Вось, напрыклад, калі хто чуў нагаворы на сябе, адразу ж выпальваў: “каб яму язык выперла, як гэта было праўда”; “каб яму вочы лопнулі”; “каб ён увесь счарнеў, як ён мяне нявіннага чарніць”. Былі і ўніверсальныя фразачкі: “каб цябе зямля не насіла”, “каб ты смалы напіўся”, “каб табе ручкі ў кручкі, ножкі — у качарожкі”. Дарэчы, часткі цела чалавека часцей за ўсё ўзгадваюцца ў праклёнах: “каб ты без  галавы хадзіла”; “каб праз твае вушы  вецер свістаў”; “каб табе сава вочы выела”; “каб у тваёй  губе рапухі поўзалі”. Шчыра кажучы, не вельмі прыемныя фразы. Але казаліся яны, як правіла, ненаўмысна —  пад гарачую руку. У народзе баяліся такіх выслоўяў і таму часам карысталіся фармальнымі праклёнамі. Пакрыўджаная асоба проста рабіла выгляд кляцьбы: “а няхай цябе, няхай”; “каб жа яго да бадай жа яго”.

Іншая справа — праклёны розных вядзьмарак і чараўнікоў, якія жадалі тым, хто іх патрывожыў, сапраўднай хваробы ці нават смерці: “каб твае трыбухі на платах сушыліся”; “каб твае вантробы парвала”; “каб ты, божа дай, так збялеў, як тая сарочка бела”; “што б ты лопнуў ды покнуў”. Народ вельмі асуджаў  злосныя і “смяртэльныя” праклёны, асабліва калі яны былі скіраваны на дзяцей ці сваіх бацькоў. Калі здаралася пачуць у свой адрас падобныя выслоўі, карысталіся замовамі, так званымі адкляццямі: “на сваю галаву!” ці “на сухі лес будзе сказана”.
Часам праклёны можна прачытаць у народных песнях. У асноўным яны адрасаваны жорсткім панам, якія прымушалі людзей шмат працаваць:

Бадай пана не схавалі,
Каб сабакі разарвалі.
Пахавалі пры даліне,
Каб па яму ваўкі вылі.
Бадай пана громы ўбілі,
Як мы ручкі патамілі.

Няўжо беларусы былі такія злапамятлівыя?! Па праўдзе, нашы продкі верылі, што праклёнавыя  выслоўі, якія валодаюць адмоўным значэннем, здольны ўздзейнічаць на людзей у процілеглым напрамку і нават змяняць паводзіны і характар тых, хто іх пакрыўдзіў ці раззлаваў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter